Ужо некалькі дзён у сеціве абмяркоўваюць дакумент: нібыта сенатар Сяргей Сівец прапанаваў увесці адміністрацыйную адказнасць за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі. Так гэта ці не, пацвердзіць TUT.BY не ўдалося: сам член Савета Рэспублікі гэтае пытанне не каментуе, прэс-служба — таксама. Тым не менш мы паспрабавалі зразумець, што ж цяпер лічыцца зарэгістраванай сімволікай, а што — не, хто займаецца працэсам рэгістрацыі і да якой катэгорыі адносіцца гістарычны герб «Пагоня».

Што такое зарэгістраваная сімволіка?

Згодна з заканадаўствам, зарэгістраванай сімволікай можа быць эмблема, сцяг, вымпел, гальштук, значок, гімн.

Пры гэтым, каб мець афіцыйны статус, яны павінны належаць грамадскаму аб'яднанню, партыі, дзяржаўнаму органу, прафесійнага саюза ці іншай арганізацыі.

— Зарэгістраваная сімволіка — гэта адметныя знакі дзеючых грамадскіх аб'яднанняў, якія рэгіструюць і сцвярджаюць у адпаведнасці са статутам гэтага аб'яднання, — тлумачыць юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч.

Як зарэгістраваць сімволіку?

Розныя віды сімволікі рэгіструюцца па-рознаму.

Паводле інфармацыі сайта lawtrend.by, гімн, значок, вымпел і гальштук праходзяць праз працэдуру, якая прадугледжана заканадаўствам аб дзяржрэгістрацыі грамадскага аб'яднання (у Міністэрстве юстыцыі або ва ўпраўленнях юстыцыі аблвыканкамаў). Сцяг і эмблема рэгіструюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйных геральдычных сімвалаў (у Дэпартаменце па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, пры гэтым сімволіка павінна прайсці абавязковую геральдычную экспертызу ў геральдычным савеце пры Прэзідэнце).

Як лічыць юрыст Алег Мацкевіч, зарэгістраваная сімволіка складае толькі малую частку ўсяго аб'ёму сімволікі.

— На сёння няма ні адміністрацыйнай, ні якой-небудзь іншай адказнасці за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі — кажа праваабаронца. — І калі за яе выкарыстанне будуць спрабаваць пакараць, то гэта можа стаць прамым парушэннем канстытуцыйнага права на свабоду выказвання меркаванняў і перакананняў.

Алег Мацкевіч тлумачыць: паводле Канстытуцыі чалавек мае права выказваць сваё меркаванне і перакананні, прычым форму такога выказвання ён можа выбіраць адвольную, галоўнае, каб яна не парушала нормы грамадскай маралі і закон.

— Калі вы намалявалі сцяг, які самі прыдумалі і які адлюстроўвае вашыя перакананні, і выйшлі з ім на вуліцу, то гэта ваша права.

Але каб гэты сцяг стаў зарэгістраваным сімвалам, спачатку павінна з'явіцца грамадскае аб'яднанне, тлумачыць юрыст.

— Напрыклад, каб бел-чырвона-белы сцяг стаў афіцыйным сімвалам, трэба ствараць грамадскае аб'яднанне ці палітычную партыю. На сёння гэта складаны працэс: апошняя палітычная партыя ў нас была зарэгістраваная ў 2000 годзе — КХП БНФ.

На сёння бел-чырвона-белы сцяг у яго класічным выглядзе не зарэгістраваны ў якасці афіцыйнай сімволікі ні ў аднаго грамадскага аб'яднання, распавядае юрыст.

А вось гістарычны герб «Пагоня» атрымаў афіцыйны статус больш за дзесяць гадоў таму, калі ўвайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Пры канцы юрыст звяртае ўвагу: незарэгістраваная сімволіка — не роўна забароненая.

— Да забароненай сімволікі і літаратуры адносяць тую, што знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Калі яе там няма, то яе выкарыстанне не можа быць нічым абмежавана. Калі за гэта спрабуюць пакараць, то такія дзеянні не заснаваныя ні на якім законе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0