«Аляксандар Казулін павінен быць неадкладна вызвалены з-пад варты, гэтак жа як і ўсе іншыя палітзьняволеныя ў Беларусі. Дэмакратычна настроеная грамадзкасьць у маёй краіне хацела б спадзявацца, што суд над палітыкам не ператворыцца ў палітычны фарс», - заявіў сёньня Аляксандар Мілінкевіч падчас візыту ў Варшаву, дзе ўдзельнічае ў міжнароднай канфэрэнцыі «Палітыка Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да ўсходніх суседзяў: якімі будуць узаемаадносіны?».

Разам з тым лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў з шкадаваньнем канстатаваў, што зьняволеньне палітычных апанэнтаў «сталася нормай» у Беларусі.

«Я заўжды шчыра кажу лідэрам эўрапейскіх дзяржаў і ўплывовым палітыкам – любы кантакт зь беларускім рэжымам магчымы толькі пры выкананьні абавязковай першай умовы – усе палітычныя вязьні ў краіне павінны выйсьці на волю. Гэта самае хуткае і самае лёгкае, што можа зрабіць беларускі рэжым, калі ён разьлічвае палепшыць свае адносіны з цывілізаваным сьветам», - перакананы палітык.

У адказах на пытаньні журналістаў Аляксандар Мілінкевіч закліаў таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі выслаць сваіх прадстаўнікоў на суд над Аляксандрам Казуліным.

Нагадаем, што судовы працэс над былым кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Аляксандрам Казуліным пачнецца 6 ліпеня ў Менску.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0