Цяпер «Былога сына», адну з галоўных кніг пра сучасную Беларусь, нам дакладна будзе чытаць прасцей. Ужо не перагорнеш апошнюю старонку з адчуваннем безнадзейнасці і бяссілля. Вядома: яна пісалася пасля Плошчы 2010 года, а сёння беларусы смелымі мазкамі самастойна выпісваюць сваю гісторыю. Настрой змяніўся і ў самога аўтара — мы пагаварылі з пісьменнікам Сашам Філіпенкам пра тое, як беларускія пратэсты бачаць у Расіі, адзіны правільны шлях супраціву і якім будзе (калі будзе) наступны навагодні зварот Лукашэнкі.

Фота Надзеі Бужан. 

Фота Надзеі Бужан. 

— Вы цяпер шмат часу праводзіце ў Расіі. Ці змянілася там да вас стаўленне праз апошнія падзеі ў Беларусі?

— Кардынальна нічога не змянілася, я толькі стаў часцей даваць інтэрв’ю і размаўляць пра Беларусь. Такая ж цікавасць да мяне ў Польшчы, Францыі і Швецыі — мне падаецца, сёння ўсе беларусы выклікаюць цікавасць. І ў любога з іх можна браць інтэрв’ю, бо кожны робіць неверагодныя рэчы.

— Як тое, што тут адбываецца, бачаць звычайныя расіяне?

— Яны ні халеры не ведаюць дагэтуль. У маёй жонкі ёсць рэстаран у Санкт-Пецярбургу: калі ўсё пачалося, мы павесілі на ўваходзе мой баявы бел-чырвона-белы сцяг. Я сказаў: «Лічы дні да таго, як табе скажуць, што ты фашыстка». Гэта здарылася праз два тыдні, мая жонка парэкамендавала госцю даесці і сысці. Але ў цэлым людзі пыталіся, што гэта за сцяг, хаця падзеі ў Беларусі тады абмяркоўваў увесь свет. Тыя, з кім я размаўляў, выказвалі скепсіс, казалі, што мы нічога не даб’ёмся, мы тое няправільна робім і сёе. У мяне якраз адчуванне, што мы вельмі многага дамагліся, у нас ёсць цёмнае і светлае, а ў Расіі ўсё ў паўтонах, усе такія «складаназалежныя», яны глыбока капаюць, а пры гэтым сядзяць на дупе роўна. Таму і перамены ў нас адбываюцца раней.

— Беларускае грамадства змянілася за апошнія месяцы ці папросту праявіла тое, што само ў сабе раней не заўважала?

— І тое, і тое. Нечага мы сапраўды пра сябе не ведалі і глядзелі ў іншы бок, а тым часам з’явілася вялікая частка грамадства — тыя, хто сёлета галасаваў упершыню, — якая не праглынула тое, што праглыналі папярэднія пакаленні. Усё мяняецца — не мяняецца толькі наша ўлада, якая дзейнічае, як дзейнічала пяць выбараў таму. Думаю, яна была здзіўлена больш за ўсіх: здаецца, зрабіла ўсё тое самае, а яно раптам не спрацавала.

— Значыць, дзеянні ўлады і яе жорсткасць былі прадказальнымі?

— Такая жорсткасць — прыкмета істэрыкі. Рана ці позна ўлада павінна была паказаць свой твар, і яна паказала яго ў сітуацыі, да якой не была гатова. Калі нават пасля жорсткіх разгонаў пратэсты не спыніліся, ва ўлады пачалася агонія, якая працягваецца дагэтуль.

Здавалася б, можна весці сябе больш мудра, але яна папросту не можа ўзяць сябе ў рукі — адсюль гэтыя вадамёты, затрыманні, ператасоўка ў турмах, калі выпускаюцца адныя, каб пасадзіць іншых.

З іншага боку, гэта можа быць намаганнем неяк пратрымацца да моманту, калі ў якасці выканання дамоўленасцяў можна будзе перадаць уладу таму, каму яны ўяўляюць магчымым яе перадаць.

— Дамоўленасцяў з Расіяй?

— Мы можам толькі здагадвацца, але, думаю, так. Напэўна, у Расіі ўжо выбіраюць наступнага кандыдата, а пакуль займаюцца размазваннем і руцінізацыяй пратэстаў, каб паказаць, што яны не могуць прывесці да змены ўлады. І гэта даволі смешна на фоне таго, што адбылося ў Кыргызстане.

— А наша грамадства, якім яно стала за апошнія месяцы, дазволіць Крамлю здзяйсняць у Беларусі свае сцэнары?

— Мы будзем сумнявацца ў любым будучым прэзідэнце: нам будзе здавацца, што ён кандыдат ад Крамля, Макрона ці Меркель. Як толькі прэзідэнт памяняецца, я ў той жа дзень апынуся ў яго апазіцыі. Але мяне не палохае, будзе ён стаўленікам Крамля ці не. Мы сталі грамадствам, з якім немагчыма не лічыцца, хаця раней можна было проста на яго напляваць. Мы ўжо зрабілі першы, самы важны крок да сапраўднай незалежнасці, таму па дзеяннях новага прэзідэнта мы ўсё хутка зразумеем і проста пяройдзем на наступны этап. Сёння больш важна, каб Саня Васілевіч, Маша Калеснікава і іншыя апынуліся на свабодзе, каб людзі вярнуліся ў Мінск і каб ніхто па вяртанні не думаў, варта яму нечага баяцца ці не.

