Здымак Уладзя Грыдзіна

Лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч даў прэс‑канферэнцыю з нагоды саміту «Ўсходняга партнёрства», што прайшоў 7 траўня ў Празе.

Арганізатарам паездкі альтэрнатыўнай беларускай дэлегацыі (у складзе Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна, Зянона Пазняка, Станіслава Шушкевіча і Івонкі Сурвіллы) быў чэшскі ўрад Мірэка Тапаланэка, які ў хуткасці сыходзіць у адстаўку. Тым не менш, прэм’ер‑міністр паабяцаў, што пераеемнасць у беларускім пытанні будзе захавана.

Паводле Мілінкевіча, толькі міністр замежных спраў Іспаніі Марацінас выказваецца за супрацу з Беларуссю без усялякіх умоваў.
Мілінкевіч выказваецца за тое, што вельмі важна, каб грамадзянская супольнасць мела ўплыў на фарміраванне новай палітыкі Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі.

Разам з тым, ён

заклікае апазіцыйных палітыкаў «пазбавіцца палітычнага інфантылізму».
«Прапаноўвайце канкрэтныя тэхналогіі, прапануйце, што зрабіць, каб сітуацыя паляпшалася, а не займайцеся простай фіксацыяй парушэнняў правоў чалавека», — кажа А.Мілінкевіч.

«Я задаволены візітам, хаця ён у пэўным сэнсе фармальны. Еўрапейцы сапраўды хочуць бачыць у незалежным грамадстве партнёра», — гаворыць экс‑кандыдат на пасаду прэзідэнта.

Адносна складу дэлегацыі Мілінкевіч выказаўся так.

«Даўно ў мяне не было такіх доўгіх размоваў з Пазняком. Магу канстатаваць, што ў мяне з ім пазіцыі нашмат бліжэйшыя, чым з многімі лідэрамі АДС.
Напрыклад, што да прапановы ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, то Зянон Пазняк сказаў, што супраць санкцый, бо гэта дазволіць прапагандзе гаварыць, што на Захадзе нас ніхто не чакае».

Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што быў гатовы разам з іншымі палітыкамі падпісаць зварот да Еўрасаюзу, «бо там шмат слушных рэчаў». Старшыня Руху за Свабоду не пагадзіўся толькі з адным пунктам, які тычыўся таго, што Мінск і Масква праводзяць таемныя перамовы з мэтай сапсаваць «Усходняе партнёрства». «У мяне няма падставаў так казаць, бо няма ніякіх доказаў», — зазначыў А.Мілінкевіч.

Палітык зазначае, што стаўленне да дзеянняў беларускіх уладаў не павінна разглядацца толькі ў чорных колерах, гама павінна быць рознакаляровай.
«Калі Еўропа падпісвае ініцыятыву «Ўсходняга партнёрства», то павінны сказаць, што гэта добры крок. Калі ўлада садзіць у турму Аўтуховіча і ягоных сяброў, мы павінны пра гэта шчыра казаць. Калі ўлада кажа, што яна пра змяншэнне кошту на візы, то мы мусім яе падтрымаць».

На пытанне карэспандэнта «НН», ці не шкадуе Мілінкевіч, што на пражскі саміт не прыляцеў Лукашэнка, быў наступны адказ:

«Ёсць шкадаванне. Я хачу, каб Беларусь была прадстаўлена на самым высокім узроўні, але зразумела, што Лукашэнка сваёй дзейнасцю за апошнія шэсць месяцаў не заслужыў такога запрашэння.
Але тое, што Беларусь у будучыні на падобных форумах павінна быць прадстаўлена вышэйшым кіраўніцтвам, то гэта вельмі важна. Мала крокаў яшчэ зроблена, гэта касметыка. І ўлада павінна разумець, што не будзе эканамічнага супрацоўніцтва, на якое яно вельмі разлічвае, не будзе фінансавай падтрымкі, калі не будзе канкрэтных змен».

На пытанне «Нашай Нівы» пра стаўленне да справы Мікалая Аўтуховіча, Мілінкевіч адказаў:

«Я перакананы, што за гэтым арыштам ёсць палітычны матыў. І гэта, хутчэй за ўсё, палітычна матываваны пераслед.
Але зразумейце, калі мы кажам пра палітычныя рэпрэсіі, то гэта павінна грунтавацца на канкрэтных доказах следства. І гэта справа не палітыкаў, а праваабаронцаў».
У другой палове дня ў пятніцу лідэр Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да Лукашэнкі адносна справы Аўтуховіча.

«Справа ваўкавыскіх прадпрымальнікаў набыла міжнародны рэзананс, бо расцэньваецца міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, як магчыма палітычна матываваны пераслед. Каб выратаваць жыццё Мікалаю Аўтуховічу і ў мэтах паляпшэння іміджу нашай краіны, прашу Вас здзейсніць акт добрай волі і дзеля забеспячэння належных правоў і законных інтарэсаў згаданых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь паспрыяць неадкладнаму пачатку адкрытага судовага разбіральніцтва па дадзенай справе або змене меры ўтрымання для Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі», — гаворыцца ў заяве.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?