04.07.2006 / 16:55

«Раптоўнікі» ў Жлобіне ды Салігорску

За мінулы тыдзень у Жлобіне і Сьветлагорску (Гомельская вобласьць) адбыліся кароткачасовыя акцыі, у якіх грамадзяне выказвалі сваё імкненьне да свабоды і дэмакратыі.

За мінулы тыдзень у Жлобіне і Сьветлагорску (Гомельская вобласьць) адбыліся кароткачасовыя акцыі, у якіх грамадзяне выказвалі сваё імкненьне да свабоды і дэмакратыі. У Жлобіне група моладзі правяла раптоўнік (флэш-моб) «Мы «любім» «Советскую Белоруссию». Маладыя грамадзкія актывісты сабраліся ў самым шматлюдным месцы гораду – на цэнтральным рынку, разгарнулі газэты «Советская Белоруссия», дэманстратыўна прагледзелі іх, а затым выкінулі ў скрыню для сьмецьця. «Такім чынам мы выказалі пратэст супраць хлусьні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі», - сказаў карэспандэнту belngo.info адзін з удзельнікаў акцыі.У Сьветлагорску 30 чэрвеня на адным з будынкаў быў разгорнуты вялізны транспарант, на якім у нацыянальных колерах – чырвонымі літарамі па белым – было напісана «Сьветлагорск – за свабоду!». Акцыя доўжылася каля 10 хвілінаў. Паводле словаў аднаго зь яе ініцыятараў, актывісты дэмакратычнага руху зьбіраюцца час ад часу разгортваць такія транспаранты ў розных месцах гораду. На ўсіх інфармацыйных тумбах у горадзе ўжо некалькі тыдняў расклеены плякаты з такім самым надпісам.

Тэльман Масьлюкоў, belngo.info

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру