Ціматэ Суладзэ — знаўца пяці моў і былы юрыст-перакладчык. Але нядаўна ён радыкальна змяніў род заняткаў, засвоіў трубу і цяпер грае на вуліцах.

10 кастрычніка Суладзэ стаяў ля Макдональдса ў цэнтры Мінска, выконваў «Муры» і «Тры чарапахі». Спыніўся мікрааўтобус, і сілавікі забралі музыку.

Праз два дні быў суд.

«Ён быў на Акрэсціна да суда. Суд нейкі фантастычны, пяць хвілін працэс, пяць хвілін суддзя «раілася». Далі 13 сутак.

Я была на судзе. Сын не прысутнічаў, гаварыў па скайпе. Мне яго не паказалі.

Яго музычную калонку залічылі як абцяжваючую акалічнасць, «небяспечную асаблівым прыцягненнем увагі». Сын даходліва патлумачыў, што ў яго выпадку калонка — не ўзмацняльнік. Інструмент, на якім ён грае — труба. Труба — гэта сола, толькі мелодыя. А калонка — мінус, акампанемент. Не думаю, што гэта так складана зразумець, але суддзя не разбіралася, — расказвала «Нашай Ніве» мама Ціматэ.

— Куды яго накіруюць — не сказалі. Тры дні па афіцыйных тэлефонах не магла датэлефанавацца, не ведала, дзе ён.

Аказалася, Ціматэ адбываў пакаранне ў Баранавічах. 23 кастрычніка ён выйшаў на волю і падзяліўся ўражаннямі з «Нашай Нівай».

«10 кастрычніка я граў на вуліцы. Спачатку выканаў «Тры чарапахі», потым, здаецца, паспеў сыграць яшчэ «Воіны святла». Нарэшце, былі «Муры», і калі я скончыў іх граць, мяне і затрымалі, — згадвае Суладзэ.

— Пасадзілі ў бусік. Але там сілавікі дакапаліся да майго прозвішча і паходжання, пыталіся, чаму я ім у вочы гляджу — я сапраўды глядзеў ім у вочы, — казалі штосьці накшталт: «Вось, бл***, сраны грузін, якога х** ты да нас прыехаў, табе, бл***, што трэба», - і гэтак далей. Вельмі жорстка патрабавалі разблакаваць тэлефоны. Я паслухаўся. Паглядзелі тэлефон: «О!!! Байхэлп? Так-так…» Потым у наш музычны чат залезлі, дзе мы пішам, хто дзе становіцца граць. «Дык ты каардынатар, ці што»? Кажу, не, ніякі не каардынатар.

Пасля, кажа Ціматэ, яго адвезлі ў Цэнтральны РАУС. Там адна з работніц правяла «палітінфармацыю».

«Казала: вы павінны быць удзячныя дзяржаве! Ды вы ведаеце, колькі вашых суайчыннікаў у чарзе за нашым грамадзянствам стаяць?», — згадвае Суладзэ, грамадзянін Беларусі.

Пасля музыку адвезлі на Акрэсціна. У панядзелак быў суд, далі 13 сутак. Адбываў у Баранавічах.

«Больш за ўсё хваляваўся за сабак, — тлумачыць Ціматэ. — У мяне проста тры сабакі, я прывёз іх з Тбілісі, яны ў мяне трэці год ужо. Усіх з вуліцы падабраў: Тэтры, Пусік і Бімба завуць. Я часам называю іх Слон, Пусік і Масюсік.

Калі я граў на вуліцы, то пакідаў іх у хляве за МКАДам удзень, увечары забіраў. І тут мяне закрылі, і я не ведаў, што з імі. Вельмі перажываў. У выніку аказалася, што маці ды сябры дапамаглі. Выклікалі кінолагаў і спецмашыну, перавезлі ў гасцініцу для жывёл, але падрабязна аб гэтым я даведаўся толькі перад выхадам. Яшчэ некалькі дзён таму мне даслалі ліст, але там было напісана толькі: «З сабакамі ўсё добра».

І на Акрэсціна, і ў Баранавічах персанал паводзіў сябе карэктна, кажа Суладзэ. Але ж цяпер ён застаўся без інструментаў — яны недзе ў міліцыі.

«Трэба забраць телефоны і трубу, бо калі няма трубы, я без працы. Потым буду думаць, што рабіць далей. Абавязкова займуся валанцёрствам. Буду вывозіць на машыне вызваленых сутачнікаў, з Акрэсціна, з Жодзіна, — кажа Суладзэ. — На вуліцы буду граць усё роўна, толькі прадумаю, што рабіць з сабакамі на выпадак новага затрымання. Ну і, можа, буду больш асцярожным.

Ці перагледжу свой рэпертуар? Так, дадам песню «Грай».

Зразумейце — я вельмі шмат часу не быў у Беларусі, а калі прыехаў два тыдні таму, то быў у шоку — ад таго, як тут усё змянілася. Я вырас у Мінску, я хачу тут жыць. Свабодна дыхаць, свабодна хадзіць, свабодна граць і спяваць. Як і раней, я буду граць і «Муры», і «Чарапах», і «Перамен».

Пакуль што Ціматэ забраў сабак і з'ехаў на лецішча. З мамай ён сустрэцца не паспеў — яе забралі ў бальніцу з каранавірусам і падазрэннем на пнеўманію якраз у дзень выхаду сына з-пад варты. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?