Паштовая служба ЗША не змагла даставіць больш за 150 тысяч бюлетэняў на выбарчыя ўчасткі да заканчэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 3 лістапада. Пра гэта паведамляе газета The Washington Post са спасылкай на звесткі ўстановы. 

Паводле інфармацыі выдання, больш за 12 тысяч з гэтых бюлетэняў прыпадаюць на пяць штатаў, дзе імя пераможцы яшчэ не вызначылася. 

У залежнасці ад законаў канкрэтнага штата дастаўленыя пазней дня выбараў бюлетэні могуць быць альбо залічаныя, альбо прызнаныя несапраўднымі. Напрыклад, у Невадзе, Паўночнай Караліне і Пенсільваніі бюлетэні, якія прыйшлі пасля 3 лістапада, будуць падлічаныя, бо паштовыя штэмпелі датаваныя днём выбараў. У той жа час у Арызоне і Джорджыі затрыманыя бюлетэні не ўлічваюць пры падліку галасоў, адзначае РБК.

Выбары прэзідэнта ў ЗША адбыліся 3 лістапада. Сёлета датэрмінова ў той ці іншай форме (поштай або асабістым прыходам на ўчастак) прагаласавалі больш за 90 млн выбаршчыкаў з 233 млн. З-за таго, што прагаласаваць па пошце вырашыла беспрэцэдэнтна высокая колькасць амерыканцаў, у многіх штатах зацягнуўся працэс падліку галасоў, які ідзе да гэтага часу.

На наступны дзень пасля выбараў кандыдат ад рэспубліканцаў, дзеючы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, заявіў, што першапачаткова лідзіраваў у многіх штатах, нават у тых, якія традыцыйна аддаюць галасы за дэмакратаў. Аднак затым, па словах прэзідэнта, ён стаў «чароўным чынам» саступаць дэмакрату Джо Байдэну па меры падліку «бюлетэняў, якія з'явіліся».

Трамп сцвярджае, што запаволены падлік галасоў з-за адпраўкі бюлетэняў па пошце — гэта «махлярства» на карысць Байдэна. Рэспубліканец выступае за тое, каб не ўлічваць бюлетэні, атрыманыя пасля выбараў. Наадварот, Байдэн заяўляе, што «кожны голас павінен быць улічаны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0