Кульмінацыяй ушанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай традыцыйна ёсьць урачыстае шэсьце са сьвечкамі апоўначы. Яно абыходзіць Красную плошчу, над якой узвышаецца базыліка.

Пілігрымы зьбіраюцца ў Будслаў з усёй Беларусі, сёлета групы вернікаў прыйшлі ў Буду таксама з Польшчы, Літвы, Расеі, Латвіі. У групах паломнікаў пераважалі школьнікі й студэнты ад 10 да 25 гадоў. Найбольшая калёна пешых пілігрымаў прыбыла зь Віцебшчыны – каля 1500 чалавек.

Намётавыя лягеры разьбітыя на ўсіх канцах мястэчка. Палявыя кухні раздаюць гарачую макарону ды чай.

Зь Менску пешшу адолелі шлях 450 чалавек. Дарога заняла ім 5 дзён.

«Было асабліва прыемна апошнія два дні, у Заходняй Беларусі, дзе гаспадары частуюць пілігрымаў і прымаюць на начлег. Нават лазьню нам зрабілі», -- кажа нам хлопец з гітарай каля аднаго з намётаў. Яго завуць Андрэй Такінданг. Ён студэнт Унівэрсытэту культуры і ходзіць сюды ўжо пяты год. Ужо другі год зь ім крочыць ягоная маці, што адмыслова бярэ адпачынак.

Апошнія мэтры дарогі да абраза, у самой базыліцы, упрыгожанай гіганцкімі гірляндамі з дубовага лісьця, вернікі прапаўзаюць на каленях. Самыя палымяныя сярод іх ішлі на хлебе й вадзе.

Традыцыйна людзі нясуць з сабой у дарогу камень – які сымбалізуе груз граху.

Сталічная парафія Сьвятых Сымона і Алены выступіла з ініцыятывай, каб з наступнага году кожны пілігрым замест яго нёс з сабой мяшэчак роднай зямлі. Мясцовыя ўлады ідуць насустрач: за Сэрваччу насупраць базылікі вылучанае месца, дзе тую зямлю будуць ссыпаць у адзін курган. «Да тысячыгодзьдзя базылікі, з адраджэньнем веры тут паўстане самая высокая гара Беларусі», -- напаўжартам-напаўусур’ёз кажа пробашч парафіі Ўладзіслаў Завальнюк.

Менчукі задумалі і яшчэ адну сымбалічную акцыю. Будслаў быў падараваны бэрнардзінам у 1504 годзе. Галоўнай крыніцай прыбытку першых слугаўХрыстовых тутака быў сплаў лесу. Першыя плыты да Вільні пайшлі па Сэрвачы і Вяльлі ў 1507 годзе. Мяркуецца, што шляхам манахаў-плытагонаў налета зь Вільні ўздымецца міжнародная водная пілігрымка на чаўнах і байдах.

Сёлета ж галоўным відам транспарту быў аўтамабільны. Адных аўтобусаў у Буду зьехалася 140, аўтамабілі ж занялі прасторныя выганы на ўездах у мястэчку і суседнія вёскі. Дзяцей асабліва пацешылі пілігрымы на ўпрыгожаных сінімі і жоўтымі агеньчыкамі – колеры Касьцёлу -- магутных матацыклах.

Калёны паломнікаў аздабляла таксама бел-чырвона-белая атрыбутыка, а моладзь як адзін носіць значкі «За Свабоду» і «16».

«Нас дзесяць чалавек, мы ішлі сюды з Жодзіна пад бел-чырвона-белым сьцягам», -- расказвае лідэр тамтэйшай моладзі Павал Красоўскі. Спалены сонцам, ён не хавае радасьці. Якраз перад пілігрымкай спынілі палітычна матываваную крымінальную справу, якую яму спрабавалі прышыць перад выбарамі.

Ахоўнікаў парадку ў Будславе няшмат. Дый яны й не патрэбныя. Нягледзячы на тое, што частка абарыгенаў скарыстоўвае фэст як нагоду шашлыкоў і піва, якія масава прапануе мясцовая спажыўкаапэрацыя, у мястэчку пануе ціша і зычлівасьць. Палаткі гандлююць фэставым таварам, сярод якога вылучаюцца традыцыйныя самаробныя смактулькі-пеўнічкі і ляндрынкі ў каляровых абгортках.

Будслаўскі фэст вылучаецца шматканфэсійнасьцю і шматнацыянальнасьцю. Праваслаўныя манашкі ў ятцы прадаюць манастырскія прысмакі. За гадзіну да поўначы акафіст сьпявае хор грэка-каталіцкае царквы. Уніяцкая служба па ўсходнім абрадзе адбылася ў старым касьцёле пасьля галоўнае мшы.

Яднае ўсіх вернікаў беларуская мова – на ёй вяліся ўсе службы. Уражвае колькасьць сучасных каталіцкіх поп-песень на роднай мове. І ксяндзы – сапраўдныя дыск-жакеі.

Фэст скончыўся ў нядзелю літаніяй да Маці Божай і дзённай працэсіяй. Ён быў першым пад началам новага кіраўніка Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?