Па ўсёй краіне Вечныя агні пераводзяць на антыкрызісны рэжым працы. Гэткім чынам толькі ў Менску плянуецца ашчадзіць каля 1 700 даляраў за год.

У Камянцы каля брацкай магілы савецкіх воінаў не гарыць Вечны агонь. Бо, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай працы Камянецкага райвыканкама Ірыны Нігерыш, падчас эканамічнага крызісу «трэба лічыць капейку»: «Ён у нас гарыць у святочныя дні, у нас жа ня Брэсцкая крэпасць... А калі ў нас праходзяць святы (23 лютага, дзень вызвалення, дзень горада), мы абавязваем «Гаргаз», і яны падключаюць. Але цэлы дзень ён у нас, вядома, не гарыць... У эканамічны крызіс кожны лічыць капейку...».

Менавіта таму на мемарыяльных комплексах зараз усталёўваюць газавыя лічыльнікі. Па словах начальніка аддзела Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага гарвыканкама Сяргея Кадола, ўлады выконваюць рашэнне ўрада.

«Існуюць у нас з нядаўняга часу правілы ўліку прыроднага газу, якія зацверджаныя на ўзроўні ўрада ў канцы 2008 года. Правілы прадугледжваюць наяўнасць прыбораў уліку газу там, дзе ёсць ягонае спажыванне», - зазначыў ён.

У Гомелі лічыльнік усталююць толькі пасля таго, як мемарыяльны комплекс закрыюць на рэканструкцыю.

Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці абыходзіцца штомесяц у 5 тысяч долараў. Раней ягонае ўтрыманне забяспечваў «Газпрам». Аднак сёлета, па словах дырэктара комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Валерыя Губарэнкі, падобная дамова пакуль не падпісана.

«Летась ён плаціў, але ўжо скончыў усе плацяжы ў гэтым годзе. А на наступны год у нас дамовы з ім няма. Пакуль гэта пытанне ніяк не вырашалі, таму за газ плаціць Рэспубліка Беларусь з бюджэту. За гэты газ, за гэты агонь. У месяц ідзе 5 тысяч долараў за газ», - паведаміў Валерый Губарэнка.

Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Менску абыходзіцца Цэнтральнаму раёну сталіцы прыкладна у 4 мільёны 740 тысяч рублёў. Як зазначыла намесніца начальніка службы ўліку і метэаралагічнага забеспячэння Мінгазу Раіса Мірановіч, Мінгаз прадае яго Адміністрацыі Цэнтральнага раёна па тым жа кошце, што і ўсім іншым прадпрыемствам. Па словах чыноўніцы, у Менску наогул шмат Вечных агнёў, якія не гараць увесь час, а толькі ўключаюцца на святы.

«Ёсць Вечныя агні, якія, да прыкладу, на свята Перамогі ўключаюцца. Спачатку іх падключаюць, а калі свята заканчваецца — адключаюць», - зазначыла яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?