Марш пенсіянераў 19 кастрычніка, здавалася, прайшоў без затрыманняў. Але прэсінг на некаторых удзельнікаў пачаўся ў наступныя дні.

Пенсіянерцы Ірыне Харытановіч 59 год, яна падпрацоўвае прыбіральшчыцай. У аўторак яе выклікала служба бяспекі кампаніі, пачала распытваць пра ўдзел у маршы — навошта туды ходзіць, колькі ёй за гэта плацяць.

Марш мудрасці 19 кастрычніка. Фота Надзеі Бужан

«А 20-й вечара мама скончыла працу, але ўчора дадому так і не вярнулася. Каля 12-й ночы пазваніла з Маскоўскага РУУС, сказала, што ў чацвер будзе суд. Больш нічога паведаміць не паспела. Мы прыехалі да аддзялення, але аказалася, што маму ўжо перавезлі на Акрэсціна», — распавядае яе дачка Іна.

22 кастрычніка адбыўся суд. Іна паспела на яго прыехаць. Ірыну судзілі па скайпе — была дрэнная сувязь, і пенсіянерка не ўсё чула. Адваката выклікаць не далі. На жанчыну павесілі тры пратаколы — адзін за мінулы марш пенсіянераў, два іншыя — за нядзельныя мітынгі ў верасні.

«Я з ёй жыву, але нічога пра гэтыя пратаколы раней не чула, — адзначае дачка. — Пратаколы за верасень складзеныя, як пад капірку. Там было напісана, што дакументы падмацаваны фота і відэа, але мы іх не бачылі. Магчыма, гэта тое, што знялі на акцыях супрацоўнікі органаў. У пратаколе за 19 кастрычніка пазначана, што ў якасці доказу ёсць зводка навін з АНТ».

Суддзя Маскоўскага раёна Лідзія Целіца асабліва распытваць Ірыну не стала. Агучыла пакаранне ў 15 сутак і пабегла далей па справах.

Родныя пенсіянеркі сёння змаглі перадаць ёй рэчы на Акрэсціна. Яны шакаваныя сітуацыяй.

«Мама — актыўны чалавек, усе ведалі пра яе пазіцыю супраць дзеючай улады, на працы нармальна да гэтага ставіліся. Што здарылася потым, незразумела», — здзіўлена дачка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?