Фота Кацярыны Гардзеевай

Беларусаў прапускаюць на тэрыторыю нашай краіны, паведаміў Tut.by раніцай 30 кастрычніка прэс-сакратар Дзяржпамежкамітэта Антон Бычкоўскі.

— Грамадзян Беларусі на тэрыторыю Рэспублікі прапускаюць. Ёсць абмежаванні ў дачыненні да фізічных асоб, якія знаходзяцца і плануюць прыязджаць з тэрыторый суседніх з намі дзяржаў. Ёсць паўнамоцтвы ў памежнікаў прымаць у тым ліку і прыватныя пастановы ў залежнасці ад сітуацыі, якая складваецца з тымі, хто перасякае мяжу, — сказаў прадстаўнік ДПК.

Іншыя падрабязнасці ў ведамстве пакуль не далі.

Тым часам Мінсктранс паведаміў, што з 7.00 30 кастрычніка адноўлена выкананне рэйсаў па міжнародных маршрутах, прыпыненае напярэдадні вечарам.

Пры гэтым у Мінсктранс звярнулі ўвагу, што ўезд на тэрыторыю Беларусі часова абмежаваны для асобных катэгорый грамадзян і рэкамендавалі шукаць падрабязнасці на сайце ДПК. У Мінсктрансе пакуль не змаглі адказаць на пытанне, якія катэгорыі грамадзян не прапусцяць на тэрыторыю краіны.

У МЗС краіны пакуль таксама няма падрабязнасцяў па сітуацыі.