Песню Лявона Вольскага «Тры чарапахі» зараз можна пачуць ледзь не ў кожным двары сталіцы. А вось навін ад самога артыста ўжо даўно не было чутно. TUT.BY паразмаўляў з адным з самых папулярных беларускіх выканаўцаў: даведаліся, чым ён зараз жыве, як бачыць будучыню Беларусі і чаму песня пра чарапах стала народным хітом.

Фота: instagram.com/volski.news (Krzysztof Karpiński)

«Цяпер беларусам, апроч крэдытаў і катэджаў, патрэбная яшчэ і свабода»

— Лявон, як справы?

— Як і ва ўсіх зараз у Беларусі: няпэўна, але досыць натхняльна. Я не скажу, што адбываюцца нейкія вар’яцкія здзяйсненні, праходзяць гігантычныя канцэрты. Зрэшты, мы сыгралі на акцыі салідарнасці з Беларуссю на велізарным стадыёне ў Варшаве. Тут — толькі ў дварах.

— СМІ пісалі, што ў панядзелак на Парніковай выступаў Лявон Вольскі. Гэта былі вы?

— Чаму не я? Я быў з гітарыстам Паўлам Трыпуцём: ён там жыве, і яго ўжо даўно прасілі, каб мы сыгралі. І нарэшце з’явілася агульная дата, мы сарганізаваліся, падвезлі комбікі і выступілі.

— Проста вы пазней за іншых далучыліся да дваровага руху. Гэта ваш першы народны канцэрт быў?

— Я доўгі час адсутнічаў, былі справы па-за мяжой. Як толькі прыехаў — тыдні два таму, адразу ўключыўся ў гэтую справу. Зараз выступаю паўсюль, да дзесяці канцэртаў дакладна зладзіў. І планы ёсць досыць насычаныя. Праўда, у мяне няма столькі вольнага часу, каб штовечар даваць канцэрт ці два. Тым не меней увесь час заклікаюць людзі, трэба іх падтрымаць.

— Як ставіцеся да феномену дваровых канцэртаў?

— У нас зараз наогул усё, што адбываецца, фенаменальнае. Самаарганізацыя народа — гэта вельмі класна. Бо ў нас, я лічу, 26 гадоў кіроўнае кола працавала на дэзінтэграцыю ўнутры краіны, каб усе былі разгрупаваныя, каб не было кам’юніці. А цяпер адбываецца наадварот: людзі знаёмяцца, камунікуюць. Гэта класна, гэта трэба заахвочваць і дапамагаць людзям у гэтай справе.

— А што яшчэ фенаменальнага зараз адбываецца?

— Уся сітуацыя цалкам. Я, напрыклад, не мог прагназаваць, што ўсё пойдзе ў такім кірунку. Падавалася, што ўсё будзе як заўсёды: выбары, абвяшчаюць вынікі, два дні будуць нейкія народныя абурэнні, а потым усё сціхне. Але яшчэ з пачатку каранавіруса ўсё пайшло не па тым сцэнары. Гэта нелагічна, што чалавек, які зараз ва ўладзе, садзіў сваіх, так бы мовіць, канкурэнтаў, хаця можна было размеркаваць галасы [на выбарах]. Ён вырашыў іх ізаляваць — і потым пайшло так, як пайшло.

— Чаму, па-вашаму, пратэсты цягнуцца не два дні, а ўжо больш за 80?

— Ёсць такая кропка незвароту: далей ужо нельга цярпець. Мы ўвесь час казалі, што [у Беларусі] сітуацыя абсалютна ненармальная для еўрапейскай тэрыторыі, ды і наогул. Раней людзі займаліся сабой, сваім дабрабытам, крэдытамі, пабудовай катэджаў, кватэр. А цяпер апроч загарадных дамоў патрэбная яшчэ і свабода. У цябе дома можна быць усё нармальна, па-еўрапейску, але выходзіш на вуліцу — і там такое… «Я хачу выйсці — і каб было, як у Вільні», — казалі мне знаёмыя.

— То-бок тэзіс «Мая хата з краю» ужо не так актуальны для беларусаў?

— Гэта вельмі класна, я вельмі шчаслівы, што нарэшце народ гэта зразумеў, узрушыўся. Тое, што адбываецца — вялікае здзяйсненне для нашага краю.

— Музыкі кажуць, што зараз — рэнесанс беларускай музыкі, на яе шалёны попыт. Згодныя?

