Устаноўчая імпрэза «Усходняга партнёрства» ў пахмурнай Празе атрымалася болей будзённай, чым многія чакалі. Нават выніковую дэкларацыю, як высветлілася, падпісваць не прадугледжвалі — бакі проста сімвалічна абмяняліся копіямі тэксту. Дый не толькі Лукашэнка, але і лідэры шэрагу буйных заходніх краін у чэшскую сталіцу не прыляцелі.

Што ж да Лукашэнкі, то ён у гэты дзень яшчэ і паказальна сустрэўся з расійскім амбасадарам. Прычым адразу падкрэсліў, што хоча дакласці пра сутнасць сваёй гутаркі з Юшчанкам у Гомелі. Маўляў, ніякіх сакрэтаў і ніякіх камянёў за пазухай. Так і ведайце: «Усходняе партнёрства» — не ва ўрон Расіі.

Канечне, у Маскве не такія прасцякі, каб весціся на піяраўскія рэчы. І хоць разумеюць, што Лукашэнку сварыцца з Расіяй сапраўды няма рацыі, але на новую праграму ЕС усё адно будуць касавурыцца. Якая б ні была абгортка, а патыхае геапалітыкай. Тое, што на мове Бруселя дыпламатычна называецца поясам добрасуседства, для Масквы — санітарны кардон. Абкладаюць!

Варта згадаць, як нервова адрэагавала расійскае кіраўніцтва на супольную сакавіцкую дэкларацыю Кіева з Бруселем аб мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сістэмы. У Гомелі напярэдадні пражскага саміту кіраўнікі Беларусі і Украіны таксама шмат гаварылі пра энергетыку.

Пастфактум з вуснаў Лукашэнкі прагучала: «Віктар Юшчанка сказаў, што Еўропа цікавіцца пазіцыяй Беларусі па энергетычных пытаннях, транзіце. Я адказаў: так, гэта нам вельмі выгадна, усе праекты будуць намі падтрымлівацца і рэалізоўвацца».

Не сакрэт, што звышзадача Еўропы пры гэтым — аслабіць дыктат усходняй «энергетычнай імперыі».

Ці выпадкова у Прагу паляцеў Сямашка — куратар беларускай энергетыкі? А міністр Мартынаў там жа абмяняўся з еўракамісаркай Ферэра-Вальднер тэкстамі пагаднення аб супрацы між Беларуссю і ЕС у сферы энергетыкі. Працэс пайшоў!

Адметна, што Сурвіла, Пазьняк, Шушкевіч і Казулін у супольнай заяве датычна «Усходняга партнёрства» таксама робяць акцэнт на тым, што «прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў галіне эканомікі маглі б стаць энергетыка і дыверсіфікацыя паставак энергетычных рэсурсаў, менавіта — інвестыцыі ў праектную і тэхналагічную дзейнасць па транспарціроўцы энергетычных рэсурсаў (нафты, газу, электрычнасці)».

Лукашэнка ж, адмовіўшыся ад спакусы стаць галоўным ньюсмейкерам у Празе, падгуляў, як ні парадаксальна, не Маскве, а Еўропе. Пазбавіў яе дзеячаў ад маральных згрызот. Ды і перад беларускай апазіцыяй Еўропа ў выніку выглядае болей прыстойна: як вы і замаўлялі, панове — ніякіх поціскаў рукі «апошняму дыктатару»!

Пазбягаючы скандалу, беларускі афіцыйны кіраўнік такім чынам дэ-факта прадэманстраваў зацікаўленасць у гладкім разгортванні стасункаў з ЕС.

У дзень стрыманай інаўгурацыі новай праграмы стала выразна бачна: гэта толькі рама для карціны, якую яшчэ належыць намаляваць. І няма гарантыі, што атрымаецца шэдэўр.

Па-першае, праект пракруцілі хутка: падштурхнулі вайна на Каўказе ды зімовы газавы канфлікт Масквы з Кіевам. Таму праграма сырая, туманная. Ды і грошай на яе адшкадавалі з вераб’ёву дзюбу. Па-другое, старая Еўропа не гарыць жаданнем надта адчыняць абдымкі «ўсходнім партнёрам». Напрыклад, Сарказі, які саміт праігнараваў, болей глядзіць на Міжземнамор’е, у бок былых французскіх калоній, чым на ўсход кантынента. Па-трэцяе, і самі «ўсходнія партнёры» нагадваюць натоўп бесталковых навабранцаў.

Так што змрочныя прагнозы аўстрыйскай Die Presse пра пагрозу мёртванароджанага дзіцяці не такія ўжо і беспадстаўныя. Гэта суцешыла б Маскву, але было б не на карысць нашай краіне, для якой жыццёва важныя нават міліметры ў Еўропу.

Канкрэтнае напаўненне праграмы — гэта тое поле, дзе можа сказаць слова і грамадзянская супольнасць. Ці будзе працяг тых пробліскаў кансалідацыі, што назіраюцца ў асяроддзі апазіцыі (ну хто думаў, што Пазьняк з Казуліным стануць выступаць адзіным фронтам)?

Зрэшты, відавочна, што сёння на рэжым рэальна могуць ціснуць крызіс ды расійскі чыннік. У інтэрв’ю Рэйтэр Лукашэнка зноў не ўтрымаўся ад крыўдаў на Маскву. Дэ-факта гэта і ёсць адно з тлумачэнняў еўрапейскага трэнду Мінска.

Пры ўсіх добра вядомых «але», звязаных са спецыфікай рэжыму і мяккацеласцю ЕС, трэнд гэты — у рэчышчы нашых нацыянальных інтарэсаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?