У панядзелак, 11 траўня, прайшла прэзентацыя першага нумару беларускага біяграфічнага альманаха «Асоба і час», укладальнікам якога выступіў Аляксандр Фядута.

Прэзентацыя прайшла ў памяшканні «Гістарычнай майстэрні» на вуліцы Сухой.


На сустрэчу прыйшлі як аўтары артыкулаў (Іван Саверчанка, Міхась Скобла, Віталь Скалабан, Вольга Іванова, Андрэй Расінскі, Вольга Гарбачова), так і зацікаўленыя, і дзеці тых, пра каго пішацца ў зборніку: Наталля Машэрава і Аляксандр Мілінкевіч.

Вёў вечарыну, што праходзіла пад акампанемент квартэта скрыпачак, Сямён Букчын, які зазначыў, што «нам вельмі не хапала такога зборніка» ды параўнаў яго з расійскімі выданнямі пачатку ХХ ст.

Пра асабістыя архівы

Падчас імпрэзы было закранута некалькі сур’ёзных праблемаў. У прыватнасці, пра захаванасць асабістых архіваў. Пра гэта напісала артыкул у зборніку Вольга Іванова, якая і зрабіла на прэзентацыі адпаведнае паведамленне.

Рэч у тым, што наяўнасць у сховішчах архіваў асабістага фонду таго ці іншага дзеяча, яшчэ не азначае паўнату таго архіву. Сямён Букчын, напрыклад, зазначыў, што «дакладна ведаеш, што той ці іншы дзеяч вёў шырокую перапіску», а яго архіў прадстаўлены выключна ганаровымі граматамі і адным‑двума лістамі.

Вядомы архівіст Віталь Скалабан — у зборніку ён выдрукаваў сваю перапіску з Зоськай Верас — адказаў на пастаўленае пытанне: «Чаму так мала асабістай перапіскі»:

«Значыць не захавалася. Павінен прайсці час, каб яна з’явілася. Часам самі дзеячы не рупяцца пра захаванасць перапіскі, а часам ставяць умову: надрукаваць праз 25 гадоў. Бывае, што адмаўляюцца перадаваць сваякі. Я з гэтым не раз сутыкаўся».

Станоўчым прыкладам тут ёсць асоба Мікалая Улашчыка, які яшчэ пры жыцці пачаў перадаваць свае архівы ў Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа. А дзякуючы спрыту савецкіх органаў бяспекі беларусы займелі архіў Кастуся Езавітава — ці не самы багаты на сёння асабісты архіў, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве.

Наогул жа самы багаты ў Беларусі на асабістыя фонды Беларускі дзяржаўны архіў‑музей літаратуры і мастацтва.

Без такіх кніг мы былі б слабейшымі

Сямён Букчын, робячы падводку на наступнага выступоўцы, сказаў так: «Зараз перад намі выступіць не палітычны дзеяч, не лідэр нейкага там Руху, а сын выдатнага гарадзенскага настаўніка Уладзіміра Барана — Аляксандр Мілінкевіч (артыкул пра У. Барана напісаў св. пам. Валеры Задаля).

Адчувалася, што Аляксандр Уладзіміравіч падчас свайго выступу моцна хваляваўся, з любоўю і піетэтам распавядаючы пра свайго бацьку: «Мой бацька быў выдатным настаўнікам».

А. Мілінкевіч зазначыў, што бацька мала расказваў пра сваё «польскае» мінулае, а ў тым мінулым ён працаваў у варшаўскім ліцэі імя Стафана Баторыя разам са знакамітым Янушам Корчакам.

«Пасля вайны амаль усю гарадзенскую інтэлігенцыю павывозілі, а на іх месца прыехалі новыя людзі. І вось старая ацалелая інтэлігенцыя часта збіралася разам: прыходзілі ў накрухмаленых кашулях, прыгожых гальштуках, менавіта яны і захавалі дух старой Гародні», ‑‑ сказаў А. Мілінкевіч.

«Я ўдзячны выдаўцам кніг, бо без такіх кніг мы робімся слабейшымі», - рэзюмаваў пры канцы свайго выступу.

Чалавек з вялікім сэрцам

Асобны блок імпрэзы міжволі аказаўся прысвечаным Пятру Машэраву. Артыкул пра яго напісаў у зборнік журналіст «НН» Андрэй Расінскі.

«Калі мне прапанавалі пісаць пра Пятра Міронавіча, спачатку я паставіўся да гэтага скептычна. Ды ён жа камуніст, думаў я (…) Але паступова, працуючы з матэрыяламі, я ўцягнуўся і маё стаўленне да Машэрава кардынальна змянілася.

Гэта быў чалавек з вялікім сэрцам, асоба з вялікай літары.
Яму было цікава з людзьмі, і ягоныя сустрэчы ніколі не былі паказушнымі».

Потым слова ўзяла дачка лідэра Пятра Машэрава спадарыня Наталля:

«Сказаць, што мой тата любіў Беларусь, не сказаць нічога. Ён, напрыклад, сам намаляваў эскіз Кургана славы, і вельмі ганарыўся тым, што шпіль на Кургане самы высокі ў Еўропе.

Ён разумеў сваіх апанентаў. Тата неяк сказаў:

«Я ведаю, што Янка Брыль не прымае нашае савецкае сістэмы, і мая задача яго абараніць. Сістэма рухне, а таленты застануцца».
Таксама ён абараняў і Васіля Быкава, сказала Наталля Машэрава, «тата падрэсліваў, што Беларусь заўсёды будуць ведаць па творах Быкава».

***

Пры канцы вечарыны Аляксандр Фядута падзяліўся планамі на будучыню.

«Вельмі хочацца каб усіх аўтараў пасадзілі ў аўтобус і вазілі з прэзентацыямі на краіне».

У найбліжэйшых планах: выпуск другога нумару і трэцяга. Адзін з гэтых нумароў будзе прысвечаны 100‑годдзю Ларысы Геніюш.

«А наогул хочацца давесці выдаванне альманаху да пятага нумару. А потым каб нехта паглядзеў і сказаў: "Вы не так робіце, я ведаю як і пачаў рабіць свой праект», - сказаў сп. Фядута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?