Мірэк Тапалянек, Уладзімір Сямашка і Карэл Шварцэнберг перад пачаткам саміту.
Дэкларацыя ўстаноўчага саміту ініцыятывы «Усходняе партнёрства» распрацавана пры актыўным удзеле Беларусі і адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны,гаворыцца ў паведамленні беларускага МЗС па выніках саміту, які прайшоў 7 мая ў Празе.
У саміце ўзяла ўдзел беларуская дэлегацыя ў складзе першага намесніка прэм`ер‑міністра Уладзіміра Сямашкі і міністра замежных спраў Сяргея Мартынава.
На пленарным пасяджэнні беларуская дэлегацыя прадставіла афіцыйную пазіцыю краіны па развіцці ўзаемадзеяння з ЕС у рамках Усходняга партнёрства.У заяве кіраўніка дэлегацыі адзначана, што гэтая ініцыятыва павінна будавацца на прынцыпах раўнапраўя, уліку інтарэсаў і спецыфікі кожнай дзяржавы‑ўдзельніцы. Усходняе партнёрства не павінна ператварацца ў інструмент барацьбы за сферы ўплыву, а служыць інтарэсам усіх дзяржаў рэгіёну і выключаць з`яўленне новых падзяляльных ліній у Еўропе. Беларускі бок прадставіў прыярытэтныя інвестыцыйныя праекты ў галіне развіцця транзітнай інфраструктуры, энергазабеспячэння, аптымізацыі мытнага і пагранічнага кантролю з ЕС для рэалізацыі ў рамках Усходняга партнёрства.
Беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком ЕС па агульнай знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, генеральным сакратаром Савета ЕС Xаўерам Саланам і камісарам ЕС па знешніх сувязях і Еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра‑Вальднер, падчас якіх абмеркаваны стан і перспектывы адносін Беларусі і Еўрасаюза.Бакі абмяняліся падпісанымі экземплярамі дэкларацыі аб супрацоўніцтве паміж урадам Беларусі і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў у галіне энергетыкі. Дэкларацыя скіравана на павышэнне нацыянальнай энергетычнай бяспекі і больш актыўнае ўцягванне Беларусі ў агульнаеўрапейскія энергетычныя праекты.
Адбыліся таксама перамовы беларускай дэлегацыі з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Іспаніі Мігелем Марацінасам, падчас якіх абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковых беларуска‑іспанскіх адносін, а таксама ўзаемадзеянне ў рамках Усходняга партнёрства (у першай палове 2010 года Іспанія будзе старшынстваваць у ЕС).
Акрамя таго, У.Сямашка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі «буйных чэшскіх кампаній і банкаў», у рамках якой абмеркаваны пэўныя праекты супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі, машынабудавання, нафтахіміі і лагістыкі, адзначаецца ў паведамленні прэс‑службы МЗС.