06.05.2009 / 10:41

Да галадоўкі салідарнасці далучыўся Алкаеў

Да галадоўкі ў падтрымку зьняволеных Мікалая Аўтуховіча і яго паплечнікаў далучыўся Алег Алкаеў, былы кіраўнік СІЗА ў Менску, так званай Валадаркі, дзе галадае зараз Аўтуховіч.

Палкоўнік міліцыі Алкаеў па палітычных матывах пакінуў Беларусь і жыве зараз у Нямеччыне. Нядаўна ён выдаў кнігу «Расстрэльная каманда», дзе прыадкрыў тайны беларускай турмы і падаў свае вэрсіі палітычных зьнікненьняў у краіне. Раней Алкаеў і яго сын Вячаслаў далучаліся да галадоўкі за вызваленьне Аляксандра Казуліна.

Як паведамляе «Малады фронт», галадоўку салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі з Францыі таксама падтрымаў грамадзкі актывіст Ігар Кісель. Паводле інфармацыі Сяргея Скрабца, да акцыі далучыўся і апазыцыйны актывіст Сяргей Антошанкаў. Учора аб далучэньні да «хатняй» галадоўкі заявілі таксама грамадзкая актывістка Мар’яна Грузьдзіловіч і сябра БХД Зьміцер Бутэнка. Сёньня на Сядзібу БНФ для ўдзелу ў бестэрмновай галадоўцы прыязджаюць салігорскі маладафронтавец Глеб Сноркін і моладзевая актывістка Ірына Губская.

Паводле прэс‑службы «Маладога фронту», у галадоўцы салідарнасьці ўжо прымае ўдзел 20 чалавек.

Яна пачалася 4 траўня зь ініцыятывы «Маладога Фронту» і былых палітвязьняў. Мэтаю галадоўкі зьяўляецца неадкладнае вызваленьне зьняволеных прадпрымальнікаў Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі.

Сам Аўтуховіч галадае ўжо ад 16 красавіка. Ён пратэстуе супраць беспадстаўных, на яго думку, абвінавачаньняў у падрыхтоўцы ўзброенага нападу і патрабуе хутчэйшага завяршэньня сьледзтва на волі, а таксама справядлівага суду.

Радыё Свабода

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру