У Мінску сёння да 200 тысяч чалавек запоўнілі цэнтральныя вуліцы. Сілавікі атакавалі дэманстрантаў на фінальным этапе шэсця, у раёне вуліцы Арлоўская.

«Шэсце народнага ультыматуму» мірна прайшло каля 10 кіламетраў праспектамі Пераможцаў, Машэрава, вуліцамі Багдановіча і Сурганава, але на 4-й яго гадзіне сілавікі абстралялі дэманстрантаў святлошумавымі гранатамі ў раёне вуліц Арлоўская, Нававіленская, Чарвякова.

Ёсць параненыя, іх даставілі ў вайсковы шпіталь.

СМІ публікуюць відэа, на якіх бачныя ўспышкі ў раёне вуліцы Арлоўскай. На гэтай вуліцы чутныя шматлікія выбухі, а людзі разбягаюцца.

Разгон пачаўся наступным чынам. Хвост калоны на Арлоўскай падпіралі сілавікі на бусах. На мінулых дэманстрацыях з такіх бусаў урэшце выскаквалі людзі без апазнавальных знакаў і пачыналіся затрыманні. Гэтым разам людзі іх пагналі, тыя мусілі здаць назад. Але на скрыжаванні Арлоўскай і Нававіленскай яны перагрупіраваліся і, калі дэманстранты да іх наблізіліся, у іх бок паляцелі святлошумавыя гранаты. Тады людзі кінуліся па дварах, а сілавікі пачалі зачыстку.

Марш пратэсту 25 кастрычніка ў Мінску быў самым масавым ад 30 жніўня. Па розных падліках, толькі ў Мінску на вуліцы выйшла да 200 тысяч чалавек. Яны скандавалі «Забастоўка!» і «Заўтра выхадны» ў падтрымку закліку Святланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнай стачкі пратэсту ад 26 кастрычніка.

Сілавікі таксама атакавалі дэманстрантаў у Лідзе, Брэсце, Гродне, Барысаве, Віцебску, Наваполацку, Гомелі. У Лідзе супраць пратэстоўцаў быў ужыты слезацечны газ. У Брэсце і Гродне затрымана да 140 чалавек.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?