Таццяна Бумажкова выступіла з адкрытым лістом да кіраўніка ўлады, у якім узнімае як асабістыя пытанні, так і выкрывае палітыку фальсіфікацыі гісторыі і праслаўлення сталінізму: «Да ўлады прыйшлі людзі, якія ўзнавілі ў сваёй працы асноўны прынцып акупацыйнага рэжыму».

Адкрыты ліст

Сп. Лукашэнка,

яшчэ ўвосень мінулага году Вы абвясцілі аб падрыхтоўцы да святкавання 65‑годдзя вызвалення Беларусі з адпаведнымі выпадку дэкларацыямі пра «памяці», «павагу» і г.д. Я хачу распавесці, як, ідучы за Вашым заклікам, ставяцца да памяці майго таты Ваша капыльская «вертыкаль» і Вашае атачэнне.

Мой тата – Макар Піменавіч Бумажкоў, знакаміты ў гады вайны партызанскі камбрыг, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў беларускага партызанскага руху як народнага супраціву. Менавіта – народнага супраціву, таму што партызанскі рух не быў аднародным, у ім існавалі і спецыфічныя дыверсійныя, карныя плыні, кіраваныя непасрэдна з Масквы такімі спецыялістамі як заслужаны кілер Савецкага Саюзу генерал НКВД Павел Судаплатаў, і ваенныя аперацыі такога кшталту «партызан» неслі, як правіла, свядома разлічаныя гібельныя наступствы для мясцовага насельніцтва.

У першыя месяцы вайны, калі разгром Чырвонае Арміі дасягнуў памераў ваеннай катастрофы, што не мела аналагаў у гісторыі сучаснай цывілізацыі (толькі колькасць чырвонаармейцаў, што трапілі ў палон, была роўнай агульнай колькасці ўсіх нямецкіх войск), калі Сталін прыніжана маліў Рузвельта і Чэрчыля паслаць яму на фронт 56‑58 амерыканскіх і англійскіх дывізій пад камандаваннем амерыканскіх жа і англійскіх генералаў, — у гэтыя месяцы тата ўжо камандаваў створаным ім партызанскім атрадам, які на працягу наступнага году вырас да добра арганізаванай брыгада, якая крыху пазней стала асновай Палескага злучэння.

Без аніякіх указанняў і дапамогі яны нападалі на гітлераўскія аўтакалоны, бензасховішчы, склады, грамілі гарнізоны, апорныя пункты, адцягвалі на сябе часткі вермахту і эсэсаўскіх дывізіяў. За няпоўныя два гады сышлі пад адкос 156 варожых эшалонаў з жывой сілай, тэхнікай, боепрыпасамі і ўсім тым, без чаго войскі не могуць ваяваць. За галаву таты была прызначана вялікая ўзнагарода, але партызанскі край свайго камбрыга не выдаў. Заслужыць такое стаўленне насельніцтва было няпроста: у смутныя 41‑ы—42‑і гады мала хто сумняваўся ў поўным краху Масквы і многія служылі ў паліцыі.

Наўрад ці патрэбныя дадатковыя тлумачэнні рашэнню нашай сям’і апусцелы дом таты не прадаваць, а захаваць як памяць, каб потым перадаць яго ветэранскай арганізацыі альбо музею. Мы не прасілі дапамогі ў дзяржавы, зрабілі капітальны рамонт з заменай усяго, аж да мэблі і свяцільнікаў, з цудоўным унутраным аздабленнем. Летам 2005 г., у год 60‑годдзя Перамогі, я прыехала ў Капыль, каб скончыць вонкавае аздабленне дому і ўсталяваць памятную шыльду.

Дом быў спустошаны. У лютыя маразы капыльскі ЖКГ (дырэктар Карэеў Г.А.) абрэзаў цепласетку, не парупіўшыся зліць ваду з батарэяў ацяплення. «Рамонт» дарогі побач дакончыў разгром:

«сэндвіч» з новых слаёў асфальту і пяску, пакладзеных на папярэднія, дасягнуў крытычнай вышыні і зрабіў немагчымым карыстацца ня толькі форткай, участкам і г.д., але, галоўнае, каналізацыяй.

