Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь 2 катэгорыі (нацыянальнае значэнне) прысвоены шлему, знойдзенаму ў Бабруйску, паведамляе «Інтэрфакс» са спасынкай на сайт Магілёўскага аблвыканкама.

Такое рашэнне прынята ў кастрычніку на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Шлем знайшлі ў красавіку мінулага года падчас работ па паглыбленні дна ракі ў затоку правага берага Бярэзіны. Рабочы Уладзімір Балында, які знайшоў рарытэт, перадаў экспанат у Бабруйскі краязнаўчы музей. 

Бабруйскі шлем — помнік зброевага мастацтва Х — пачатку ХІ ст. На землях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Польшча, Расія, Украіна) зафіксавана больш за 30 шлемаў дадзенага тыпу і іх фрагментаў. На тэрыторыі Беларусі падобны прадмет знойдзены ўпершыню.