Беларусы здымалі перформанс, а атрымалася віруснае відэа на два мільёны праглядаў — столькі яно сабрала на пляцоўцы TikTok. Расказваем, як узнік гэты ролік.

Галоўныя дзеючыя асобы — скульптар Павел Вайніцкі, пісьменнік і пераможца леташняй прэміі Гедройца Ілля Сін, рэжысёр Юрый Цімафееў. Яны рабілі перформанс у рамках арт-праекта Actions Against the Wall. У відэа Сін замуроўвае галаву бетонам, а Вайніцкі з ломам разбурае сцяну. У канцы гучаць знакавыя для гэтага лета «Муры».

«Па сутнасці, тое, што адбываецца сёння ў Беларусі — гэта не палітычны канфлікт, які прадугледжвае супрацьстаянне розных светапоглядаў. Гэта барацьба грамадства супраць жалезабетоннага мура рэпрэсіўнай дзяржаўнай сістэмы.

Барацьба за права быць грамадствам, за права жыць у прававой дзяржаве. Барацьба кожнага за права быць жывой асобай, а не another brick in the wall. Нашыя сціплыя дзеянні — гэта вада, якая руйнуе непахісныя, здавалася б, сцены», — тлумачаць яны. 

На TikTok каманда выклала бэкстэйдж — як разбіраюць «дэкарацыі» і дастаюць Сіна з бетону.

Той самы бэкстэйдж, які быў на платформе TikTok

Ілля Сін кажа, што віруснасць роліку стала нечаканасцю. 

«Для нас абсалютна невядомая аўдыторыя TikTok — чорная магія. Нейкіх намаганняў мы не прыкладалі, грошай у рэкламу таксамa».

Ролік залівалі двойчы (але праз час адміністрацыя выдаляла яго з-за скаргаў на празмерную жорсткасць). Другі раз ужо за паўдні відэа сабрала паўмільёна праглядаў, а пасля — два мільёны. Большасць аўдыторыі — з В’етнама, Інданэзіі, Камбоджы.

«Юрый Цімафееў кажа, што і «Чорны квадрат» можа працаваць, як заўгодна, і гэты сюжэт. Без кантэксту кожны сам можа сфарміраваць сваю думку», — разважае пісьменнік.

Заліць галаву бетонам — выглядае рызыкоўна. Але Ілля Сін запэўнівае, што ўсё было пад кантролем:

«У нас даволі прафесійная каманда. Скульптар Павел Вайніцкі з вялікім стажам, ведае ўласцівасці матэрыялаў, у яго рука хірурга. Думаю, людзі, якія выходзяць на акцыі, рызыкуюць значна больш».

Для каманды гэты праект — спосаб па-мастацку асэнсаваць тое, што адбываецца. Пра хайп і правакацыю яны думалі ў апошнюю чаргу. Раней яны стараліся быць творцамі па-за палітыкай. Чаму гэта не ўдалося цяпер?

«Не магу назваць нейкую канкрэтную падзею, якая стала прычынай, — хутчэй назапашвальны эфект таго, што адбываецца. Ты настолькі занураны, што не можаш абстрагавацца ад асяроддзя. Гэта шчырая рэфлексія, тэрапія. Бо калі эмоцыі — збольшага негатыўныя — назапашваюцца, іх трэба некуды выліваць. І мастацтва найлепш для гэтага пасуе», — кажа Сін.

Ён прызнаецца, што для яго як мастака цяперашнія падзеі — хутчэй, не крыніца натхнення, а абсалютна некамфортныя ўмовы, на якія ты вымушаны рэагаваць.

«Я больш падыходжу для мірнага часу. Бо ўсе адценні, паўтоны губляюцца ў нашай бінарнай сітуацыі.

Некаторыя жартавалі, што калі ў Галівудзе здымуць фільм па гэтых падзеях, нічога не дадумляючы, старонні глядач скажа: «Не, ну вы хлусіце! Жыццё больш складанае, не бывае белага і чорнага».

Але ёсць радасць ад такога працэсу, як нараджэнне нацыі. Для мяне гэта было неспадзявана: яшчэ пару месяцаў таму нічога не прадракала такога».

Пасля муравання ў бетон Ілля Сін прымерыў ледзяную маску — у прамым сэнсе. Такім стаў сюжэт новага відэа ў рамках творчага праекта. «Ледзяная маска — добры спосаб адасобіцца ад кашмару рэчаіснасці і шанец захаваць сябе ў гэтым шалёным інфармацыйным віры. Але ненадоўга», — апісваюць творцы задуму.

Чытайце таксама: «Каб паесці, я краў плаўленыя сыркі». Вялікае інтэрв'ю з пераможцам прэміі Гедройца Іллёй Сінам

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?