Учора, 26 кастрычніка, у Купалаўскім тэатры адбыўся канцэрт Дзяржаўнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Падрабязнасці пра гэта Tut.by распавёў сам маэстра.

— Канцэрт прайшоў на надзвычай высокім узроўні. Цудоўны канцэрт, бо ў Купалаўскім тэатры працуюць цудоўныя артысты. Я іх усіх раней ведаў, многіх няма ў жывых. Гэта цудоўныя людзі і сапраўдныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Наш канцэрт прайшоў пры падтрымцы шматлікіх слухачоў, і, галоўнае, [было] цудоўнае выкананне тых музыкаў, якія працуюць у нашым калектыве. Усе яны маюць цудоўную музычную адукацыю.

— Міхаіл Якаўлевіч, ці шмат было гледачоў на канцэрце?

— (Паўза.) Нас не хвалюе колькі. Галоўнае, што яны чуюць. Нас хвалюе якасць канцэртаў, а мы выканалі праграму якасна. Там жа ішло шэсце, вы ж лепш ведаеце, вы журналіст. Былі перакрытыя вуліцы каля тэатра. Усё было перакрыта.

Суразмоўца паведаміў адміністратару канала, што налічыў у зале восем чалавек. Па яго словах, адбылося выступленне духавой групы і некалькіх салістаў аркестра.

Адзін з супрацоўнікаў Купалаўскага тэатра назваў Tut.by іншую лічбу — 11 чалавек. Паводле яго слоў, выступленне прайшло без нейкіх экстраардынарных падзей.

— Якую праграму вы выконвалі? — спыталіся ў Міхаіла Фінберга.

— Мы выконвалі беларускую праграму. Мы — адзіны калектыў, які працуе толькі на беларускай мове. Не два гады, не пяць, а шмат гадоў. Няма беларускага паэта, музыку якога я бы не выканаў. Цяпер беларускія паэты не гучаць ні на радыё, ні на тэлебачанні.

— Вы будзеце далей ладзіць канцэрты ў Купалаўскім?

— Я супрацоўнік Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мая асабістая пасада — мастацкі кіраўнік-дырэктар Заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Я маю ўсе віды адукацыі. Вось зараз іду здаваць яшчэ адзін экзамен — на званне прафесара. Я ўжо тры разы пацвярджаў гэтае званне. Але ўсё гэта я праводжу пад кіраўніцтвам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

— Добра, Міхаіл Якаўлевіч, дзякуй за каментар.

— Толькі прашу, даражэнькі. Пішы праўду. Мы ўсё робім толькі па праўдзе. Усе канцэрты на беларускай мове. Я застаўся адзін. Астатнія толькі балбочуць, калі ім гэта патрэбна. Не могуць звязаць па-беларуску ніводнага слова.

— Хадзілі чуткі, што вы хацелі зрабіць Купалаўскі тэатр базай для свайго калектыву.

— Я такога не магу [сказаць]. Гэта база спецыяльная, зробленая для Купалаўскага тэатра. Я ніколі не працаваў на іншых пляцоўках. Наш калектыў — адзіны, які цяпер не мае сваіх памяшканняў. Мы іх арандуем у кінастудыі «Беларусьфільм». Але мы нікому не расказваем пра тое. Мы працуем. Мы зрабілі больш канцэртаў за іншыя музычныя калектывы. І гэтым мы ганарымся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?