Ахоўны ўзровень антыцелаў досыць хутка зніжаецца пасля заражэння каранавірусам. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы ў новым даследаванні, піша BBC.

Антыцелы з'яўляюцца ключавой часткай імуннай абароны і не дазваляюць вірусу пранікаць у клеткі арганізма.

Каманда Імперскага каледжа Лондана выявіла, што колькасць людзей з станоўчым вынікам тэсту на антыцелы знізілася на 26% з чэрвеня па верасень.

Навукоўцы сцвярджаюць, што імунітэт згасае, таму ёсць рызыка заразіцца вірусам некалькі разоў.

У Англіі больш за 350 тысяч чалавек пратэставалі на антыцелы ў рамках даследавання REACT-2.

У першым раўндзе тэставання, у канцы чэрвеня-пачатку ліпеня, антыцелы да СOVID-19 выявілі прыкладна ў 60 з 1000 людзей.

Але падчас апошняй серыі тэстаў, якую правялі ў верасні, іх мелі толькі 44 з 1000.

«Імунітэт слабее даволі хутка, прайшло ўсяго тры месяцы, і мы ўжо бачым зніжэнне ўзроўню антыцелаў на 26%», — кажа адна з даследчыц, прафесар Хелен Уорд.

Навукоўцы звярнулі таксама ўвагу на тое, што ўзровень імуннай абароны хутчэй зніжаецца ў людзей, старэйшых за 65 гадоў.

Пры гэтым даволі шмат медыкаў маюць нармальны ўзровень антыцелаў, што, на думку даследчыкаў, можа быць звязана з рэгулярным кантактам з вірусам.

Антыцелы пакрываюць паверхню каранавіруса, каб спыніць яго ўварванне ў клеткі нашага цела.

Пацверджаных выпадкаў паўторнага заражэння СOVID-19 пакуль што было зафіксавана вельмі мала.

І ёсць надзея, што паўторная інфекцыя будзе пераносіцца лягчэй, чым першая, паколькі арганізм павінен мець «імунную памяць» аб першым сутыкненні з хваробай і ведае, як супраціўляцца.

Даследчыкі кажуць, што іх вынікі не адпрэчваюць надзею на атрыманне дзейснай вакцыны. «Рэакцыя на вакцыну можа адрознівацца ад рэакцыі на натуральную інфекцыю», — кажа прафесар Пол Эліат, дырэктар праграмы REACT-2.

Але, на яго думку, цалкам магчыма, што некаторым людзям спатрэбіцца рэвакцынацыя для аднаўлення імунітэту.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?