— Шалёны попыт? Не ведаю, я ж толькі ў дварах граю. Зрэшты, ну так, у нашай песні «Ворагі народу» рэкордная колькасць праглядаў у YouTube. Ясна, што народ раней проста не заўважаў ролю беларускіх музыкаў. Мне пісала адна дама: «Я раней не разумела, што людзі знаходзяць у гэтым артысце з жоўтымі валасамі, які штосьці крычыць. А вось менавіта цяпер, за гэтыя два месяцы, я ўслухалася, мае ўлюбёныя песні такія і такія».

Ці, напрыклад, пасля выхаду альбома «Грамадазнаўства» у 2014 годзе мне казалі: «Ой, цяпер змагарскія песні ўжо не ў модзе». Я вельмі ўсцешаны, што людзі ўсё гэта расчулі па-новай. Класна і тое, што гэта штурхае беларускіх выканаўцаў займацца творчасцю.

«Нават кіроўная эліта зусім не адчувае сябе ў бяспецы, я ўпэўнены»

— На мой погляд, беларусам, якія выступаюць за перамены, было важна пачуць словы падтрымкі ад Міхалка, Каржа і, у прыватнасці, ад вас. Першы падтрымаў забастоўку, другі час ад часу з’яўляецца на акцыях пратэсту. А вы публічна выказваецеся? У чым зараз ваш актывізм?

— Я выказваўся ўвесь гэты час: усе 26 гадоў. Даваў вельмі шчырыя інтэрв'ю, дзе не пазбягаў ніякіх пытанняў. Пісаў некалькі пастоў у Facebook, напісаў нават адно апавяданне — яно магло б разглядацца як паўфантастычнае, але пасля падзей, якія адбыліся пасля выбараў, яно ўжо абсалютна не фантастычнае. У «Ворагах народу» адкрытым тэкстам кажацца, хто вораг і што адбываецца.

— Ведаю, восенню вы выступалі на канцэртах салідарнасці ў Польшчы, Літве.

— Галоўныя нашыя ворагі зараз! (Смяецца.) Канцэрты былі бясплатныя, можна было даслаць запыт і атрымаць квіток.

— А цяпер вы вярнуліся. Адчуваеце сябе ў бяспецы ў Беларусі?

— Не. А хто адчувае? Ніхто, нават тыя, каго мы баімся. І нават, так бы мовіць, кіроўная эліта зусім не адчувае сябе ў бяспецы, я ўпэўнены.

Калі ў Беларусі будзе ўжо зусім Гаіці 1960-х гадоў, ніякага сэнсу тут заставацца няма. Але пакуль нашая роля — падтрымліваць народ і па магчымасці знаходзіцца побач з ім. Але, калі будуць нейкія запрашэнні па-за мяжой і не будзе праблем з перасячэннем мяжы, я б з’ездзіў туды, пайграў.

— Вы робіце гумарыстычныя скетчы «Саўка ды Грышка». Апошні выпуск быў яшчэ напачатку верасня (пра знакамітых Майка і Ніка). Чаму так?

— Таму што я шмат ездзіў. Безумоўна, я планую працягваць, зараз такая сітуацыя, што з усяго можна жартаваць. Але я пастаянна планую — і пастаянна нешта перашкаджае. Вы не падумайце, што гэта звязана з самацэнзурай. Проста я займаюся шмат чым яшчэ, адзін тэлепраект ёсць, я пакуль не магу пра яго распавесці…

— У любым разе гэта не дзяржаўнае тэлебачанне, я так разумею?

— (Доўга смяецца.) Я на дзяржаўнай тэлевізіі з 2004 года быў, можа, тройчы. І тое, што атрымлівалася там, мне дакладна не падабалася. Нас прасілі паўдзельнічаць у нейкім музычным рынгу, ужо не памятаю. Мы з «Крамбамбуляй» удзельнічалі — і гэта было проста непатрэбным. То было падчас чарговай адлігі, але пасля 2010 года для нас гэты варыянт ужо быў выключаны цалкам і я больш з дзяржаўнай тэлевізіяй не меў ніякіх стасункаў. Ужо тады яе глядзеў пэўны кантынгент, які на мае канцэрты не ходзіць.

«У свеце штосьці адбываецца, а ў нас тут чарапахі, кіты і сланы. І нічога не змяняецца»

— Калі ўлетку галоўным пратэстным трэкам у беларусаў былі «Перамен» Цоя, то зараз гэта адназначна «Тры чарапахі». Чаму?

— Таму што вычарпалі сябе іншыя пратэстныя песні: «Перамен», «Муры». Цяпер прыйшла чарга «Трох чарапах», хаця яны ўсе гэтыя гады таксама пастаянна дзесьці прысутнічалі — на стадыёнах, на трыбунах. Не ўвесь жа час спяваць адное і тое ж. Ды і «Трох чарапах» называюць альтэрнатыўным гімнам Беларусі.

