Пра тое, як прымалася рашэнне з’ехаць з Беларусі, Павел Латушка распавёў у праекце «Тэлебудка» Сяргея Будкіна.

— Я кожную раніцу запісваў на тэлефон сваіх сяброў, на свой тэлефон, дачкі, знаёмых, што я здаровы чалавек, маю ўсе даведкі пра сваё здароўе, псіхалагічнае перадусім. Што я не ўжываю наркотыкі, не ўжываю алкагольных напояў. І што я не маю ніякіх планаў нікуды з’язджаць. І калі хтосьці пабачыць мае «заявы», што [нібыта] я прашу прабачэння перад уладай за тое, што зрабіў, што буду знаходзіцца на мяжы… Гледзячы на тое, што адбылося са Святланай Ціханоўскай. То ўсе павінны зразумець, што тое было пад прымусам зроблена.

У той дзень (1 верасня — «НН») дачка даслала мне выказванні Лукашэнкі наконт таго, што я перайшоў чырвоную рысу і буду прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам.

— Вы былі ў Мінску? 

— Я быў у Мінску на тэрыторыі аднаго з пасольстваў, я не хацеў бы зараз казаць пра гэта. І якраз на тэрыторыю гэтага пасольства прыехаў яшчэ адзін пасол — Польшчы.

І адбылася гутарка, дзе я сказаў, што не маю планаў з’ехаць з Беларусі і хачу застацца. І я прашу, каб некалькі дзён я мог правесці на тэрыторыі пасольства.

У нядзелю, спадзяюся, буду мець магчымасць, што мяне падтрымаюць маніфестанты, прыйдуць, забяруць мяне з гэтага пасольства, і я выйду зноў у горад і буду працягваць тую дзейнасць, дзеля якой я фактычна ўжо прысвяціў сваё жыццё.

Але яны мне сказалі, што гэта немагчыма, што яны не могуць трымаць сітуацыю, калі будзе першы Асанж у Беларусі.

Я да апошняга моманту шукаў варыянты, як застацца. Ну але пазней у мяне адбылася гутарка з адным супрацоўнікам КДБ. Ведаеце, я ж працаваў амбасадарам, канечне, шмат ведаю людзей у сістэме, у тым ліку і ў спецслужбах. Мне было сказана, што ёсць два варыянты. 

— Альбо з’ехаць, альбо за краты.

— Пытанне такое заўсёды паўстае, што я нібы павінен апраўдвацца за тое, што не сяджу ў турме, а з’ехаў. Але пытанне абсалютна лагічнае: калі б я быў за кратамі, ці мог бы я штосьці зрабіць для Беларусі сёння? Я, канечне, магу за мяжой зрабіць значна менш [чым у Беларусі]. Я гэта разумею. Палітык павінен быць там, дзе людзі змагаюцца. І гэта натуральна, гэта мне зразумела. І гэта ўнутраная барацьба і праблема, якая існуе ў мяне сёння: чаму я ў Варшаве, а не ў Мінску? Я павінен быць у Мінску.

Але рэальная сітуацыя такая: калі ты маеш дзве патэнцыйныя крымінальныя справы, калі ў цябе ёсць выклік па адміністратыўнай справе за нібы арганізацыю масавых маніфестацый 23 жніўня, за выступленне на гэтых масавых маніфестацыях. Ты разумееш, што адзінае, што застаецца — ты будзеш затрыманы і будзеш сядзець у турме. І што, якія сігналы, імпульсы ты зможаш даць з турмы? 

— Вам было страшна?

— Не, мне не было страшна, я быў псіхалагічна гатовы, што пайду за краты. Я нават адвакату сказаў, што на 15 сутак я гатовы. Адзінае, шчыра прызнаюся, мой доктар сказаў, што я магу вытрымаць без лекаў два-тры дні за кратамі. Я з сабой насіў пастаянна дамову з адвакатам і медыцынскі дакумент (ён, дарэчы, да гэтай пары са мной заўсёды) аб тым, што мне патрэбны будуць лекі, бо іначай для мяне гэта была б вельмі складаная сітуацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0