На Маршы 1 лістапада трапіў на відэа ўчынак аднаго з пратэстоўцаў: мужчына ў чырвонай куртцы расшпіліў вопратку і пайшоў на сілавіка са стрэльбай.

«Наша Ніва» пагаварыла з гэтым чалавекам.

Раману К. 35 гадоў, працуе ў сферы будаўніцтва.

«Я жыву непадалёк ад месца, дзе ішлі людзі. Рушыў сваім маршрутам, але апынуўся сярод мітынгоўцаў, частку дарогі прайшоў з імі. Планаваў звярнуць на перакрыжаванні з вуліцай Каліноўскага, але дарогу перакрыла група сілавікоў, — расказвае Раман. — Я ішоў не ў першых шэрагах, недзе ў сярэдзіне. Частка людзей разбеглася, а частка не спынілася і пайшла наперад.

Пайшоў і я — неяк спантанна».

Праўладныя «ананімныя» тэлеграм-каналы пішуць, што мужчына хацеў стаць сакральнай ахвярай, але, маўляў, не атрымалася.

«Далейшыя мае паводзіны не былі правакацыяй ці нейкім падрыхтаваным дзеяннем. І не п’яны ўчынак — я быў абсалютна цвярозы.

Проста неяк назапашаная незадаволенасць вылілася… І я агаліў грудзі і кажу сілавіку: «Страляй!» Ён адказваў штосьці кшталту «Разыходзьцеся!» Дакладна я не памятаю.

Страшна не было, я быў упэўнены, што сілавік не стане страляць — загінуць і атрымаць раненне я таксама не хацеў. Але я і не разлічваў, што сілавікі мяне прапусцяць. Проста… Неяк захацелася паказаць ім, што людзі іх не баяцца», — тлумачыць Раман.

Пасля яго ўзяла за плячо нейкая дзяўчына і адцягнула ўбок.

«Калі я абыходзіў калону, мяне скруцілі, але ці то патрапіліся чалавечныя сілавікі, ці то не было каманды затрымліваць. Двое ўзялі мяне пад рукі, адвялі ўбок, потым сказалі: «Ідзі далей адсюль». І адпусцілі. Было непрыемна, баяўся, што дадуць суткі і адвязуць у легендарнае Акрэсціна.

Пасля частку дарогі я прайшоў з людзьмі і нарэшце звярнуў у бок дома, — кажа Раман. — Раней я яшчэ мог удзельнічаць у мітынгах, але апошнім часам ад гэтай ідэі адмовіўся. У мяне з’явілася малое дзіця, грошай ледзь-ледзь хапае, дык я баяўся, што магу сесці на суткі ці згубіць працу. Таму стараюся сябе паводзіць акуратна. Нават тады, 1 лістапада, я ж ішоў без сімволікі, не крычаў лозунгі».

Але ўсё тыя ж «ананімы» выкацілі доўгі спіс папярэдніх правапарушэнняў Рамана: і распіццё спіртных напояў, і крадзяжы, і дробнае хуліганства, і нанясенне цялесных пашкоджанняў…

«У маладосці рознае было. Крадзяжы — гэта яшчэ школьныя часы, там скраў жуйку ці бутэльку піва. Пасля маці на мяне нярэдка выклікала міліцыю: мы з ёй былі ў напружаных адносінах у пытанні жылля, нават судзіліся пасля. Астатняе — дурасць і дробязі па маладосці. У турме я не сядзеў, — падкрэсліў Раман.

— Ды і часам бывалі проста абсурдныя гісторыі. Напрыклад, некалькі гадоў таму я арандаваў пакой у жанчыны. Да яе хадзіў не вельмі адэкватны кавалер — аднойчы ён разбіў шыбы. Мы выклікалі міліцыю, яна прыехала — і забралі мяне. Два дні я правёў на Акрэсціна, пасля суд, на шчасце, зняў абвінавачванне».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?