Справа вернутая на паўторны разгляд у суд Маскоўскага раёну Брэста.
7 мая ў абласным судзе Брэста адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста аб прызнанні шэрагу публікацый у № 7–8 недзяржаўнага інтэлектуальнага часопіса «Arche» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню». Перасуд быў прызначаны на 6 красавіка, але перанесены на 7 мая па ініцыятыве судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда.
Рэдактар часопісу «Archе» Валер Булгакаў, які прысутнічаў на працэсе, адзначыў, што суддзі карысталіся ў часе працэсу беларускай мовай.Судовая нарада доўжылася ўсяго 5 хвілінаў. Гэта можа азначаць, што рашэнне было перадвызначаным.
Нагадаем: 25 лютага суддзя Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Міранюк задаволіла заяву упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці ад 30 снежня 2008 г. аб прызнанні выдання экстрэмісцкім. «…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна‑палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь», — сцвярджалася ў заяве за подпісам начальніка УКДБ, палкоўніка Леаніда Дзядкова.
Меліся на ўвазе артыкулы палітолагаў, прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў Беларусі і выбарам 2008 году.
Слуханні тады праходзілі ў закрытым рэжыме і доўжыліся ўсяго адну гадзіну.
«Arche» — адно з апошніх беларускамоўных і адначасова адно з усяго некалькіх апазіцыйных да лукашэнкаўцаў выданняў, што захаваліся. Дзякуючы сваёй якасці, «Arche» адзіным з беларускіх выданняў далучанае да еўрапейскае сеткі інтэлектуальных часопісаў «Eurozine».
Рэдактар часопісу «Archе» задаволены рашэннем калегіі Брэсцкага абласнога суда. На ягоную думку, канчатковая перамога часопіса стала б важным прэцэдэнтам для абароны права на свабоду выказвання і меркавання.
У справе «Arche» запыт у беларускі МЗС дасылаў офіс упаўнаважанага па свабодзе СМІ пры АБСЕ. Гэтую справу перад беларускімі ўладамі ўзнімалі таксама дыпламаты краінаў Еўрасаюзу.