— А нічыім стаўленікам наступны прэзідэнт можа быць?

— Я б вельмі гэтага хацеў. Але самае важнае цяпер адбываецца ў чаціках раёнаў: людзі аб’ядноўваюцца, самаарганізоўваюцца, абмяркоўваюць, хто сёння адвядзе дзяцей у школу. Некаторыя жартуюць, што знаходзяцца на мяжы двух двароў, і гэты двор больш ліберальны, а той менш, значыць, трэба далучацца да першага. Я назіраю неверагодныя рэчы, у якія яшчэ паўгода таму немагчыма было паверыць.

Таму няважна, хто будзе наступным прэзідэнтам — цяпер людзі разумеюць, на што ўплываюць менавіта яны. Я часта бываю ў Швейцарыі, там нават не могуць назваць прозвішча прэзідэнта, бо гэта не важна, гэта чалавек-функцыя. Вось я хачу жыць у краіне, дзе мы не будзем ведаць імя прэзідэнта.

— Беларусы сёння адчуваюць абавязак рабіць для пратэсту, што могуць. Вы сваю ролю ў пратэсце неяк абазначылі?

— Мой пратэст пачаўся шмат гадоў таму, на свой першы марш я пайшоў, напэўна, у 1994 годзе. Перад сёлетнімі выбарамі я рабіў акцыю «Салідарныя чытанні» на YouTube, у якой вядомыя аўтары чыталі раздзелы «Былога сына». А пасля выбараў сеў у машыну і прыехаў, каб хадзіць на пратэсты. Потым, праўда, быў вымушаны з’ехаць па справах.

— І як вам энергія нядзельных маршаў?

— Гэта тое, чаго чакаеш усё жыццё. Апошні раз такую эйфарыю я зазнаў у 2010 годзе на Плошчы. Памятаю, мы ішлі міма будынка КДБ, а на ім вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Але тады я выходзіў, каб упэўніцца, што не звар’яцеў і ёсць іншыя людзі, якія таксама не вераць у гаўнішча, якое распавядае прапаганда. Тады выйшла тысяч пяцьдзесят — тое ўзрушэнне прымусіла мяне напісаць «Былога сына». У 2010-м мы хацелі паказаць краіне, што мы ёсць, а сёння іншае: уся краіна кажа аднаму чалавеку і выміраючаму віду вакол яго, што перагортвае старонку.

— Што самае крыўднае вам прыляцела наконт «Былога сына» з Беларусі?

— Як толькі кніга выйшла, адразу атрымала «Рускую прэмію»: пасля хвалі станоўчых каментароў людзі ўбачылі, што незразумела хто ўзяў прэмію, і сталі тлумачыць, што я не меў рацыю. Адзін артыкул разнёс мяне ўшчэнт, я патэлефанаваў выдаўцу, а ён сказаў: «Твае імя і прозвішча напісаны правільна? Назва кнігі напісана правільна? Ніколі з такой нагоды мне больш не звані». Таму ў мяне ёсць прышчэпка ад негатыўных каментароў. Але мне часта прылятала за тое, што ў кнізе, маўляў, перабор, такога ў Беларусі не бывае. Гэта мяне не крыўдзіць, але бянтэжыць: тут усё бывае, нават больш сур’ёзныя рэчы, чым у кнізе.

— Асноўная метафара рамана «Былы сын» — сон, у якім знаходзіцца Францыск і, адпаведна, грамадства. Ці ўпісваюцца ў гэты сон падзеі апошніх месяцаў?

— У нас ўжо зусім іншае грамадства — маладое, дзёрзкае і гордае, яно абсалютна дакладна прачнулася. Калі ў 2003 годзе я з’язджаў, у мяне было адчуванне, што гэтага не будзе ніколі. А з’язджаў я, калі закрылі ЕГУ. Тады таксама прыязджалі ціхары, і аўтобус чувакоў у спартыўных касцюмах сачыў за студэнтамі, якіх выводзілі з будынка. Наш факультэт перавялі ў БДУ на «міжнародныя адносіны». Калі я прыйшоў да дэкана пісаць заяву на адлічэнне, там сядзеў нейкі ўшлёпак, які сказаў мне: «Вы пашкадуеце». Я падумаў: якога хрэна? Мне здавалася, што я з’язджаю надоўга, бо гэта беспрасветная гісторыя, і сёння я шчаслівы назіраць за тым, што адбываецца.

— Можна лічыць, у гэтыя дні прычына вашага ад’езду фактычна знікае. Ці гатовы вы вярнуцца ў Беларусь і прыкласці свае ўменні да пабудовы новай краіны?

