Рамбiчны арнамент, якi прысутнiчае на дзяржаўным сцягу РБ, яскрава бачны пры зрэзе бiўня маманта, паведамiў член Геральдычнае рады пры прэзiдэнце Сяргей Рассадзiн.

Рамбiчны арнамент, якi прысутнiчае на дзяржаўным сцягу РБ, iснаваў яшчэ 12 тысяч гадоў таму, калi на зямлi жылi маманты. Пра гэта на прэс‑канферэнцыi «Развiццё беларускай геральдыкi ў Рэспублiцы Беларусь. Вытокi беларускай сiмволiкi» журналiстам паведамiў доктар гiстарычных навук, член Геральдычнае рады пры прэзiдэнце Сяргей Рассадзiн. Яго словы прыводзіць газета «Звязда». Паводле яго слоў, арнамент яскрава бачны пры зрэзе бiўня маманта Mаmmutus рrimi gеnius.

«Арнамент мае глыбокую гiсторыю, яго элементы прасочваюцца нават у культуры цывiлiзацыi Цэнтральнай Азii i Кiтая. Некаторыя кажуць пра iсламскае прачытанне нашага сцяга, але гэта не так». Мы павiнны належным чынам ставiцца да сваёй гiсторыi, — падкрэслiў навуковец.

Варта адзначыць, што мамантам з гістарычнымі дакументамі не пашэнціла, таму гісторык Рассадзін свае ідэі дакументамі не падмацуе.

У той жа час гістарычныя дакументы фіксуюць герб «Пагоня» з XIV стагоддзя, ад часу змагання беларуска‑літоўскае дзяржавы з манголамі на ўсходзе і немцамі на захадзе. Савецкая сімволіка, якую капіюе сучасная, была створана для беларусаў у сярэдзіне ХХ стагоддзя, для савецкага панавання ў марыянеткавай БССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?