3 кастрычніка ў бальніцы хуткай дапамогі ў Мінску памёр 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў. Перад гэтым з мноствам траўмаў яго прывезлі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

Многія карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі, што Кузняцова маглі забіць. Сілавыя структуры ж кажуць, што ён проста зваліўся з верхняга яруса нараў.

Аляксандр [не хоча называць прозвішча, але Наша Ніва добра ведае гэтага чалавека, ён мае бездакорную рэпутацыю] выйшаў з сутак напярэдадні. Ён сядзеў у суседняй камеры з Кузняцовым, а потым у зняволенні перасякаўся з людзьмі, які сядзелі разам з цяпер ужо нябожчыкам. Вось што Аляксандр расказаў «НН».

«На сутках я перасякаўся з хлопцамі, якія сядзелі разам з Кузняцовым. Мая камера была на адным паверсе з іхняй. У той дзень, — я чуў, але не ведаю, ці гэта праўда, — на два паверхі была толькі адна паставая жанчына.

Калі гэта ўсё здарылася, то сукамернікі сталі ціснуць трывожную кнопку ў камеру, грукалі ў дзверы, крычалі, што ў чалавека эпілепсія», — кажа Аляксандр.

Па ягоных словах, дастаткова працяглы час ніхто не адгукаўся і не прыходзіў. «Калі гэтая паставая прыйшла, то сталі крычаць, што ў чалавека ідзе кроў з рота. Усе забегалі, замітусіліся. Жанчына казала, каб трымалі галаву, і, маўляў, нічога дрэннага не павінна здарыцца. Наколькі я чуў, да хуткай яго цягнулі сукамернікі».

Пазней Аляксандр сядзеў разам з людзьмі з той самай камеры. «Я недзе чуў, нібыта маці сказала журналістам, што Дзяніс пайшоў на працу і знік. Але ён казаў сваім сукамернікам, што маці выклікала на яго мянтоў. У яго былі разборкі якраз з роднымі».

«Хлопцы казалі, што ў яго была ці то «белачка», ці то, сапраўды, эпілепсія. Калі ён толькі з’явіўся ў камеры, то ўсе адразу напружыліся. Пра сам момант падзення расказваюць наступнае: ён не ляжаў, а сядзеў на верхняй шконцы, звесіўшы ногі, і глядзеў у адну кропку. Усе сукамернікі перайшлі на іншы бок камеры, бо не ведалі, што ад яго чакаць. Кажуць, што ў пэўны момант яго перамкнула. Ён паваліўся на бок і ўперад. Нібыта нават зрабіў такі кулёк і зваліўся якраз на тое месца, дзе лава звараная са сталом. Ударыўся там», — пераказвае Аляксандр са словаў відавочцаў.

«Я цяпер пачуў, што ў яго шмат траўмаў мягкіх тканак. Але калі нічога не блытаю, то ў той дзень была больш-менш адэкватная змена. Тая ж паставая — гэта дастаткова прыязная і лаяльная жанчына. Увогуле, толькі на адной змене быў супрацоўнік, які бычыўся. Ён нікога не біў, але мог сказаць: «Зараз я цябе адп…жу, забяру матрац», але да дзеянняў не даходзіла».

Паводле Аляксандра, людзей, якія былі сведкамі падзення Дзяніса Кузняцова, выклікаў да сябе следчы, паказанні запісвалі на відэа.

* * *

Глядзі таксама: У бальніцы памёр 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў, якога з цяжкімі траўмамі прывезлі з Акрэсціна. Што вядома на гэты момант?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?