Жарты ў гэтым парадыйным канале часам настолькі нагадваюць рэальнасць, што іх рэпосцяць сабе афіцыйныя паблікі дзяржаўных СМІ. І ў выніку афіцыйны тэлеграм-канал «СБ. Беларусь сегодня» мае ўсяго каля 800 падпісантаў, а парадыйны, «Советская Белоруссия», — больш за 18 тысяч. Прытым што апошні існуе з кастрычніка 2019 года і вядзе яго адзін чалавек.

    Мы пагутарылі з адмінам «Советской Белоруссии».

    На жаль, у абставінах, калі адмінам некаторых тэлеграм-каналаў шыюць крымінальныя справы (як у выпадку з Ігарам Лосікам) і аб'яўлена адкрытае паляванне на блогераў, сваё прозвішча ў мэтах бяспекі наш суразмоўца вырашыў не называць. Прадставіць нашага героя можна наступным чынам: Сяргей, рабочы, крыху больш за 30 год.

    — Вы памятаеце першы пост у канале?

    — Першая навіна была такая: «Беларусь вышла из договора по сокращению количества яиц в лотке». І варта адзначыць, што спачатку канал называўся ШUТ.BY. Я публікаваў навіны ў выглядзе кароткіх загалоўкаў без ілюстрацый і відэа. Доўгі час гэта быў нібыта мой нататнік для запісаў, канал ніяк не раскручваўся. Праўда, пазней я зрэдку пачаў укідваць свае псеўданавіны ў розныя чаты, больш дзеля забавы. Часцяком мяне банілі за рэкламу, хаця я пра яе нават ніколі не думаў.

    — А як вы тады раскруціліся?

    — Да лета 2020-га на канал было падпісана каля 50 чалавек, запісы здараліся нерэгулярна. Аднойчы ў прыват мне прыйшло паведамленне ад нейкага ананімнага хлопца, якому спадабаўся праект. Ëн самастойна, без маіх просьбаў, стаў яго ўсюды піярыць і раскручваць. Не ведаю навошта. І вось з таго моманту пайшло-паехала.

    Калі колькасць удзельнікаў дасягнула 500 ці 1000, я вырашыў правесці глабальны рэбрэндынг і змяніў канцэпт на «Советскую Белоруссию» з адпаведнай стылістыкай. Стаў пісаць часцей і ярчэй. На маё здзіўленне, падпісанты сталі хутка дадавацца, а я проста працягваў пісаць для сябе, для душы.

    — Хто працуе над каналам?

    — Ніхто. Гэта не месца для працы, а месца адпачынку. Эксклюзіўна для вас адкрыю таямніцу: аўтар адзін. І я са сферы, зусім далёкай ад журналістыкі ці гумару, — звычайны шэры рабочы.

    Праз тое, што я адзін, вылазяць, канечне, хібы. Я часцяком дапускаю памылкі. З пунктуацыяй — увогуле бяда. Таму, грамар-нацы, прабачце мне. Я стараюся. А праз адсутнасць цэнзараў часам я таксама магу пераігрываць, перажартаваць. Ці занадта жорстка прайсціся па кімсьці. Але ёсць такія жарты, ад якіх проста немагчыма ўстрымацца.

    — Але ў вас добрае пачуццё гумару?

    — Я вельмі шмат чытаю, гэта пашырае далягляд і дазваляе выцягваць з галавы кавалкі ідэй для навін. Пачуццё гумару ў мяне досыць спецыфічнае, на аматара. Гэта хутчэй вынік маёй замкнёнасці і сацыяфобіі.

    Але, строга кажучы, у нашай краіне ўсё жыццё ператварылася ў адзін вялікі жарт, таму нічога прыдумляць і не трэба. Узяць тую ж забарону на плясканне ў далоні — гэта што? Гумар ці рэальнасць? У Беларусі досыць проста спакаваць рэальнасць у тэкст — вось вам і жарт.

    — Аднак тое, што мы бачым у канале, канкрэтная іронія, як гэта нараджаецца?

    — Каб быць у тэме, я вельмі шмат чытаю. Вельмі. Заўсёды.

    Большасць жартаў — гэта рэакцыя на актуальныя падзеі. Тут усё проста: мяняеш месцамі словы, дадаеш крыху фантазіі, гратэск — гатова!

    Частка жартаў вылоўліваецца з віртуальнага эфіру. Нехта напіша ў чаце канала ці яшчэ ў нейкім пабліку смешнае слова ці сказ, запосціць малюнак — і з гэтага матэрыялу з’яўляецца навіна.

    Яшчэ навіны дасылаюць самі падпісанты, праз бот. Большасць з іх — жудасныя. Таксама мне туды шлюць праклёны і абразы, з якіх раней я рабіў калажы. Так, некаторыя людзі шчыра вераць у праўдзівасць некаторых навін і закіпаюць.

    Увогуле навіны з’яўляюцца на хаду. Іду ў краму — пстрык! Ідэя! Напісаў. Сяджу гляджу фільм — лясь! Навіна гатовая. Але найлепшыя навіны нараджаюцца ў туалеце. Прабачце за шчырасць, але гэта факт.

    — Якія канкрэтныя пагрозы прыляталі ў ваш адрас?

