Актрысу Алену Гіронак (Пабягаеву) затрымалі 26 кастрычніка ўвечары ў Мінску падчас мірных пратэстаў. Але ўжо ноччу выпусцілі з Маскоўскага РАУС. Расказваем, што адбывалася з ёй у прамежку часу з 19.00 да 2.00.

«Самым непрыемным момантам было само затрыманне, — расказвае актрыса. — У бусе, куды мяне завёў АМАП, на падлозе, тварам уніз, ляжаў мужчына. Ëн прасіў падняць яго: «Хлопцы, не магу больш, задыхаюся». Але на гэтыя просьбы не звярталі ўвагу. Мне сказалі праходзіць у хвост бусіка, і атрымлівалася, што я магла зрабіць гэта толькі калі ісці па чалавеку. Я адмовілася, сказала: «Не пайду, пакуль вы мужчыну не падымеце, і ўвогуле нікуды з вамі не паеду, пакуль вы яго нармальна не пасадзіце». На што ў адказ пачула: «Не мне тут дыктаваць умовы. Зараз усім астатнім будзе горш праз тое, што ты тут паўстаеш».

Алену пачалі ўсаджваць сілай. Яна кажа, што не магла ўжо спыніцца і працягвала спрабаваць хоць неяк дагрукацца да сілавікоў.

— Я пачала чытаць ім нешта накшталт лекцыі, казала, каб яны прачыталі хоць адну кніжку па гісторыі, нагадала, што адзіная каштоўнасць дзяржавы — гэта чалавек. Мне чамусьці падалося важным гэта ім сказаць. Амапавец ударыў мяне кулаком па галаве, але я ўсё адно не магла спыніцца. Тады мне заламалі рукі, зацягнулі іх хамутом. Яшчэ зверху на мяне наваліўся амапавец — у такім стане мы чакалі, пакуль прывядуць яшчэ людзей.

Пасля затрыманых перасадзілі ў аўтазак. Потым — у яшчэ адзін. Алена кажа, што з кожным змененым відам транспарту стаўленне да іх рабілася лагаднейшым: Алене нават развязалі рукі, пачуліся не толькі пагрозы, а словы кшталту «калі ласка».

— Але ўвогуле, там вельмі адчуваецца такая градацыя: калі ты дзяўчына, ты яшчэ чалавек. На ўсіх жа пацаноў гыркалі, як на сабак. Ставілі іх на калені. Казалі, што ўсё, што з намі цяпер адбываецца, — гэта кветачкі, далей будзе дупа.

Алена з тэлефона паспела паведаміць сябрам і мужу, што яе затрымалі і што яна ў Маскоўскім РАУС. Хаця жанчына была ўпэўненая, што яе не адпусцяць дадому і павязуць у ізалятар: яна здала ўсе асабістыя рэчы, шнуркі, гумкі ад валасоў.

— Мы чакалі ў актавай зале. Спачатку адпусцілі двух непаўналетніх, а пасля мяне. Хутчэй за ўсё, таму, што ў мяне адзінай з затрыманых жанчын ёсць непаўналетняе дзіцё (гэта значыць, Ганне не маглі даць суткі, толькі штраф — «НН»). Я падпісала пратакол, і мне нават нічога не сказалі ні пра суд, ні пра штраф.

Каля РАУС Алену якраз чакала 11-гадовая дачка Ганна, муж і сябры. Таксама там працаваў валанцёр, якому ўся сям’я выказвае ўдзячнасць за дапамогу.

— Ганну не было з кім пакінуць, таму яна ўсё ведала. Муж расказаў, што яна вельмі спужалася за мяне і плакала, — кажа Алена.

Перажывалі за лёс Алены і ўсе суседзі, прапаноўвалі дапамогу. Сям’яе жыве ў ЖК «Магістр», і там сфармавалася вельмі моцная дваровая супольнасць. Са жніўня мясцовыя зладзілі ў сябе некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў.

Сама Алена, нягледзячы на сінякі на галаве, ужо ўвечары пойдзе выступаць на адзін з дваровых канцэртаў з праектам «Дыяфільм live». Актрысу таксама можна ўбачыць на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра (калі ён выйдзе з каранціну). Адна з яе апошніх роляў у кіно — жонка Купалы Уладзіслава ў фільме «Купала». Таксама артыстка агучвае Бусліка ў «Калыханцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?