27 кастрычніка з Акадэміі мастацтваў адлічылі трох студэнтаў мастацкага факультэта, яшчэ дваім вынеслі вымову.

БДАМ стала першай ВНУ, дзе пачалі адлічваць бастуючых студэнтаў пасля загаду Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», найбліжэйшым часам з Акадэміі будуць адлічаныя і студэнты іншых факультэтаў.

Прынцыповую пазіцыю заняў факультэт дызайну, кіраўніцтва якога адмовілася адлічваць сваіх студэнтаў, але знайшліся людзі, што афармляюць загады ў абыход дэканата.

Алена Бохан

Многія звярнулі ўвагі, што ў загадзе аб адлічэнні студэнтаў Акадэміі мастацтваў адсутнічае подпіс прарэктаркі па вучэбнай працы Алены Бохан. «Нашай Ніве» стала вядома з некалькіх крыніц, што яна прынцыпова адмовілася падпісвацца пад дакументам.

Што тычыцца адсутнасці подпісаў начальніка Вучэбна-метадычнага аб’яднання Ірыны Савасцінкевіч і дэкана мастацкага факультэта Ганны Конанавай, то яны хварэюць.

Рэктар Акадэміі мастацтваў — мастацтвазнаўца Міхал Баразна.

Алена Бохан — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт. У БДАМ працуе ад 2000 года, а з 2013 — прарэктарка па вучэбнай працы. Навуковыя інтарэсы — беларускае прафесійнае і народнае мастацтвы.

Спадарыня Бохан — дачка паэта Сяргея Законнікава, а таксама ўдава гісторыка Юрася Бохана, які памёр у 2017 годзе ва ўзросце 51 год.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?