Віктар Марціновіч для budzma.by пра тое, чаму словазлучэнне «прыгоннае права» дагэтуль актуальнае для Беларусі.

Нідзе я не сустракаў настолькі з’едлівых і дасціпных выказванняў пра ўладу, як падчас размоў з так званымі «простымі людзьмі». Якія насамрэч зусім не простыя і не толькі разумеюць, але і каментуюць усё нашмат ямчэй за Каца. Там сустракаюцца стэндап-комікі, якія на любым батле перажартуюць усю каманду «Хай Так ТБ» разам узятую.

Але адна праблема ёсць. 

Гэтыя «простыя людзі», якіх па завядзёнцы ў нас называюць «сялянамі» ці «рабочымі», — насамрэч ніякія не сяляне і не рабочыя. 

Яны — прыгонныя. 

І тыя, хто чакаў, што 26.10 уся Беларусь спыніцца ў татальнай стачцы, што захлынецца вытворчасць і ўздымуць рогі тралейбусы, не разумеюць, што насамрэч ніякага распрыгоньвання ў асобных краінах былога СССР не адбылося.

Розніца паміж Леніным і Каліноўскім у тым, што першы абяцаў мяса без чарвякоў і спыніць «ампірыалістычную вайну», а другі клікаў да свабоды — той з’явы, пра якую ніводная даярка (у адрозненне ад даяроў Швейцарыі, аб’яднаных не толькі ў прафсаюз, але і ў гільдыю) ніколі не чула.

З часоў славутай вандроўкі гарэзніка Маркіза дэ Кюстына ў Расію ў 1839-м анічога не змянілася. Тады, дзівячыся таму, як цар Мікалай па прыколе вырашыў адрадзіць цалкам зруйнаваны пажарам Зімовы палац за адзін год, дэ Кюстын наракаў, што заможныя паненкі, прыбіраючыся на баль, упрыгожваюць сябе не дыяментамі, а жывымі душамі. 

Што на гэтай змерзлай зямлі ўсё, што мае цану, ад маёнтка да залатой завушніцы, ацэньваецца менавіта ў колькасці прыгонных. І вось гэты паляўнічы сабака можа каштаваць дзве чалавечыя душы, а вось гэтае смарагдавае калье — ажно сорак душаў. 

І чалавек тут не мера ўсіх рэчаў, а разліковы сродак.

А цяпер вернемся да нашых вельмі разумных і дасціпных рабочых. Яны бачаць усе расклады лепей за нас з вамі. Больш за тое, калі б іх нехта запрасіў у ФБ, яны і выказваліся б нашмат яскравей. 

Але кожны з іх — прыгонны, з якім можна рабіць усё, што не забаронена крымінальным і адміністрацыйным кодэксам (пры сучасных інтэрпрэтацыях — проста ўсё што заўгодна). 

Іх можна замыкаць у цэху, ім можна не даваць выйсці за агароджу, ім можна пагражаць, іх можна замяняць штрэйкбрэхерамі, пану за гэта нічога не будзе.

У іх ёсць гаспадар — дырэктар прадпрыемства, за панам ёсць фурман — намеснік кіраўніка па ідэалогіі, а за тым стаіць цэлая армія падпанкаў і лёкаяў — загадчыкі цэхаў, адміністратары і г.д. 

Раскажыце любому ўкраінскаму працоўнаму, якую функцыю тут выконваюць «асноўныя» прафсаюзы, і ён перастане дзівіцца, чаму ўкраінцы салідарызуюцца з тымі, хто выйшаў на страйк, а шмат якія беларускія працоўныя — не. Нашых бароняць хіба што адзінкі з незалежных прафсаюзаў, а тыя адзінкі шпарка выціскаюцца за мяжу пад пераследам. І гэтая сістэма больш прадуманая, чым парадак падаўлення прыгонных бунтаў за царамі. 

Працоўны тут мае не больш свабоды за тых прыгонных.

І, такім чынам, «кастрычніцкія падзеі» ў Беларусі маюць падвойны сэнс: сучасныя рабацягі (якія ўсё выдатна разумеюць) былі ўжо аднойчы падманутыя ў 1917-м. Камуністы таксама клікалі да распрыгоньвання, да «класавай барацьбы», абяцалі, што будзе лепей, а зрабілі горш, пачалі чырвоны тэрор, экспрапрыяцыі, калі бедакі, басата і п’янаватыя лайдакі атрымалі ўсё, забранае ў больш працавітых. 

Дзеля пытання вызвалення працоўнага люду не было зроблена большай шкоды, чым тая, папярэдняя, кастрычніцкая рэвалюцыя. Яна паставіла кропку ў пытанні пра тое, ці можа рабочы быць вольным, а не чыёйсьці ўласнасцю, быдлам, якога можна папіхаць і якім можна распараджацца. 

Бо, па сутнасці, хто такі рабочы? Каштоўны спецыяліст, які адзін ведае, як наладжаная вытворчасць, і мусіць за гэта атрымліваць добры заробак. І калі раптам умовы ягонай працы не выконваюцца, ён надзейна аточаны абаронцамі з прафкама. Якія не ідэалогіяй яму ў вушы дзьмуць за ягоныя ж грошы, а бароняць ягоныя правы.

То беларускім рабочым, як бачыце, даводзіцца рабіць справу і за сябе, і за Леніна, і за Каліноўскага. Нядзіўна, што яны хістаюцца. Падпанкаў, лёкаяў і фурманаў навокал так шмат! І ніхто не асудзіць, калі не наважацца. 

Але перамога, калі што, таксама будзе — і за Маркса, і за Леніна, і за Марата з Гаўрошам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?