Рамантаваць дом дырэктар ЖКГ (Камкоў М.М.) адмовіўся, спасылаючыся на крайнюю беднасць сваёй арганізацыі. Тлумачэнні паўтарыліся ў прысутнасці намесніка старшыні райвыканкаму па будаўніцтве (Бурак Л.М.), я паверыла і ўзяла на сябе паўторны рамонт дому, але з умовай, што ЖКГ падключаць цепласетку, як толькі ў доме змантуем новыя сістэмы.

Выкананне абяцанняў Камкоў зацягнуў на доўгія месяцы і ў канцы лістапада, за тыдзень да майго ад’езду, паставіў перад выбарам: альбо я аплачваю матэрыялы для ЖКГ, альбо яны не здолеюць падключыць дом таты да цяпла да наступлення маразоў. Як Вы думаеце, сп. прэзідэнт, які варыянт я выбрала?

Увесну наступнага году я ўбачыла цану сумленнасці Вашых чыноўнікаў – укладзеныя проста па зямлі дарагія трубы, перад домам кінутыя ў незарытую траншэю і яму з вадой. Дом без цяпла пачаў гніць. Мясцовыя пасяляне, пабачыўшы беззаконне ўладаў, пацягнулі з дому ўсё, што трапляла ў рукі, у разліку на такую ж беспакаранасць. Намеснік начальнік раённай зямельнай службы (Малеж А.А.) узяў перадаплату за прадастаўленне першапачатковых межаў сядзібы – і, паводле традыцыі, не зрабіў анічога. Але пасля таго як ад мяне стаў бегаць старшыня райвыканкаму (Бода М.Т.), стала зразумела, што я маю справу не проста з кучкай непрыстойных чыноўнікаў, а з арганізаваным цкаваннем – магчыма, таму, што як высветлілася пазней, Бодзе глянуўся дом таты.

Я звярнулася ў вышэйстаячыя арганізацыі па дапамогу. Толькі адна служба — Ваша Служба бяспекі — загаварыла аб выкананні законнасці. Ашаломленыя такім паваротам, мясцовыя ўлады ў некалькі дзён склалі каштарыс па аднаўленні разбураных дому і пляцу. Каштарыс быў мінімальны, палова той сумы, якую чыноўнікі фактычным разбоем і махлярствам выцягнулі з кішэні нашай сям’і, — але і яна была заблакаваная ўжо на ўзроўні Мінскага аблвыканкаму. Старшыню аблвыканкаму (Крупец Л.Ф.) падтрымалі тадышні кіраўнік Рады бяспекі (Шэйман В.У.) і міністр ЖКГ (Белахвостаў В.В.). Гэта ва ўсім астатнім свеце лічыцца абавязковым законам абавязковая кампенсацыя шкоды бокам, які нанёс шкоду. Тут гэта не факт, асабліва калі прыватную ўласнасць знішчаюць дзяржчыноўнікі і дзяржустановы. Тут усё робяць іначай: аб’яднанымі намаганнямі ведамасных юрыстаў ствараюць падложны, па сутнасці, дакумент, у якім без аглядкі на законы перадзёргіваюць факты на карысць улады.

Я звярталася з скаргай да генеральнага пракурора (Васілевіч Г.А.). Праз два дні атрымала адказ ад… абаронцы правоў чалавека пры пракуроры С.Паўлавай, якая паведаміла, што мой ліст накіраваны на рэагаванне ў аблвыканкам з фармулёўкай: «неналежнае ўтрыманне дому» (?!) Я к высветлілася, пошту на сваё імя генпракурор не праглядае. Ёй займаюцца клеркі, якія рассылаюць лісты паводле свайго выбары альбо – як у маім выпадку – адпаведна пачуццю гумару. Службовыя тэлефоны генпракруора, ягонай прыёмнай, дарадцаў, памочнікаў з’яўляюцца страшнай дзяржаўнай таямніцай, недаступнай простаму грамадзяніну Беларусі. Гэтую ж таямніцу строга ахоўваюць і ў Вашай адміністрацыі, якая, як і Генпракуратура, мае права кантраляваць дзеянні «вертыкалі» улады.

