3 кастрычніка ў бальніцы хуткай дапамогі ў Мінску памёр 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў. Перад гэтым з мноствам траўмаў яго прывезлі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

«Наша Ніва» пагаварыла з непасрэдным сведкам тых падзей (называць імя публічна не хоча), які выйшаў напярэдадні на волю. Вось што ён нам апавёў.

«У прынцыпе, усё, што ў вас было напісана, правільна, асабліва дадаць няма чаго

Траўмаў у яго, здаецца, не было. Разумееце, там жа ніхто не распранаецца, але на твары нічога не было: ні фінгалаў, ні сінякоў. Хачу сказаць, што яму рэальна было ХРА-НО-ВА.

Ён да нас у камеру прыехаў 28 верасня, апрануты прыстойна, у руках нейкая кніжачка, баевічок, а зваліўся 29-га пасля абеду. Па ім было бачна, што гэта не разавая акцыя ў яго [маецца на ўвазе запой — «НН»].

Яго здала мама, ён нам сам гэта сказаў. Пытаўся не я, а іншы хлопец. Калі такія людзі заязджаюць, не палітычныя, то мне не дужа цікава з імі размаўляць, адразу бачна, ён ці з кімсьці пабіўся, ці нешта скраў. Літаральна парай слоў з ім абмяняліся. Дома нібыта дэбош зладзіў.

У першы дзень ён сябе яшчэ нармальна адчуваў. У яго яшчэ спыталі з нагоды «белачкі», ці не схопіць. Кажа, не, такога са мной не бывае ніколі. Лёг спаць ён адразу. Здаецца, нават не вячэраў. На наступны дзень яму стала ўжо херовенька, пачаўся адхадос. Ён ляжаў і не ўставаў, толькі на праверку злез.

Пасля абеду мы ўсе ляжалі па сваіх шконках, хто кніжкі чытаў, хто яшчэ што. Сталі засынаць, такая сіеста традыцыйная.

Праз нейкі час чую хрып, я гляджу на яго, ён сядзіць, увесь сціснуўся як цюлень і хрыпіць. Літаральна праз пару секунд ён завальваецца на левы бок і нібыта нырнуў галавой уніз.

Усё ж аб лаўку ён не біўся, ударыўся галавой аб драўляную падлогу. Мы ўсе ўскочылі, у яго пачаўся нібыта прыступ эпілепсіі, я не ведаю, ці сапраўды эпілепсія, бо з гэтым ніколі не сутыкаўся. Адзін хлопец трымаў яго за ногі, паклалі падушку за галаву. Здаецца, была пена, але дакладна не помню. Пачалі мітусіцца, званілі ў трывожны званок.

Не было такога, што пазванілі і яны такія адразу прыйшлі. Такога ніколі не было, наша камера ў самым канцы калідора, а паставая сядзела ў пачатку, ля лесвіцы. Ясна, што гэта не дзесяць хвілін было, а хутчэй, але колькі, не скажу. Я не хачу іх ні абгаворваць, ні апраўдваць. Яна прыйшла, паглядзела, закрыла «вочка» і пайшла ўніз за фельчарам.

Яны прыйшлі з канвойнымі, мы выйшлі з камеры, сталі на сценку. Фельчар зрабіла ўкол, я думаю, што ў іх гэта не першы быў такі выпадак. Яны выйшлі з камеры, сказалі, што выклікалі хуткую. Мы паклалі Дзяніса на матрац на падлозе і вынеслі з камеры, яны зачынілі дзверы, і ён застаўся там.

У камеры было дзве відэакамеры, здымкі гэтага павінны быць. Ён быў не ў прытомнасці ў той момант, ён нешта казаў, канечне, але бязладнае.

Літаральна праз гадзіну пасля падзення прыехаў следчы, позна ўвечары перад адбоем прыехалі яшчэ людзі з СК».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?