Рухавіком гаспадаркі ўрад пастанавіў зрабіць будаўніцтва, у якое дзяржава накіроўвае гіганцкія інвестыцыі.

Сустрэча міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі з прэсай, прысвечаная вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2009 году, адбылася з другой спробы. Таму ў аўторак у Нацыянальным прэс-цэнтры назіраўся аншлаг, прысутнічала нават Латвійскае тэлебачанне. З самага пачатку сустрэчы Мікалай Зайчанка заявіў, што хоць сітуацыя ў эканоміцы і застаецца вельмі складанай, але яна цалкам пад кантролем». Акрамя таго, па словах міністра, вынікі першага кварталу 2009 году даюць надзею на захаванне станоўчай дынамікі ў эканоміцы.

Найбольшым галаўным болем для нашай эканомікі ад пачатку году стала звужэнне попыту на замежным рынку. Замежнагандлёвае сальда па выніках І кварталу склалася адмоўнае і дасягнула 1,5 млрд даляраў ЗША. Як і па ўсім свеце, у Беларусі найперш пацярпела прамысловасць.

І калі ў паліўнай прамысловасці назіраецца станоўчая дынаміка, то ў аўтамабіле-, трактарабудаванні, ды вырабе сельскагаспадарчай тэхнікі назіраецца 30%-ы спад.
У цэлым да канца году ў прамысловасці чакаецца падзенне аб'ёмаў на 0—3%, трохі менш аптымістычныя прагнозы наконт лёгкай прамысловасці.

100%-е выкананне паказчыкаў плануецца ў прамысловасці будматэрыялаў.

За кошт чаго ж будзе дасягнутая прагназаваная міністрам станоўчая дынаміка ў эканоміцы ў цэлы? М. Зайчанка назваў тры фактары, якія мусяць кампенсаваць невыкананне паказчыкаў у прамысловасці: рост аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (паводле афіцыйных звестак па выніках І кварталу ён склаў 6,3% у параўнанні з адпаведным перыядам 2008 году), будаўніцтва і выраб будаўніча-мантажнай прадукцыі (рост — 22% да гадавога задання пры запланаваных 15%), а таксама гандаль і сістэма грамадскага харчавання.

Рэнтабельнасць вытворчасці ў цэлым па краіне склала ў І квартале 7,7% супраць 14,2% у аналагічны перыяд мінулага году. Інфляцыя ў азначаны перыяд склала 6,1%, у красавіку — каля 0,6%, паведаміў міністр эканомікі.

Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка. Фота Юліі Дарашкевіч

Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка. Фота Юліі Дарашкевіч

Урадам разглядаецца пытанне павышэння тарыфнай стаўкі І разраду, але ці будуць у бліжэйшы час падвышаныя заробкі ды пенсіі – яшчэ не факт. У любым разе, калі і адбудзецца гэта, то не раней за чэрвень, заявіў Зайчанка.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць чарговай разавай дэвальвацыі, Мікалай Зайчанка патлумачыў, што Мінэканомікі заўсёды было супраць разавай дэвальвацыі, аднак дзеянні Нацбанку ацаніў станоўча. І дадаў, што ў бліжэйшы час разавага абясцэньвання нацыянальнай валюты не чакаецца.

Намеснік міністра Андрэй Тур у сваю чаргу паведаміў пра адмену ліцэнзіравання 14 відаў гаспадарчай дзейнасці, што ў выніку павінна пасадзейнічаць паляпшэнню ўмовай вядзення бізнесу ў краіне. Змены найперш мусяць закрануць сферу паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?