Майму бацьку Валянціну Тарасу.

 Партызанскі парад у Менску, 16 ліпеня 1944 г. naviny.by

Партызанскі парад у Менску, 16 ліпеня 1944 г. naviny.by

У артыкуле «Парад пераможцаў» я згадваў ініцыятыву расійскіх чыноўнікаў аб крымінальнай адказнасці за адмаўленне вынікаў Вялікай айчыннай вайны.

Напярэдадні 9 Мая [2009 года] ініцыятыва набыла форму законапраекту. Толькі фармулёўка змянілася не да спазнання — «Аб супрацьдзеянні рэабілітацыі ў новых незалежных дзяржавах на тэрыторыі былога Саюзу ССР нацыстаў, нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых». Прычым на самым пачатку закону Расійская Федэрацыя фактычна называецца адзінай правапераемніцай СССР. Цяпер, значыць, Масква хоча вызначаць, хто «апраўдвае нацызм» у іншых суверэнных дзяржавах — у тым ліку, у Беларусі, і нават караць. Але я хачу сказаць не пра тых, хто сёння спекулюе ў палітычных мэтах на перамозе над гітлераўскай Германіяй. А пра тых, хто сапраўды змагаўся з фашызмам на франтах вайны, у падполлі, у партызанах.

Парвалася сувязь часоў

Самым радасным святам для маіх бацькоў, безумоўна, быў дзень 9 Мая. Шмат гадоў у гэты дзень да нас на дачу прыязджалі старыя бацькавы сябры і знаёмыя, і сярод іх не толькі ўдзельнікі вайны. І заўсёды ва ўсіх быў прыўзняты настрой, які не меў, дарэчы, ніякага дачынення да таго, што гаманілі радыё ці тэлевізар, бо іх ніхто ў той дзень не слухаў і не глядзеў.
Як і святочны салют.

З цягам часу 9 Мая за нашым сталом збіралася ўсё менш гасцей. У самыя апошнія гады заўжды прыходзіў толькі стары сябар, былы франтавік Аляксандр Дракахруст.

…І было яшчэ 22 чэрвеня. У гэты дзень бацька шмат гадоў, пакуль дазваляла здароўе, уставаў а чацвёртай гадзіне раніцы. Перад снеданнем выпіваў сто грамаў, закусваючы любімай стравай — чорным падсмажаным хлебам з алеем, прыпраўленым часнаком.
Потым распавядаў — каторы раз — пра першыя дні вайны, пра бамбаванне Мінска, пра тое, як хлапчукі і ён сам невядома з якой дурасці радаваліся пачатку вайны, і як ужо 29 чэрвеня прыйшлі гітлераўцы.
Бацька вельмі злаваўся, калі чуў афіцыйную ману пра «лінію Сталіна», пра тое, што дзякуючы ёй удалося, нібыта, надоўга затрымаць наступ немцаў.

Усё гэта і шмат чаго іншага, звязанага з вайной, ён апісаў у сваіх кнігах — спачатку ў апавяданнях і аповесцях, у вершах, потым у кнізе «На выспе ўпамінаў». І мне здавалася, што ўсё гэта я даўно ведаю, бо чытаў. І не прыходзіла да галавы — распытаць бацьку яшчэ больш падрабязна, дэтальна, папрасіць яго растлумачыць многае. Цяпер разумею, што так нічога да канца і не ведаю, не разумею. І спытацца больш няма ў кога.

Так здарылася, што 22 чэрвеня 2003 стала для бацькі, і не толькі для яго, яшчэ больш горкай датай. У гэты дзень памёр Васіль Быкаў, з якім ён сябраваў амаль усё сваё жыццё. 19 чэрвеня яму споўнілася 79 гадоў, а праз тры дні пісьменніка не стала. Мой бацька памёр сёлета 13 лютага, праз чатыры дні пасля свайго дня нараджэння. Яму таксама споўнілася 79… Не хачу шукаць тут нейкія нумаралагічныя таямніцы ці супадзенні. Для мяне відавочна іншае. Бацька і Быкаў, таксама як і Алесь Адамовіч, і крытык Рыгор Бярозкін, і паэты Наум Кіслік і Аляксандр Дракахруст былі не проста сябрамі, якія прайшлі некалі вайну, кожны паасобку. Пасля вайны яны былі звязаны паміж сабой не толькі сяброўствам або таварыствам, але нейкай унутранай маральнай повяззю.

Дракахруст, найстарэйшы з іх, памёр у лістападзе мінулага году. Бацька быў наймалодшы — ён пайшоў у партызаны ў 44‑м, калі яму толькі споўнілася 14.

І сёння я амаль фізічна ўяўляю, што гэта значыць, калі рвецца сувязь часоў.

