Тут і ніжэй — фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц і чытачоў «Нашай Нівы».

Тут і ніжэй — фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц і чытачоў «Нашай Нівы».

Некалькі соцень дэманстрантаў былі затрыманыя ў Мінску пры спробе правесці «Марш народаўладдзя». Дэманстрантаў у цэнтры былі тысячы, але сілавікі спынялі любыя спробы людзей сабрацца ў адным месцы.

Тэлеграм-каналы заклікалі сабрацца каля Ратушы, але ўсе вуліцы вакол былі заблакаваныя сілавікамі, якія хапалі людзей на падыходах.

Раён Стэлы сёння выглядаў так.

Патэнцыйных дэманстрантаў блакавалі або затрымлівалі на Нямізе, праспекце Пераможцаў, вуліцах Мельнікайце, Гвардзейскай, Старажоўскай.

Тым не менш, некалькі тысяч людзей сабраліся насупраць Стэлы і паспрабавалі выйсці на праспект Машэрава. Супраць іх высунуліся сотні сілавікоў у форме з вадамётам.

Тады калона паспрабавала сабрацца на рагу Кальварыйскай і Цэткін. Іх таксама разагналі.

Яшчэ адна калона з некалькіх тысяч чалавек сабралася за некалькі кіламетраў ад Кальварыйскай, каля Белай Вежы, і рушыла па вуліцы Багдановіча ў бок Нямігі.

Тактыка сілавікоў сёння была такая. Байцы Унутраных войскаў у экіпіроўцы стаялі ў кардонах на вуліцах. А, меркавана, супрацоўнікі ГУБАЗіКа і афіцэры Сіл спецыяльных аперацый Мінабароны ў цывільным з дубінкамі ладзілі аблавы ў дварах і скверах.

Акрамя таго, па цэнтральных вуліцах ездзілі канвоі АМАПа, па дзясятку бусікаў у калоне, і высаджваліся ў месцах канцэнтрацыі людзей.

Дакладная лічба затрыманых стане вядомая заўтра. Па ацэнцы карэспандэнтаў «Нашай Нівы», гэты лік, як і ў мінулыя выхадныя, зноў ідзе на сотні толькі ў Мінску. Ёсць затрыманыя таксама ў Ляхавічах (Брэсцкая вобласць), Брэсце, Гомелі.

Дэманстранты спрабавалі сабрацца і ў цэнтрах некаторых іншых гарадоў Беларусі, але, у адрозненне ад таго, што назіралася ў жніўні або 25 кастрычніка, там сёння колькасць дэманстрантаў была невялікая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0