У маленькай краіне, дзе колькасць насельніцтва вагаецца каля даваеннага ўзроўню, а колькасць карэнных жыхароў няўхільна скарачаецца, да ўлады прыйшлі людзі, якія ўзнавілі ў сваёй працы асноўны прынцып акупацыйнага рэжыму: ізаляцыя кіруючай вярхоўкі ад акупаванай масы, уключаючы забарону нават на тэлефонны доступ у службовы кабінет.

Немагчымасць аднаўлення справядлівасці ў рамках дзейснага дзяржаўнага ўладкавання з’яўляецца адной з рысаў таталітарнай дыктатуры, альбо яе адваротнага бока – безуладдзя. У першым выпадку захаванне законнасці і роўнасці перад законам блакуецца цвёрдай, як у пацучынай зграі, іерархіяй і падначаленасцю. У другім – за шырмай «кіраўніка», як калісьці пры спаўзаючым да прыдуркаватасці Брэжневе, што кіраваў толькі намінальна, б’юцца за ўладу кланы паплечнікаў, нічым болей не займаючыся і ні за што не адказваючы.

Якую ж уладу пабудавалі Вы і Вашае атачэнне, калі жорсткай кругавой паруцы, якая цэментуе ўсе звёны Вашых уладных структураў, калі поўнай беспакаранасці Вашых чыноўнікаў, свабодных у сваіх учынках не толькі ад выканання законнасці, але і ад любой маралі, — пазайздросціць любая злачынная групоўка. Вашая капыльская «вертыкаль», надзейна прыкрытая вышэйстаячай «вертыкаллю», без страху гнаіць дом партызанскага камбрыгу і здзекваецца з ягонай памяці. Затое ў патрэбныя даты яны пранікнёна заклікаюць да «памяці», «павагі», «клопату»…

Цынізму яны навучыліся ў Вас, сп. Прэзідэнт.

Яшчэ на другім годзе свайго кіравання Вы выступілі па беларускім радыё з прамовай, якая абразіла ўвесь беларускі народ. Вы ўсхвалялі Гітлера як узор дзяржаўнага дзеяча, за ягоныя невымерныя поспехі ў пад’ёме эканомікі Германіі.

У Вас ужо тады былі кепскія дарадцы. Усе мы выйшлі з СССР з вывіхнутымі глуздамі, але да таго часу Вашыя дарадцы маглі б пачытаць яшчэ што‑небудзь апроч «Статуту РККА», — і тады б Вы таксама ведалі, што здольнасці Гітлера тут ні пры чым, пытанне пад’ёму эканомікі Германіі вырашалася выключна палітычнымі меркаваннямі Сталіна, і без усёахопнай падтрымкі СССР, ад паставак пшаніцы і стратэгічнай сыравіны да прадастаўлення ваенных базаў, Гітлер ніколі б не здолеў распачаць Другую сусветную вайну.

Наступная Ваша заява – пра недастатковасць беларускай мовы для выражэння ўсёй глыбіні Вашых думак і што толькі расейская мова і, вы дапускалі, англійская адпавядалі інтэлектуальнаму зместу Вашай натуры, — уразіла беларусаў як нацыю. Менавіта

за гады Вашага кіравання выкарыстанне беларускай мовы зведзенае да ўзроўню, калі беларускія вядучыя на Беларускім тэлебачанні не ў стане падтрымаць размовы на роднай мовы з часам узнікаючым у шоў беларускім грамадзянінам.

А Вашы неаднаразовыя выхвальныя прызнанні ў тым, якімі каштоўнымі аналітычнымі матэрыяламі забяспечваюць Вас расійскія спецслужбы! Пакідаючы ўбаку рытарычнае пытанне: а чым жа займаюцца шмталікія аналітычныя цэнтры беларускіх спецслужбаў і аналітычны прыдатак Вашай адміністрацыі? – задамо наступнае рытарычнае пытанне:

калі Вы, сп. Прэзідэнт, у дзяржаўнай дзейнасці зыходзіце з матэрыялаў спецслужб іншай дзяржавы, то хто насамрэч накіроўвае ўнутраную і замежную палітыку нашай краіны і ў чыіх інтарэсах?

