Верхавіны Котры - у пагранзоне, і для падарожжа трэба браць у памежным штабе адпаведны дазвол.

Верхавіны Котры - у пагранзоне, і для падарожжа трэба браць у памежным штабе адпаведны дазвол.

Рай для байдарыстаў, ягаднае шаленства, былое Дайноўскае княства.

Рака Котра пачынаецца ў Літве, утварае мяжу Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў. А некалі па ёй праходзіў усходні рубеж Дайноўскага княства. Гэтая рака, папулярная ў байдарыстаў, з глыбокімі вірамі, каменнымі перакатамі, невялічкімі вадаспадамі прытокаў — адна з самых маляўнічых у Беларусі. Найбольшы лес Літвы, дзе пачынаецца даліна Котры, называюць Дайноўскай пушчаю, а ў Беларусі — Катранскаю.

Малады заказнік «Котра», аднак, ужо ўключаны ў Сусветны спіс каштоўных водна‑балотных ландшафтаў, разам з суседнім літоўскім запаведнікам «Чапкяляй».

Хто бачыць яе ўпершыню — дзівіцца гэтай неўтаймаванай рацэ, непрыступным яе берагам і непралазным лясам навокал. Хто бываў тут не раз — ведаюць, што Котра насамрэч небяспечная. То абваліцца вясною стромы бераг разам з дрэвамі, то павылазяць з дна вялізарныя валуны.

З Новага Двара на Бершты

Дарога ў Катраншчыну з Астрыны ляжыць праз мястэчка Новы Двор.

Тут захаваўся адзін з найстарэйшых драўляных храмаў Гарадзеншчыны — Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што быў пабудаваны яшчэ ў 1749‑м. У ім зберагліся цудоўныя старасвецкія аздобы ў стылі ракако. Гэты касцёл ніколі не зачыняўся. У мястэчку захаваліся старасвецкія будынкі, у тым ліку вялікая мураваная сінагога.

Ад Новага Двара можна паехаць на Бершты над возерам (у гэтай вёсцы мае сядзібу палітык Аляксандр Мілінкевіч) ці налева — да Першамайскага. Уласна пушча, дзе бярэ пачатак Котра, пачынаецца акурат за Першамайскам, спрадвечная назва якога — Сабакінцы. Тутэйшы элеганцкі касцёл Узвышэння Святога Крыжа пачалі будаваць яшчэ за першымі немцамі, у 1918‑м, вежы прыбудавалі ў 1934 г., але да апошняй вайны будоўлю не скончылі. Па вайне з касцёлу зрабілі клуб. «Але людзі ў яго не хадзілі. І моладзі забаранялі», — з гонарам кажуць тутэйшыя. Народ пушчанскі, наогул, ганарысты. «Мы тут беларускасць лепей за каго дзяржом. Гэта ў Мінску ніхто па‑беларуску не гаворыць. А ў нас — усе! Але й таго, што палякі, не выракаемся».

Аснова гаспадарчае дзейнасці тут для людзей — збор траваў, ягадаў і грыбоў, пчалярства, рыбацтва. Нехта ўпотай гоніць самагонку. Пушча.

Між дайнавой і крывічамі

За касцёлам стаіць і старая царква, грувасткая і натуральная ў зіхценні сваіх гранітных муроў. Тут, на славянскіх фарпостах перад дайнавой, усходняе хрысціянства мае даўнейшыя карані. Цяперашняя царква ў Першамайскім‑Сабакінцах была ўзведзеная з тутэйшага сапраўднага граніту ў 1830 го¬дзе, яшчэ за часоў Уніі. Перад апошняй вайной Сабакінцы палякі было перазвалі ў Нарбутова, у гонар героя паўстання Каліноўскага. А па вайне Нарбутова было перайменаванае ў Першамайск.

Подых пушчы адчуваецца нават у назвах вёсак: Зубрава, Зубраўка, Рыскі, дзе і дасёння зберагліся аўтэнтычныя старадаўнія хаты. Далёка з лесу відаць Зубраўскую гару. Пад ёй добраўпарадкавалі 6‑кіламетровую «экалагічную сцяжыну», што пачынаецца за вёскай Рыскі і цягнецца да дзяржаўнай мяжы. Абапал — рэшты першабытных селішчаў, дзюны, бруснічнікі… У Катранскай пушчы расце прынамсі 14 раслінаў, занесеных у Чырвоную кнігу: пальчатакарэннік балтыйскі, зубніца клубняносная, купальнік горны ды іншыя. Тутсама нядаўна знайшлі і рэдкасную мякатніцу адналісную. Усяго ж у заказніку расце 633 віды раслінаў! Рай для пытліўца, асабліва калі ўзяць з сабой у падарожжа вызначальнік флоры.

Тут друкавалі «Мужыцкую праўду»

Тут, у нетрах Катранскае пушчы, Валеры Урублеўскі ціснуў «Мужыцкую праўду», тут кіпелі баі 1831 і 1863 гадоў. Пра паўстанне Каліноўскага тубыльцы распавядаюць гэтак жыва, нібы тое было на іхняй памяці. Ад праваслаўнай вёсачкі Матылі праз рэчку з самавітай назваю Скарбянка можна дабрацца ў Дудкі. У тутэйшай школцы, збудаванай яшчэ за польскім часам, чвэрць плошчы аддадзеная пад музей паўстання 1863 году… А за полем — ужо Літва.

