Фота з сустрэчы ў Чарнігаве 20 студзеня, president.gov.ua
Лукашэнка і Юшчанка сустрэнуцца 6 траўня ў Гомелі. Тэмай перамоваў будзе праграма ЕС «Усходняе партнёрства», да ўдзелу ў якой запрошаны Беларусь і Украіна. Юшчанка пасля гэтага паедзе ў Прагу, Лукашэнка — не.
Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі адбудзецца 6 мая ў Гомелі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс‑службе ўкраінскага прэзідэнта.
«Будзе такі ж дакладна фармат, які быў на сустрэчы ў Чарнігаве — двухбаковая сустрэча, а потым сустрэча ў пашыраным складзе. Пасля гэтага, хутчэй за ўсё, адбудзецца сумесная прэс‑канферэнцыя», — сказаў супрацоўнік прэс‑службы.
Паводле яго слоў, плануецца, што адной з галоўных тэм перамоў двух прэзідэнтаў будзе праграма ЕС «Усходняе партнёрства», да ўдзелу ў якой запрошаны Беларусь і Украіна.
У прэс‑службе прэзідэнта Беларусі інфармацыю пра заўтрашнюю сустрэчу пакуль не пацвярджаюць.
Апошні раз А.Лукашэнка і В.Юшчанка сустракаліся 20 студзеня ў Чарнігаве (Украіна). Па выніках сустрэчы прэзідэнтаў быў падпісаны шэраг дакументаў: мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы, консульская канвенцыя, мемарандум паміж урадамі і нацбанкамі аб выпрацоўцы мер па інтэнсіфікацыі гандлёва‑эканамічнага супрацоўніцтва ва ўмовах крызісу, міжурадавае пагадненне аб спрошчаным парадку праезду беларускага ўчастка аўтадарогі Славуціч — Чарнобыльская АЭС работнікамі і транспартнымі сродкамі прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць дзейнасць у зоне адчужэння, і пратакола да дадзенага пагаднення.
У Чарнігаве было заяўлена, што сустрэча прэм’ер‑міністраў дзвюх краін адбудзецца «ў найбліжэйшыя дзесяць дзён», каб аформіць усе дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці. Аднак Сяргей Сідорскі і Юлія Цімашэнка не сустрэліся дагэтуль.
Не зрушылася з мёртвага пункту і ідэя пра транзіт украінскае электраэнергіі праз Беларусь.