— У Віталя Артыста зараз выйшаў новы трэк, у якім ёсць такі радок: «Тры чарапахі» против стаи волков». Як думаеце, мірны пратэст працуе?

— Безумоўна. Трываць вечна немагчыма, некаторыя зрываюцца. Але столькі часу мірнага пратэсту — гэта ўжо проста фенаменальна, неверагодна. Мы бачым, што няма што інкрымінаваць пратэстоўцам. Калі людзей, якія выйшлі з голымі рукамі, забівалі — тут абсалютна ўсё ясна. Не можа быць розначытанняў. Таму гэтая пастаянная хлусня, якую мы слухалі 26 гадоў, цяпер ужо цалкам у абсалюце.

— У 2020 годзе вы перазапісалі трэк «Тры чарапахі», і цяпер замест «сюрпрызаў не будзе» стала «чаканне дастала». То бок сюрпрызы ўсё-такі будуць?

— З гэтай вясны сюрпрызы нас пераследуюць штомесяц, штодзень і штогадзіну. Яны ёсць і будуць, і гэта вельмі класна. Тэкст «Трох чарапах», калі я яго ствараў, быў песімістычным, нягледзячы на аптымістычныя гармонію і мелодыю. Бывае такое, што ты штосьці пішаш і сам не разумееш, аб чым гэта.

Я нешта прыдумаў — і толькі потым зразумеў, пра што песня. Гэта іранічна-гратэскны тэкст пра нашае грамадства: у свеце штосьці адбываецца, а ў нас тут чарапахі, кіты і сланы. І зямля пляскатая, і нічога не змяняецца, «ты не чакай».

Гэта быў 1999 год, калі ўжо пяць гадоў была гэтая ўлада. І ўжо тады людзі стаміліся чакаць, думалі, гэта на адзін-два тэрміны.

— А вы галасавалі за Лукашэнку ў 1994-м?

— Да вы што! Я адразу бачыў, што гэта такое. Нягледзячы на свой юны ўзрост, я разумеў, што гэта страшная небяспека. Гэта ж відаць няўзброеным вокам — па міміцы чалавека, па тым, што і як ён кажа. Дзе інтуіцыя ў людзей была?

— Зараз бачыце добрага прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі?

— А зараз усё роўна, хто будзе. Галоўнае, як кажа Ціханоўская, каб можна было правесці паўторныя выбары з нармальным падлікам галасоў і абмежаваць тэрміны.

— А калі прыйдзе прарасейскі кандыдат і скажа, што перамог сумленна…

— Ведаеце, я не займаюся палітыкай, але гэты прывід прарасейскага кандыдата пачынаецца яшчэ з часоў Някляева (яго чамусьці клеймавалі прарасейскім кандыдатам). Чаму Бабарыка прарасейскі кандыдат? Таму што ён працаваў у філіі расейскага банка? Больш прарасейскага кандыдата, чым Лукашэнка, ужо не будзе.

— Якія ў вас прагнозы наконт таго, што будзе ў Беларусі?

— У самыя цёмныя часы я казаў, што нас чакае светлая будучыня. І я застаюся на гэтай пазіцыі. Колькі гэта будзе працягвацца, сказаць складана, усё хістаецца. Але нядоўга, здаецца, максімум два гады. А можа і некалькі месяцаў. Хочацца быць аптымістам, не хочацца з’язджаць адсюль. Мы бачым на прыкладзе Ціханоўскай, што нават чалавек, абсалютна не падрыхтаваны да ролі прэзідэнта, можа адэкватна выглядаць на гэтай пасадзе. А ёсць людзі, якія ўсё жыццё застаюцца аднолькавыя. І яны ўжо 26 гадоў намі кіруюць.

Калі пачалася акупацыя Крыма, тады яны ўсе спалохаліся, ён [Лукашэнка] таксама: дазволілі вышыванкі і святкаванне 25 сакавіка. Гэта была перамога страшная! Але, як бачым, гэты чалавек і людзі, якія з ім ідуць, не змяніліся і ўжо не зменяцца.

— Ужо некалькі дзясяткаў гадоў філосафы з лупай вышукваюць беларускую нацыянальную ідэю. Вы не лічыце, што якраз зараз яна і нараджаецца?

— Ясна, што нацыянальная ідэя знойдзецца сама, пры дапамозе людзей культуры. Канешне, не ў кулуарах і калі яны не будуць ізаляваныя ў вечным гета: «Гэта нельга, гэта забаронена, тут чорныя спісы». Тады мы ўсе разам з народам выпрацуем выдатную нацыянальную ідэю, раз за 26 гадоў гэтыя людзі не выпрацавалі нічога, апроч «чаркі-шкваркі» і «государства для народа».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?