У новым выпуску дэбатаў «ДысКУТ» пра тое, што адбылося з беларускай культурай у выніку палітычнага крызісу і масавых пратэстаў, пра культуру плакатаў, муралаў і двароў дыскутуюць культуролаг, публіцыст Максім Жбанкоў і мастак, перформер Міхаіл Гулін.

Легендарная мінская «плошча Перамен». Фота Надзеі Бужан

«Мне заўсёды вельмі дзіўна бачыць, як нехта ўяўляе сабе культуру як міністэрства праўды. То-бок мы будзем зараз усім раскідваць правільныя сэнсы, мы ўсіх навучым правільна любіць Радзіму і апранацца ў правільную колеравую гаму. Усіх забяспечым правільнымі сцягамі — і будзе ў нас глабальнае шчасце. Мне здаецца, што гэта дастаткова вульгарнае і прымітыўнае ўяўленне пра культуру як агітрэсурс», — тлумачыць культуролаг Максім Жбанкоў. 

Ён стаіць на тым, што культура па вызначэнні, калі гэта рэальная культура, — крэатыўная, дынамічная, заўсёды жывая, заўсёды нелінейная і заўсёды слаба паддаецца рэдактуры.

«Адзін з маіх самых страшных кашмараў — перамога кіраванай культуры. Я лічу, што наша цяперашняя сітуацыя можа быць апісаная як канфлікт светаў, як вайна светаў, якая зараз знаходзіцца ў пэўным сэнсе ў стадыі прабуксоўкі. АМАП супраць стужачак — не ведаю, назавіце гэта вайной культур, для мяне гэта выглядае вельмі дзіўна. Я лічу, што для таго, каб працаваць на перамены, культуры не абавязкова быць пратэснай. Для гэтага ёй дастаткова быць жывой, крэатыўнай, адкрытай, праўдзівай, нонканфармісцкай, складанай і праблемнай. Таму я слаба разумею спадзяванні на трыумф культур пратэсту. Мне здаецца, было б больш эфектыўна, калі б любы артыст не думаў пра тое, як бы яму больш эфектна пратэставаць, а быў заклапочаны найбольш выразнай, яркай, праўдзівай рэакцыяй, крэатыўным фідбэкам на тое, што адбываецца навокал», — лічыць Жбанкоў.

Культура не павінна мабілізаваць і ўпраўляць мазгі, бо гэта не місія культуры, а місія палітычнай прапаганды, мяркуе культуролаг. 

«Рабіць мастака палітычным прапагандыстам — справа цікавая, мы гэта ўжо праходзілі, чым гэта заканчваецца для мастакоў, добра вядома», — нагадвае ён.

«І да пытання, як акультурыць АМАП. Правільны адказ: ніяк. Забыць, як страшны сон. І жыць далей», — кажа Жбанкоў.

Яркія моманты дыскусіі:

02:09 — хто ўдзельнічае ў дыскусіі 
04:14 — культурныя выказванні супраць афіцыйнай прапаганды
06:30 — культура — не міністэрства праўды
09:55 — мастацтва — не дэкор, а генератар сэнсаў
12:06 — «Мы бадаемся са стылем тупога аграгарадка»
15:39 — 26 год культурнай партызанкі
17:20 — сапраўдны культурны пратэст — не пра рэвалюцыю ў грамадстве, а пра адважную і незалежную пазіцыю мастака
19:37 — мэта мастака — знайсці разрыў у бегу па коле
23:32 — культура не толькі для прафесійных крытыкаў
26:45 — хайп на пратэсце — культпратэст?
33:09 — стварэнне эмацыйнай салідарнасці — гэта яшчэ не крэатыў
40:06 — унутрыцэхавая салідарнасць мастакоў і інстытуцыяналізацыя культпратэсту
45:33 — культура выконвае функцыю маральнага права
53:04 — навошта беларускай рэвалюцыі свой музей?
54:57 — чаму культура прыйшла ў двары?
58:00 — як павінны выглядаць інстытуцыйныя структуры новай беларускай культуры?
01:02:11 — як змяніліся архетыпы беларускага грамадства?
01:06:58 — ці патрэбна культуры міністэрства?
01:09:11 — як акультурыць АМАП?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?