— Я абсалютна дакладна вярнуся. Я жыў у Швейцарыі ў райскіх умовах — у мяне быў дом з відам на возера і горы, электрамабіль і бібліятэка, а мае кнігі выходзілі на розных мовах. Але я нічога не ўспамінаю пра жыццё ў Швейцарыі, ніводнага дня. Я хачу жыць у Мінску: мне куды важнейшыя размовы з маімі сябрамі, нашы пятнічныя вячэры і паходы. Для мяне няма нічога лепшага, чым слухаць музыку і каціць па горадзе на ровары. Сёння я гатовы будаваць дом і разумею, што хачу будаваць яго толькі ў Мінску. Але я не лічу, што валодаю нейкімі ведамі, якімі магу дапамагчы Беларусі: я бачу краіну, якая выдатна спраўляецца без мяне, мне проста будзе цудоўна быць яе часткай.

— То-бок вы гатовы вярнуцца нават калі рэжым пераможа?

— Ён не пераможа, немагчыма пасту запхнуць назад у цюбік. Рэжым ужо змяніўся, прынамсі мы бачым яго захад. Я не ўяўляю, што Лукашэнка доўга працягне ў такім становішчы: ён ужо цяпер не жыве сваім жыццём — не гуляе ў хакей і не перакладвае са сваімі дзеўкамі кавуны, а з’яўляецца толькі, каб абмеркаваць пілараму.

— Тым не менш у людзях захоўваецца страх. Ці варта нам баяцца Лукашэнкі?

— Страх — гэта нармальна, ува мне ён таксама ёсць, куды важней, што мы больш не саромеемся ў ім прызнацца і прымаем яго. Тым больш, нягледзячы на страх, кожны перамагае сябе і робіць, што можа. Мы ж якраз гаворым пра тое, што больш не хочам жыць у страху і адчуваць непрыемныя эмоцыі, калі побач спыняецца «фальксваген» з таніраваным шклом.

— А з чым звязаны ваш страх?

— З тым, што я не разумею правілаў гульні. З аднаго боку, я не адчуваю небяспекі, бо нафіг нікому не патрэбны, але мы бачым, як пад прэс дзяржавы трапляюць звычайныя людзі. Перад кожным маршам заграбаюць трыста чалавек, і відавочна, што сілавікам пляваць на тых, каго яны затрымліваюць.

У размовах з сябрамі я зразумеў, што ў іх прайшоў страх перад суткамі: наадварот, кажуць, маўляў, цікава нарэшце праз гэта прайсці, паглядзець, як яно. Быццам бы ўжо і сорамна, што ты не сядзеў.

— Мы гаварылі пра тое, што грамадства абудзілася. Ці не кажа мірнасць нашага пратэсту, што, можа, і абудзілася, але не да канца?

— Мне хочацца верыць, гэта кажа пра нас як пра грамадства, якое стаіць на прыступку вышэй за іншых і бачыць далей. Мы мыслім стратэгічна, дэкларуем вельмі зразумелыя каштоўнасці і разумеем, што мая свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага. Калі ты абіраеш сілавы шлях — ператвараешся ў людзей, якім супрацьстаіш. Гэта не пытанне баязлівасці: многія былі гатовы будаваць барыкады і даваць адпор сілавікам. Але калі мы захопім уладу, няўжо адразу станем ліберальным, адкрытым і свабодным грамадствам?

Мірны пратэст — складаны шлях, ён патрабуе цярплівасці, але адзіна правільны, тым больш з кожным днём ён становіцца ўсё мацнейшы і незваротнейшы. А ўлада раз-пораз садзіцца ў лужу і адштурхоўвае нават свой «ядзерны» электарат. У мяне ўжо ёсць адчуванне перамогі. Я не магу сабе ўявіць, напрыклад, навагодні зварот Лукашэнкі, хіба яго на відэакасетах разнясуць «ябацькам».

— Мне падаецца, ён можа сапраўды шчыра звярнуцца да беларусаў, бо не ўсведамляе, што супраць яго выходзяць сотні тысяч, а не шэсцьсот чалавек, як піша «Советская Белоруссія».

— Ён, канечне, не чытае «Советскую Белорусіію», бо дакладна разумее, для чаго яна патрэбна. Дарэчы, калі ў папярэднім інтэрв’ю «Нашай Ніве» я сказаў, што прэзідэнт не чытае «СБ», на наступны дзень у іх на першай паласе выйшла калонка Мукавозчыка, дзе ён тлумачыў беларусам, чаму я дрэнна пішу, хто я і што я. Калі Мукавозчык не напісаў пра вас — значыць, вы нешта робіце няправільна.

— Раскажыце пра свае традыцыі ў Мінску.

— Раніцай я іду на прабежку, каб вечарам шмат выпіваць з сябрамі. Я прыязджаю на машыне, але яна стаіць, бо я ўвесь час ганяю на ровары. Часта бываю з сынам, бо мне важна, каб Мінск яму палюбіўся — і гэта здарылася. Ён увесь час пытаецца, калі ўжо мы паедзем у Мінск. І мы хутка да вас прыедзем.

Саша Філіпенка з сынам у Мінску. Фота Паўліны Скурко. 

Саша Філіпенка з сынам у Мінску. Фота Паўліны Скурко. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?