Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў на сустрэчы са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта 6 кастрычніка пракаментаваў гібель Генадзя Шутава — 44-гадовага мужчыны, які атрымаў смяротнае раненне ў галаву падчас пратэстаў 11 жніўня ў Брэсце. На відэа, якое з'явілася ў сеціве, Клімаў заяўляе, што «нічога гераічнага з боку загінулага не было», паведамляе Брэсцкая газета.

Пытанне аб гібелі Генадзя Шутава падняў адзін з удзельнікаў сустрэчы. Пракурор адзначыў, што не можа раскрыць вынікі расследавання, спаслаўшыся на таямніцу следства, аднак некаторыя дэталі ўсё ж раскрыў.

«Я магу сказаць, што не трэба рабіць заўчасных высноў. Гэтай асобай [Шутава — заўв. рэд.] здзяйсняліся супрацьпраўныя дзеянні. Гэта нават не абмяркоўваецца. Гэта адназначна. Зараз вядзецца следства па гэтай справе. Затрыманы другі чалавек, які з ім знаходзіўся ў той момант. Ён доўгі час хаваўся. Цяпер ён высветлены, затрыманы, дае паказанні. Калі будзе суд, вы ўсё даведаецеся», — паабяцаў Віктар Клімаў.

«Магу сказаць адно: там нічога гераічнага з боку гэтага, на жаль, загінулага чалавека не было», — дадаў пракурор вобласці.

Нагадаем, пасля падзей 11 жніўня сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя.

Раніцай 19 жніўня Генадзь Шутаў памёр у Мінскім вайсковым шпіталі. Увечары таго ж дня СК пракаментаваў смерць 44-гадовага берасцейца. Па версіі следства, 11 жніўня ў Брэсце двое мужчын здзейснілі напад на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку пры правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.