Сёння на штогадовым кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) у швейцарскім Берне будзе названа краіна — арганізатар чэмпіянату свету 2014 года.

Напярэдадні, 7 мая, прайшла прэзентацыя заявак.

На права правядзення сусветнага першынства прэтэндуюць чатыры краіны: Беларусь, Венгрыя, Латвія і Украіна. Пяты кандыдат — Чэхія — раней выйшаў з барацьбы.

Як зазначае сайт ІІХФ, з гэтай чацвёркі раней толькі Латвія прымала чэмпіянат свету (у 2006 годзе). Апрача таго, упершыню адразу тры былыя савецкія рэспублікі прэтэндуюць на права арганізацыі спаборніцтваў.

Беларусь плануе прыняць сусветнае першынство на «Мінск‑Арэне» умяшчальнасцю 15 тыс. гледачоў, якая ўвойдзе ў строй да канца гэтага года, і на арэне ў сталічным мікрараёне «Чыжоўка» (8 тыс.), узвядзенне якой толькі пачалося.

Венгрыя прапаноўвае прыняць чэмпіянат у Будапешце (на арэне «Ласла Папп» умяшчальнасцю 12,5 тыс. гледачоў, пабудаванай у 2003 годзе) і Секешфехервары («Альба‑Арэна» на 7,5 тыс. гледачоў, будзе пабудавана ў 2010 годзе).

У заяўцы Латвіі — «Арэна‑Рыга» (10,3 тыс. месцаў), якая прымала ЧС‑2006, і новы лядовы палац (8 тыс.) у васьмі кіламетрах ад яе, які павінен быць адкрыты ў 2011 годзе.

Украіна гарантуе ўзвядзенне ў Кіеве арэны на 12 тыс. месца ў 2012 годзе і Цэнтральнага лядовага палаца на 5,5 тыс. месцаў у 2010 годзе.

З чатырох кандыдатаў у вышэйшым дывізіёне сусветнага хакея гуляюць Беларусь і Латвія. Па выніках ЧС‑2009 венгры выбылі ў першы дывізіён, дзе выступаюць украінцы.

Беларусь падавала заяўку на правядзенне чэмпіянату свету 2010 года, але ў 2005 годзе на кангрэсе ІІХФ прайграла Германіі (суадносіны галасоў 18:89). Праз два гады беларуская заяўка прайграла шведскай у барацьбе за ЧС‑2013 (15:70).

«Мы трэці раз падаем заяўку на правядзенне чэмпіянату свету і ніколі мы не адчувалі такой упэўненасці, як сёлета», — заявіў у сакавіку гэтага года старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў.

Чэмпіянат свету 2010 года пройдзе ў Германіі (Кёльн, Мангейм), 2011‑га — у Славакіі (Браціслава, Кошыцэ), 2012‑га — у Фінляндыі (Хельсінкі, Турку), 2013‑га — у Швецыі (Стакгольм, Мальме).

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0