Студэнт 4 курса фармфакультэта Віцебскага медуніверсітэта Арцём А., які памёр 27 кастрычніка ў БХМД, наогул не хадзіў на акцыі пратэсту і яго ніхто не біў. Пра гэта Tut.by паведамілі яго маці і сяброўка. Аднак дакладную прычыну смерці 20-гадовага хлопца яго блізкія пакуль не ведаюць.

— Дактары нічога пэўнага нам не паведамілі. Калі рабілі аперацыю, казалі, што, напэўна, гэта траўма. Потым сказалі толькі, што прычыну смерці ўсталюе судмедэксперт — распавядае Наталля, мама Арцёма. — Але траўмы нейкай быць не магло: сын быў дома, на самаізаляцыі па каранавірусе. Каранавірус працякаў у яго ў лёгкай форме, амаль не было тэмпературы. Але Арцём выконваў усе рэкамендацыі, нікуды не хадзіў. А ўжо на пратэстах Арцём дакладна не быў ніколі. Ён быў ад гэтага далёкі, займаўся толькі вучобай.

Маці кажа, што спачатку Арцём скардзіўся на болі ў спіне, потым — на болі ў жываце.

— Хуткая забрала сына ўчора ў тры гадзіны дня, каля восьмай вечара яму зрабілі аперацыю, у 4.30 раніцы яго не стала. Сказалі, што адкрыўся паўторны крывацёк.

Сям'я Арцёма жыве ў Гродне, родныя збіраюцца ехаць у Віцебск па цела.

Сяброўка Арцёма (яе звесткі ёсць у рэдакцыі) — дзяўчына і яе малады чалавек здымаюць кватэру сумесна з Арцёмам — распавяла Tut.by, што хлопец быў на самаізаляцыі:

— У Арцёма быў «кавід». Дыягназ пацвердзіўся у пятніцу, 23 кастрычніка. Да гэтага ўвесь тыдзень ён знаходзіўся на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню. Нікуды не хадзіў, толькі ў магазін, і тое — з сябрам. У нядзелю ўвечары мы выклікалі яму хуткую — былі моцныя болі ў спіне. Жывот пачаў балець у панядзелак раніцай. Арцём тады сам выклікаў доктара на дом, а пазней ужо мы выклікалі хуткую.

Дзяўчына сцвярджае, што Арцём не ўдзельнічаў у пратэстах:

— Ён наогул не выходзіў з кватэры ні ў нядзелю, ні ў панядзелак.

Паводле яе слоў, ні гематом, ні ран на целе Арцёма не было.

— Ён хадзіў дома без майкі, мы б бачылі.

Раней крыніца ў БХМД паведаміла Tut.by:

- У маладога чалавека была шырокая забрушынная гематома. Такая траўма можа адбыцца пасля разрыву сасуда. Яму зрабілі аперацыю, крыніцу крывацёку на ёй не ўстанавілі.

Медык пацвердзіў, што ў хлопца быў каранавірус. А вось ці можа ўскладненне кавіда ў гэтым выпадку прывесці да смерці хлопца, не змог адказаць:

— Я б не сказаў, што ад гэтага магчыма настолькі масіўны крывацёк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?