Любое з гэтых прыведзеных выказванняў каштавала б кіраўніку любой дэмакратычнай краіны і дзяржаўнай пасады, і палітычнай кар’еры. Але Вы, сп. Прэзідэнт, лічыце маральна зручным для сябе і далей казаць «ад імя беларускага народу»…

У Беларусі доўгія гады ідзе псіхалагічная вайна супраць уласнага насельніцтва — у традыцыях Савецкага Саюзу, з тым жа галоўным складнікам — дэзінфармацыяй. Найперш гэта тычыцца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе непарушнасць савецкай міфалогіі, відавочна, уяўляецца Вашаму атачэнню гарантам поспеху ў апрацоўцы масавай свядомасці людзей.

Фальсіфікацыя падзеяў вайны дайшла да грубай містыфікацыі. Ініцыятарам першага адкрытага ашуканства краіны ў выглядзе нагляднай агітацыі «аднаўленне «Лініі Сталіна» стаў Ваш бліжэйшы паплечнік Шэйман
– гэты прывадны рамень Масквы, які зрабіў у сваёй кар’еры амаль цыркавы кульбіт ад загклубу ў савецкім гарнізоне ў Афганістане да амаль баявога генерала, калі верыць атрыманым узнагародам.

Будаўніцтва укрэпраёнаў уздоўж заходняй мяжы СССР абышлося савецкаму народу ў 120 млрд залатых рублёў. З 1939 г. УРы сталі знішчаць, але марудна, і маглі б не паспець да пачатку вайны, калі б да справы не падключыўся новы начальнік Генштабу генерал Жукаў. Дзякуючы ягонай нечалавечай энергіі і жорсткасці цыклапічныя падземныя збудаванні «Лініі Сталіна» былі сцёртыя ў парашок якраз перад вайной. Цяперашнія пацешныя гульбішчы на цацачным макеціку адначасова і жалю вартыя, як забавы чалавека, што ў дзяцінстве не нагуляўся салдацікамі, — і цынічныя, як ухмылка над памяццю мільёнаў забітых салдат, якія праз абсалютную некампетэнтнасць начальніка Генштабу Жукава апынуліся з пустой трохлінейкай у руках пад шквалам нямецкіх мін і гусеніцамі нямецкіх танкаў. На макеціку ўжо прыладзілі бюсцік Сталіна і завялі сціплы пакуль рытуал, але ўжо дэманстраваны на беларускім ТВ, з «ускладаннем кветак» і згадваннем Вамі невядома якіх зацятых баёў». Відаць, у Вашым атачэнні няма каму параўнаць простыя лічбы: 22 чэрвеня пачалася вайна, 26 чэрвеня з поўначы ў Мінск увайшлі танкі Гота, 27 чэрвеня з захаду – танкі Гудэрыяна…

Сталін з наркомам абароны Цімашэнкам і начальнікам Генштабу Жукавым нясуць наўпростую адказнасць за небывалы ў гісторыі разгром войска, якое па ўсіх параметрах шматкроць пераўзыходзіла сілы суперніка, і з’яўляюцца галоўнымі вінаватымі ў вале бедстваў, пакутаў і гора, што абрынуліся на Беларусь. Іх імёны не могуць праслаўляцца на нашай зямлі.
У СССР любілі ставіць помнікі катам, марадзёрам і карнікам. У Беларусі іх песцяць, асабліва мемарыял «абаронцаў Брэсцкай крэпасці», што ўвайшоў у беларускую міфалогію з 60‑х гадоў.
Вас, сп. Прэзідэнт, ніколі не цікавіла, чаму ў гады Вашага школьнага дзяцінства ўсім убівалі ў галаву легенду пра адзінага выратаванага з усіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці хлопчыка‑гарніста Пецю Клыпу, а з сярэдзіне 90‑х гадоў наведваць Беларусь сталі ўсё новыя і новыя абаронцы крэпасці, якія да гэтага часу настойліва не адгукаліся?

