Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельнікаў «працэсу 14‑ці» вязнямі сумлення. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце, які міжнародная арганізацыя накіравала на імя генеральнага пракурора Беларусі Р. Васілевіча.

Прадстаўнік Amnesty International Нікаля Дакварс (Nicola Duckworth), дырэктар па справах рэгіёнаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у сваім звароце да генпракурора Беларусі ў прыватнасці адзначыў:

«Я пішу вам з нагоды справы 11 маладых людзей, якія былі падвергнутыя абмежаванню волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 студзеня 2008 году ў Менску.

Amnesty International упэўненая, што яны былі падвергнутыя пакаранню за мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў.
У сувязі з гэтым мы абвяшчаем іх вязнямі сумлення».

У сваім паведамленні Amnesty International называе 11 фігурантаў «справы 14‑ці» — Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Таццяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука, Аляксандра Баразенку. Вязнямі сумлення арганізацыя прызнала тых, хто на дадзены момант адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраннем, і пры самым дробным парушэнні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі.

Нагадаем, што яшчэ два фігуранты гэтай крымінальнай справы Антось Койпіш і Уладзімір Сяргееў былі пакараныя штрафамі.

Нікаля Дакварс у сваім звароце да генпракурора Васілевіча заклікае вызваліць пералічаных фігурантаў «справы 14‑ці» ад пакарання, а таксама правесці расследаванне наконт збіцця Аляксандра Баразенкі афіцэрам міліцыі, што адбылося 23 сакавіка.

У сувязі з гэтым фактам, Amnesty International патрабуе ад генпракурора кантраляваць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія нясуць адказнасць за кантроль адпаведнасці умоваў абмежавання волі, і гарантаваць, што да пералічаных арганізацыяй 11 чалавек будуць ставіцца справядліва і бесстаронне.

«Справа 14‑ці» — крымінальная справа па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 году.

Amnesty International — гэта сусветны рух, які аб’ядноўвае 2,2 мільёны чалавек з больш чым 150 краінаў і тэрыторый, якія дамагаюцца спынення грубых парушэнняў правоў чалавека.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?