«Экспрэс шаўрма» — гэта кропка на Ленінградскай, 2 у Мінску, побач з чыгуначным вакзалам. Яна працавала ўжо паўтара года, а вядомасць здабыла сёлета.

Справа ў тым, што тут пачалі рабіць «бел-чырвона-белую» шаўрму, наносілі на страву чырвоную стужку з соуса. Чарга за такой стравай часам стаяла па гадзіне.

Плюс да ўсяго ва ўстанове давалі 20%-ю зніжку тым, хто прыходзіў з белай стужачкай, а таксама па прамакодзе «бчб», налівалі такім людзям бясплатны чай і каву. Шмат «Экспрэс шаўрма» дапамагала валанцёрам Акрэсціна, прывозілі сваю ежу на плошчу Перамен (вуліца Чарвякова).

І гэта далёка не ўсе сацыяльныя праекты шаўрмічнай. Напрыклад, у самы разгар пандэміі каранавіруса яны кармілі бясплатна медыкаў, а потым рабілі ім шаўрму па сабекошце. Пераводзілі грошы для прытулку для бадзяжных жывёл на Гурскага.

«Нашая актыўнасць не засталася незаўважанай», — горка кажа ўласніца ўстановы Настасся Тэйранава.

Прыкладна тыдзень таму ў «Экспрэс шаўрмы» пачаліся праблемы. «Пачалі хадзіць усемагчымыя праверкі. Нібыта на нас нехта напісаў скаргу. Прабачце, ім самім не смешна? Хто будзе скардзіцца пажарным? Тым больш, раней у нас з боку МНС усё было выдатна. Санстанцыя нас дабіла канчаткова: толькі адно выпраўляем, як яны нам іншае прад’яўляюць. У выніку сказалі, калі ўсё не выправім, то справа пойдзе ў пракуратуру.

Шмат паўтаралі, што з вашай дзейнасцю гэта ніяк не звязана. Па сваіх крыніцах мы дазналіся, што была дадзеная каманда не даваць нам працаваць. Мы зараз ліхаманкава спрабуем усё выправіць, але не хапае ні грошай, ні сілаў», — расказвае Анастасія.

Гаспадары кафэ кажуць, што ніколі не карысталіся дапамогай людзей, але не выключаюць, што цяпер можа быць якраз такая сітуацыя. Дакумент аб прыпыненні працы «Экспрэс шаўрмы» падпісала галоўны санітарны ўрач Мінска Святлана Ярмак.

Шаўрма — гэта блізкаўсходняя страва з мяса, якое абсмажанае на верцеле, загорнутае ў лаваш з дадаткам гародніны, спецый і соусаў. Мабыць, самы папулярны стрытфуд у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?