«Мы не сядзелі ўвесь час і не аб’ядаліся»

Так здарылася, што ў дзень смерці бацькі я быў на кніжнай выставе ў Мінску. Там Павел Мажэйка перадаў мне некалькі асобнікаў кнігі «Зрабаваны народ», у якую ўвайшлі гутаркі з дзеячамі беларускай культуры. Думаў парадаваць бацьку — там было і яго інтэрв’ю пад назвай «Я бараніў савецкую Беларусь» . Не паспеў, спазніўся ўсяго на некалькі гадзінаў…

Тыя інтэрв’ю, запісаныя польскімі журналістамі Малгажатай Ноцунь і Анджэем Бжазецкім, былі спачатку перакладзены і апублікаваны па‑польску ва Ўроцлаве. У кнізе, выдадзенай па‑беларуску ў серыі «Гарадзенская бібліятэка», яны прадстаўлены ўжо ў зваротным перакладзе. Таму даволі дзіўна, часам не зусім пісьменна выглядаюць некаторыя фрагменты інтэрв’ю. І ўсё ж думкі і перакананні майго бацькі, якіх ён ніколі не выракаўся, пазнаць можна і ў такім варыянце.

На пытанне — як вы ставіцеся да меркаванняў, што немцы былі проста чарговымі акупантамі пасля Саветаў і беларусы, калі б сядзелі ціха, лягчэй перажылі б вайну? — бацька адказаў (цытую паводле кнігі): «Гэта глупства. Пасля таго як гітлераўскія немцы напалі на Савецкі Саюз, вайна на тэрыторыі СССР набыла абарончы характар. Так, гітлераўскі рэжым не многім розніўся ад сталінскага, але калі гэтыя дзве жахлівыя ідэалогіі сутыкнуліся паміж сабой на тэрыторыі, на якой жылі беларусы, то які ў нас быў выбар?»

Пра нямецкіх акупантаў: «Ад самага пачатку знаходжання на гэтай зямлі яны паказалі, якія маюць намеры і хто яны. Не было яшчэ ніякіх партызанскіх рухаў, а вёскі ўжо гарэлі.

Быў уведзены нязвыкла жорсткі акупацыйны рэжым. Амаль за ўсё пагражалі расстрэлам. Я ведаў, што не толькі камуністы ваявалі з немцамі. Мы былі ў антыгітлераўскай кааліцыі, да якой належалі вялікія заходнія дэмакратыі».

Пра партызанаў і вёску: «З вёсак забіралі апошняе быдла і свіней (…) Людзі не маглі не дапамагаць нам. У многіх партызанаў былі ў вёсках сем’і. Было і так, што хлопец выходзіў з лесу і ішоў забіраць апошнюю свінню ў роднага бацькі. Мы хаваліся ў лесе, мелі зброю і па магчымасці дзейнічалі. Мы ж не сядзелі ўвесь час і не аб’ядаліся. Рабілі засады на немцаў, я браў удзел у трох сутычках і быў паранены. Але ўсё гэта было магчыма дзякуючы вёсцы. Вайну выйграла беларуская вёска».

Гумарыстычная перадача

Некаторыя ўспаміны бацькі засталіся і ў кінадакументалістыцы. Засталіся фільмы, зробленыя паводле яго сцэнарыяў і з яго удзелам — напрыклад, «Дзень Перамогі». Яго апошняе тэлеінтэрв’ю стала асновай фільму «Дзень Незалежнасці», які нядаўна быў паказаны на Белсаце пад рубрыкай «Блізкая гісторыя. Іншы погляд».

Раней на тым самым канале выйшаў скарочаны варыянт фільму Аляксандра Ступнікава «ІзГоі». У ім ёсць і выказванні майго бацькі. На расійскай службе радыё «Свабода» выйшла вялікая перадача Уладзіміра Тольца, прысвечаная гэтаму фільму з удзелам аўтара.

У той самы дзень знаёмы беларускі паэт, сустрэўшы мяне, паскардзіўся:

«Шкада, што прапусціў перадачу па «Свабодзе» пра яўрэйскія партызанскія атрады. Пачуў толькі канец. Відаць, класная гумарыстычная перадача!»

Многія нашы суграмадзяне, відаць, гэтак сама паставіліся б і да ідэі фільма «ІзГоі». А бальшыня тых, хто яго пабачыў, проста прамаўчалі. Некалькі водгукаў у незалежніцкім друку ды інтэрнэце можна не ўлічваць.

Аляксандр Ступнікаў, які зрабіў гэты фільм ад пачатку да канца за свае грошы, здзейсніў свайго роду журналісцкі подзвіг. Ён сабраў агромністы унікальны матэрыял пра ўдзел яўрэяў у Другой сусветнай вайне, у тым ліку ў Беларусі. Фільм, без перабольшвання, адкрыццём для многіх. Усе, напэўна, ведаюць пра гераічнае паўстанне ў Варшаўскім гета ў 1943‑м, але мала хто ведае, што ў беларускіх мястэчках пад гітлераўскай акупацыяй пракацілася хваля падобных паўстанняў, хоць і меншага маштабу. Ці пра тое, што акрамя славутага партызанскага атрада братоў Бельскіх ў Беларусі, былі і іншыя яўрэйскія атрады. Пра ўсё гэта і многае іншае гаворыцца ў фільме.