    — Стандартныя для інтэрнэт-прасторы пагрозы кшталту «вылічыць па IP». Ад СБ ніякіх пагроз не было: мы ж калегі! Больш за тое, да нас у чат прыходзіў сапраўдны Андрэй Мукавозчык, і мы міла пагутарылі за жыццё. Быў у нас і Косця Прыдыбайла, таксама ўсё мірна прайшло.

    — Але ў мэтах бяспекі для вас важная ананімнасць?

    — Я не шукаю славы. Я добра ведаю, дзе жыву, выдатна разумею, што жарты ў Беларусі можна кваліфікаваць як спробу дзяржаўнага перавароту. Гэта не жарт, хоць і выглядае як жарт.

    Можа, вы дачакаецеся майго прозвішча ў адной са зводак МУС ад прэс-сакратаркі Вольгі Чамаданавай.

    — Які пост стаў самым папулярным за ўвесь час?

    — Я не адсочваю статыстку, бо для мяне канал — гэта пра творчасць. Я не планую яго камерцыялізаваць ці неяк асаблівым чынам развіваць.

    Магу сказаць толькі па памяці, што лепш за ўсё заходзілі навіны, найбольш набліжаныя да рэальнасці. У гэтым плане найлепшым правадніком навін у свет з’яўляецца тая ж Вольга Чамаданава. Часта людзі вераць менавіта ёй, разносяць па чатах і пабліках, жыва абмяркоўваюць.

    Вось нядаўна нават на радыё высвятлялі, ці не фэйкам была навіна пра «ідэалагічна правільную колеравую гаму бялізны на балконах». У чым прычына? Відавочна, у тым, што самая неверагодная дурасць у нашай краіне робіцца быллю. Сціраецца мяжа паміж праўдай і выдумкай. Пост-праўда захоплівае наш свет. Ды і банальна: ніхто не чытае першакрыніцы. Гэта стала прычынай таго, што мой пост пра Ніну Багінскую, якая запіхвае ў свой бус амапаўца, рэпоснула Агенцтва тэленавін. А можа, за іх навіны абіраюць куратары. Ці гэта нейрасетка абірае іх, згодна з ключавымі словамі. Ці яны спецыяльна выкарыстоўваюць мае пасты для прапаганды. Тут нічога новага. Так рабіў, напрыклад, спадар Салаўёў.

    — Як вы ставіцеся да таго факта, што афіцыйны канал СБ чытае менш за тысячу чалавек, а вас — больш за 18? Што пажадаеце «калегам», каб вас дагнаць?

    — Магу адказаць проста: яны пішуць х**ю.

    Справа ў тым, што там людзі «працуюць», а я адрываюся. Яны выконваюць, а я кайфую. У іх рамкі, а я вольны. Ды і адсталі яны ад часу. Безнадзейна. Пісаць навіны ўзроўню брэжнеўскага застою і спадзявацца на папулярнасць — так сабе ідэя. Ратуе толькі прымусовая падпіска, з якой у інтэрнэце складаней.

    У афіцыйнай «СБ» ёсць толькі адзін круты аўтар — гэта Андрэй Мукавозчык. Проста інфатанк! Натхняюся ім. Залатое пяро! Калі б усе навіны пісаў толькі ён, ды ў сваім стылі, то «СБ» за месяц абагналі б «Нехта».

    Увогуле, мне вельмі падабаюцца дзяржаўныя СМІ. Яны самабытныя ў сваёй выродлівасці. Хоць цяпер да іх прыйшлі тэхнолагі RT і ўсё паламалі.

    — Ці выходзіце вы цяпер на акцыі? Ці пацярпеў нехта з вашых блізкіх да ці пасля выбараў?

    — Выходжу. Я ад прыроды цікаўны, і прапускаць такія эпахальныя з'явы нельга. Навошта я выходжу? Таму што я беларус. Але ўсё ж у мяне іншы шлях: я помшчу ля станка.

    Што тычыцца блізкіх, фізічна ніхто не пацярпеў. А вось ментальна — так. Частка сваякоў апынулася па іншы бок барыкад. Але гэта нармальна. Ва ўсіх свая праўда.

    — І ўсё ж ці ёсць у вашага канала звышідэя?

    — Канал увесь час эвалюцыянуе. Ад нататніка з асабістымі мемамі да фармавання рэальнасці. У свеце ёсць падобныя рэчы: The Onion (ЗША), ІА «Панарама». Мне не хацелася б іх слепа капіяваць. Стратэгіі ніякай няма, у гэтым усё хараство. Але ёсць асабістае. Для мяне канал стаў сапраўднай лабараторыяй, дзе я часам дзіўлюся, што людзям заходзіць, а што не. Бывае, пішаш складаную, чатырохузроўневую навіну-жарт — і нічога. А пасля адной рукой выдасі якую недарэчнасць — і ўсе ў захапленні. Акрамя таго, цікава назіраць за тым, як грамадства заглынае тлустыя фэйкі. Пачынаеш з жахам разумець, як усё запушчана. Можа быць, дзякуючы «Советской Белоруссии» людзі стануць надаваць больш увагі інфармацыйнай гігіене. Але я ведаю, што не стануць (пасміхаецца).

    Клас
    0
    Панылы сорам
    0
    Ха-ха
    0
    Ого
    0
    Сумна
    0
    Абуральна
    0

    Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?