Котра — унікальная, раздвоеная рака. Спачатку Котра і Вула фармуюць адну раку. Мінуўшы мяжу Беларусі і Літвы, рака разбягаецца на дзве незалежныя рэчкі: Котру — прыток Нёмана, і Вулу — прыток Мерычанкі. Так склалася ў ХІХ стагоддзі, калі рэчышча Вулы знянацку перасякло водападзел Котры. У выніку два ранейшыя прытокі Котры цяпер належаць да Вулы. Праз тое панізіўся ўзровень грунтавых водаў і амаль зніклі некалькі тутэйшых вялікіх азёраў. Але найбольшае з іх, Бярштанскае, захавалася ва ўсім сваім харастве. Рэха б’ецца ў берагах аточанага лясамі, як сінім ружанцам, возера, нібы ў гарах. У самім мястэчку галоўнай цікавосткаю ёсць старасвецкая царква Параскевы Пятніцы, збудаваная ў 1816‑м.

Бярштанскае возера злучанае двума пратокамі з рэчкай Котрай. Праз адну пратоку вада з ракі трапляе ў возера, а праз другую, каля выселку Бераставіца, вяртаецца ў рэчку.

З Берштаў варта заехаць у Азёры (сядзіба паэта Юрася Пацюпы), мястэчка на беразе прыгожага возера Белае. Цяпер тут ёсць добры аквапарк з саўнамі, на месцы некалі слыннага дзіцячага лагеру «Брыганціна». У мястэчку захаваўся выбітны мемарыял паўстанцам 1863 году. Стаіць таксама старая гранітная царква Святога Духа, а поруч — навюткі касцёл Хрыста Валадара, зграбнай архітэктуры, што імітуе тутэйшае барока.

Радовішча цукру

У Галавачах давядзецца пераехаць Котру яшчэ раз. Тут яна ўжо зусім шырокая.

Пасля ляжыць Скідаль, часам прысыпаны цукровай пудраю. Тутэйшы цукровы завод займае некалькі кварталаў. Варта паказаць дзецям, з чаго слодычы робяцца. З мільёнаў пыльных буракоў, складзеных у вялізарныя горы!

Блізкасць Гродна зацяняе цяпер гэтае мястэчка. Між тым, Скідаль, альбо Скідзель, як яго называюць самі тубыльцы, адзначыў ужо сваё паўтысячагоддзе. Мясцовы парк колішняе сядзібы Антановічаў‑Чацвярцінскіх быў закладзены яшчэ ў 1840‑я гады. На жаль, да непазнавальнасці панявечылі дзесятак гадоў таму старадаўнюю тутэйшую царкву Міхала Арханёла. Яе бязлітасна абклалі самай няякаснай сілікатнай цэглаю. А калісьці ж тут святарыў найцікаўшы протаіерэй а.Яўген Сянько, мастак‑рэстаўратар, які панаўляў абразы на Галіччыне ў 1930‑я гады, а па вайне быў рукапаложаны ў святары ў Жыровічах і да пачатку 1952 году тут служыў. Нават сам адліваў званы!

Натуральна, у Скідзелі варта наведацца і ў музей паэта Міхася Васілька. Спыніцца ў Скідзелі варта ў гасцініцы.

Са Скідзеля найцікава спусціцца на байдах уніз па рацэ — бурлівай, порсткай, чыстай, што набірае духу для апошняга рыўка, каб уварвацца ў Нёман. Калі ж вы не аматар экстрыму, то прынамсі праехаць яе левабярэжжам. Берагі тут становяцца ўсё вышэйшымі і вышэйшымі.

У Агародніках Котра ўжо нагадвае рэкі Каўказу — настолькі страсна яна захлёствае россып гранітных валуноў на доўгім перакаце. Доўгачаканы атракцыён для байдарыстаў! А праз кіламетр яна раптоўна ўлятае ў каламутны тут Нёман. У ім вада млявая і цяплейшая, а ў ёй — халодная і бадзёрая.

Пушча адпускае. Нёман запрашае ў падарожжа іншага кшталту.

Сяргей Харэўскі

Катранская пушча

лес у Шчучынскім раёне, на левабярэжжы Котры. Плошча 12,4 тыс. га. Уздоўж ракі — верасовыя бары, што чаргуюцца з верхавымі сфагнавымі хвойнікамі. Сустракаюцца прыбалотныя чарнічныя ельнікі і бярэзнікі. Ёсць ясянёвыя лясы.

Котра

правы прыток Нёмана. Выток паміж вёскамі Парамелі і Казішкі. Даўжыня 140 км. Сярэднегадовы расход вады ў вусці 12,8 мі/с. Амаль на ўсім працягу цячэ праз лес. Рэчышча моцна пакручастае, ніжэй вёскі Агароднікі Шчучынскага раёну на працягу 3 км камяністы перакат. Берагі ў ніжнім цячэнні да 15 м увышкі.


Завуч Дудкоўскай базавай школы Таіса Бялячыц пільнуецца аб музеі
героя паўстання 1863 году Людвіка Нарбута.

Глядзі таксама:
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0