Артыкул у «Советской Белорусии», прысвечаны афіцыйнаму Дню герба і сцяга, выклікаў жывое абмеркаванне на сайце газеты.

«Цяпер беларускую дзяржаўную сімволіку ведаюць і паважаюць у многіх краінах свету. Ёсць, канечне, некалькі «гарачых галоваў», якія ўсяляк спрабуюць прынізіць наш герб і сцяг, паставіць пад сумнеў сам факт яго існавання. Але, як кажуць, сабака брэша, а караван ідзе.

Я нічога не маю супраць нацыянальнай беларускай сімволікі : бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Гэтыя сімвалы — таксама пэўная вяха ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Але, так склалася гісторыя, не па іх пазнаюць беларусаў, не яны падымаюцца ў гару, калі нашыя спартоўцы перамагаюць на сусветных спаборніцтвах, не «Пагоня» ўпрыгожвае галоўны дакумент кожнага з нас — пашпарт. Але ў гэтым няма нічога страшнага. Цяперашні герб дастаткова прывабны, дый дзяржава — Рэспубліка Беларусь сфармавалася менавіта пад ім…» — напісаў Чытач з Любліна.

Яму адказаў Саша: «Нешта я не сустракаў ні на адным апазіцыйным мітынгу людзей, якія б прыніжалі дзяржаўны герб і сцяг. Насамрэч, у сілу палітычных асаблівасцей так склалася, што дзяржаўная сімволіка і нацыянальная ў нашай краіне ў адрозненне ад іншых не супадае. Але мы жывем з гэтым ужо 14 гадоў і неяк прывыклі нават. Хоць душэўны дыскамфорт у некаторых людзей і ў мяне ў тым ліку з гэтай нагоды прысутнічае.

Яўграф нагадаў на форуме sb.by, як здымалася нацыянальная сімволіка з будынку ўраду: «Яго ж рвалі на кавалкі! Як гітлераўскія сцягі! І гэта — частка нашай гісторыі? Да за такое я б рукі паадрываў! Вось узялі бы той сцяг, ды ў музей, напрыклад, на ганаровае месца! А яго разарвалі... Па-варварску. Вось цяпер і чакаю — варта прызвычайвацца да новага «старога» сцяга ці пачакаць? Можа і гэты хтосьці разлюбіць? Вось так і жыву. Перад вачыма — бела-зялёна-чырвоны, а ў душы — бел-чырвона-белы.

Дзіма выказаў меркаванне, што маладое пакаленне не прымае афіцыйны сцяг: «Я як не пагляджу на чырвона-зялёны сцяг і герб, то ў мяне няма ніякага гонару за краіну, у мяне адразу ўзнікаюць асацыяцыі з БССР. Акрамя таго, у гэтых сімвалах парушаныя ўсе геральдычныя правілы, іх у прынцыпе не можа быць. А наконт перамогаў пад бел-чырвона-белым сцягам... Выбачайце, але гэта нелагічна. Калі ён быў дзяржаўным, то былі і перамогі. Узгадайце Барселону і Ліліхамер. Я не збіраюся абражаць чырвона-зялёны сцяг, бо ведаю, што для часткі беларусаў ён вельмі важны, але мне здаецца, што маладое пакаленне яго не прымае. У гэтага сцяга няма гістарычнага зместу».

Іван напісаў, што «паважае сімволіку сваёй краіны, бо проста любіць сваю краіну», але пры гэтым яму «нашмат больш прыемна было б бачыць Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг у якасці сімволікі, чым тое, што ў нас цяпер.

Ян адказаў Івану, што яму «непрыемны «бел-чырвона-белы», бо яго «дазволіў» у 1942 годзе гаўляйтэр Кубэ і пад ім ліхадзеі балявалі і забівалі людзей.

Амерыканец назваў словы Яна лухтой: «Наколькі мне вядома, РОА пад расійскім трыкалорам і бандэраўцы пад «блокiтно-жовтневым» куды больш жорстка пазабаўляліся. Аднак толькі ў РБ гэта паслужыла нагодай для змены дзяржсімволікі.

***

14 траўня 1995 г. па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся першы рэферэндум у гісторыі незалежнай краіны. На абмеркаванне былі вынесеныя чатыры пытанні, сярод якіх былі і пытанне змены дзяржаўнай сімволікі. Варта адзначыць, што артыкул 148 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не дазваляў змяняць або дапаўняць Канстытуцыю на працягу апошніх шасці месяцаў паўнамоцтваў парламенту, а ў адпаведнасці з Канстытуцыяй паўнамоцтвы тагачаснага Вярхоўнага Савету скончыліся яшчэ ў сакавіку 1995 году. У адпаведнасці з арт. 3 «Закону аб усенародным галасаванні (рэферэндуме)» на ўсенароднае галасаванне забаранялася выносіць пытанні, што «парушаюць неад’емнае права народа Рэспублікі Беларусь на дзяржаўныя гарантыі існавання беларускай нацыянальнай культуры і мовы».

У рэферэндуме прынялі ўдзел 4 823 482 чалавекі пры агульнай колькасці грамадзянаў, што атрымалі права галасаваць 7 445 820 чалавек (64,8%). За змену сімволікі прагаласаваў 3 622 851 чалавек, супраць — 988 839.

Пагоняй віталі нашых хакеістаў у Швейцарыі беларускія заўзятары.

Пагоняй віталі нашых хакеістаў у Швейцарыі беларускія заўзятары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?