У панядзелак, 12 кастрычніка, мінчука Ігара Скаруліса аштрафавалі за ўдзел у мітынгу. Ён атрымаў 25 базавых.

Мужчыну прыцягнулі да адказнасці яшчэ за жнівеньскі мітынг з фармулёўкай, што яго асобу вызначылі праз нейкую сістэму распазнавання твараў.

«Мне нечакана пазванілі з РАУСа, запрасілі прыйсці 6 кастрычніка. Я пракансультаваўся з праваабаронцамі, зразумеў, што чакаць позву можна, але не мае сэнсу, — узгадвае Ігар. — У міліцыі мне паказалі маё фота з акцыі 30 жніўня. Раздрукоўка на А4 фармаце.

На здымку быў я — іду па цэнтры праспекта. Ад маёй выявы ішла стрэлачка — і былі падпісаныя дадзеныя: імя і прозвішча, была фотка з пашпарта майго, нумар пашпарта, дата нараджэння, усё астатняе.

Нейкі маёр мне патлумачыў: нібыта працуе нейкая сістэма, кітайскі софт, які адсочвае твары людзей. Па нейкіх рысах твару сістэма нібыта адсочвае і параўноўвае твары з фатаздымкамі з афіцыйных дакументаў: пашпарту, правоў. Наколькі гэта праўда, я не ведаю.

Тая сістэма знайшла на здымку, які мне паказалі, двух чалавек: мяне і яшчэ аднаго чалавека.

Ну і па білінгу тэлефона яны ведалі, што я там быў».

 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?