Праўда, як часта бывае, калі хочаш абняць неабдымнае, не ўсё атрымліваецца з гледзішча рэжысуры. Але ж не ў гэтым рэч.

Галоўны пасыл аўтара, як ён сам тлумачыць — развянчаць міф пра тое, што яўрэі былі толькі ахвярамі гітлерызму, што яны пакорліва йшлі на смерць.

Ён хацеў паказаць масавы гераізм яўрэяў падчас вайны. У значнай ступені ў фільме гэта ўдалося зрабіць. Але справа ў тым, што ў дакументальным кіно зафіксаваная рэальнасць часам супярэчыць зададзенай схеме. Трэба ўважліва ўслухацца ў тое, што гавораць героі фільму — савецкія яўрэі, што змагаліся ў партызанскіх атрадах і падполлі, пра сябе і пра той час, каб зразумець важную рэч.

Ad memoriam

Гаварыць пра мужнасць і гераізм яўрэяў трэба. Хоць самім героям можа і не падабацца слова «гераізм». Трэба гаварыць і пра тых з іх, хто супрацоўнічаў з гітлераўцамі. Гаварыць жа пра яўрэйскі супраціў на тэрыторыі Беларусі ці пра яўрэйскую партызанскую вайну — значыць, казаць няпраўду. Бо гэтак жа сама было б няпраўдай казаць пра беларускі нацыянальны супраціў у часе вайны. Не было чыста беларускіх партызанскіх атрадаў. Варта памятаць, што тыя, хто змагаўся з фашызмам у Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе на пачатку 40‑х гадоў, былі ў меншасці. Фашызм быў на той момант мацнейшым за бальшавізм і некаму падавалася, што ён дапаможа адолець Сталіна. Нехта памагаў фашыстам з ідэйных меркаванняў або са страху, большасць мірнага насельніцтва пад акупацыяй прыстасоўвалася да «новага парадку». У яўрэяў, ясна, такога выбару не было.

Былі яўрэйскія атрады ў Беларусі — і не толькі адзін славуты атрад братоў Бельскіх. Праўда і тое, што яўрэям, якім удавалася збегчы з гета ці канцлагера, не было куды ісці. Асабліва трагічным было становішча яўрэяў, прывезеных немцамі з еўрапейскіх гарадоў. Яны не ведалі, куды ісці, ім не было дзе хавацца (хоць некаторых часам хавалі беларускія сяляне, але гэта былі выключныя выпадкі). Быў і негалосны загад сакратара ЦК ВКПБ Панамарэнкі, які забараніў браць у атрады яўрэяў. Але пры ўсім пры тым, усё ж яны, думаецца, не аддзялялі сябе ад усіх астатніх, як нейкая каста «ізгояў».

Ступнікаў піша «ІзГоі» невыпадкова, ён наўмысна вылучае другі склад назвы. «Гоямі» у яўрэйскім народзе здаўна іранічна называлі не‑юдэяў. Гэтае слова ў чымсьці адпавядае словам «хахол», «бульбаш». Іранічную горыч аўтара фільму ў адносінах да тых, хто выдаваў сваіх суседзяў у рукі эсэсаўцаў ці забіраў іх пажыткі пасля смерці, зразумець можна.

Але штучна вырываць яўрэяў, асабліва тых, што нарадзіліся і жылі ў Беларусі, з гістарычнага кантэксту, адмаўляць, што яны разам з сваімі суайчыннікамі змагаліся «за савецкую Беларусь» — значыць, вольна або нявольна крывіць душой.

Усе героі ступнікаўскага фільму, якія дажылі да нашага часу, у вайну былі зусім юнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. І амаль усе, напэўна, камсамольцамі. Кажучы словам майго бацькі, «хунвэйбінамі».

Але

калі тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, яўрэі і беларусы, татары і ўкраінцы, расійцы і палякі, змагаліся з фашызмам — хто «за ідэю», хто проста ад таго, што так склаўся лёс, дык усім ім належыць гонар і слава. Тое, што іх подзвігам скарыстаюцца потым Сталін і іншыя камуністычныя правадыры, што пакутамі і мужнасцю тых юнакоў і дзяўчат дагэтуль спекулююць іхныя нашчадкі, ёсць нязбытай трагедыяй. Але гэта ніякім чынам не перакрэслівае таго, што зрабілі тыя хлопцы.
Усе яны сталі ў выніку, хай усяго на адзін дзень, пераможцамі над фашызмам. Яны выстаялі разам з усім цывілізаваным светам — «з вялікімі заходнімі дэмакратыямі».
Сярод іх быў мой бацька.

Партызанскага параду, у якім яму пашчасціла ўдзельнічаць 16 ліпеня 44‑га ў Мінску, не будзе ўжо больш ніколі. Засталася толькі памяць.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?