Іх сціпласць звязаная з датай 14 чэрвеня 1941 году. У гэты дзень уздоўж заходняй мяжы СССР была праведзеная «зачыстка» тэрыторыі ад «ворагаў народу». Мясцовымі работнікамі НКВД былі загадзя складзеныя спісы тых, хто – у дадзеным выпадку «пры Польшчы» – узначальваў якое‑небудзь таварыства ці гурток, няхай нават спартыўны, альбо проста быў іх членам, а таксама ўсе «недабіткі» і «памагатыя» на думку мясцовых работнікаў і агентаў НКВД. Затым карнымі батальонамі Осназ пры падтрымцы аператыўных, канвойных, ахоўных, а таксама частак чыгуначных войскаў НКВД у адзін момант была праведзеная аперацыя. Сем’і з дзецьмі, старымі хапалі, у чым былі, набівалі плачучымі людзьмі вагоны для быдла загадзя падагнаных эшалонаў і без спынення накіроўвалі ў раёны Запаляр’я. Людзі разумелі, што едуць на смерць.

18 чэрвеня пачалася эвакуацыя з памежных раёнаў сем’яў работнікаў і агентаў НКВД, а 18‑19‑20‑га пад гэтым прыкрыццём у глыбокі тыл, у Сібір, на перафармаванне былі накіраваныя памежнікі (у тым значэнні, у якім мы сёння ўспрымаем гэтае слова) з камендатур, застаў, атрадаў і штаба памежнай акругі Беларусі, і вайну яны, на чале з начальнікам памежных войскаў Беларускай акругі генерал‑лейтэнантам НКВД Багданавым сустрэлі там жа. Мяжа была аголеная і толькі ў стратэгічна важных месцах – масты, развязкі і г.д. знаходзіліся карныя часткі НКВД, што не сышлі з тэрыторыі «зачысткі». У Брэсцкай крэпасці вайну сустрэлі Осназ і іншыя фармаванні НКВД, што ўдзельнічалі ў карнай аперацыі. У прыватнасці,

каля Тэрэспальскіх варотаў, дзе год таму так рамантычна, з запаленымі свечкамі, славілі «абаронцаў крэпасці», знаходзіўся 132 канвойны батальон НКВД і 17‑ы полк НКВД. У адрозненне ад чырвонаармейцаў, карнікі былі ўзброеныя новенькімі ППШ і боезапасам і здолелі адстрэльвацца некалькі дзён. Цяжка сказаць, з кім болей яны баяліся сустрэцца – з гітлераўцамі альбо з тымі мясцовымі жыхарамі, якія цудам пазбегнулі «зачысткі»
і цяпер прагнулі помсты.

14 чэрвеня – гэта дзень утварэння эсэсаўскіх дывізіяў: эстонскай, латышскай, літоўскай, гомельскай, галіцыйскай… Туды першымі прасіліся тыя, хто ў адзін дзень страціў свой дом і сваю сям’ю з самымі дарагімі і блізкімі людзьмі. І калі няма на іх руках крыві безабароннага насельніцтва, то гэтыя людзі заслугоўваюць значна большага разумення, чым савецкія карнікі з санкцыянаванай дзяржаўнай жорсткасцю супраць бяззбройных.

Вайна Вашага атачэння супраць гісторыі і памяці беларускага народу дайшла да здрады нацыянальных інтарэсаў. У гэтым шэрагу не толькі такія «прарывы», як ваенны саюз з Масквой, які ізноў паставіў Беларусь у становішча буферу ўсё з тымі ж гібельнымі наступствамі для беларусаў. У гэтым шэрагу і працяг нахабнай дэзінфармацыі, і праслаўленне марадзёраў і карнікаў, і наўмысныя ганьбаванні магіл ахвяраў дзяржаўнага тэрору ў Курапатах, і свядомыя здзекі з памяці майго таты, храбрага партызанскага камбрыгу…

Камкоў, Карэеў, Бурак, Бода, Малеж, Крупец, Шэйман, Белахвостаў, Васілевіч – гэтыя прозвішчы не былі чутныя падчас вайны, калі так не хапала тых, хто ішоў першым і вёў за сабою іншых, што ж сёння дзеці (ўнукі?) гэтых людзей кпяць з памяці чалавека, чые мужнасць і гераізм былі б гонарам любой краіны.

Майго тату баяліся і ненавідзелі гітлераўцы.

Цяпер яго ненавідзіць Ваша «вертыкаль» улады.

Цяпер, сп. Прэзідэнт, Вы не здолееце сказаць, што нічога пра гэта не ведалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?