«Першыя чатыры самалёты Іл-76, якія ажыццяўляюць перакідку расійскіх міратворцаў у раён выканання задач у зоне нагорнакарабахскага канфлікту, вылецелі з аэрадрома Ульянаўск-Усходні. На борце паветраных судоў асабовы склад міратворчага злучэння, аўтамабільная тэхніка, бронетранспарцёры і матэрыяльныя сродкі», —цытуе ТАСС паведамленне Мінабароны РФ.

Пазней стала вядома аб вылеце яшчэ двух самалётаў.

Усяго для разгортвання міратворчага кантынгенту ў зону нагорнакарабахскага канфлікту будуць перакінутыя 1960 расійскіх вайскоўцаў, 90 бронетранспарцёраў, 380 адзінак аўтамабільнай і спецыяльнай тэхнікі. 

Перакідка падраздзяленняў расійскіх міратворцаў у раён выканання задач ажыццяўляецца камбінаваным спосабам з задзейнічаннем самалётаў Іл-76 ваенна-транспартнай авіяцыі, дадалі ў ваенным ведамстве.

9 лістапада прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян падпісалі сумесную заяву аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху. Як, у прыватнасці, паведаміў расійскі лідар, азербайджанскі і армянскі бакі застануцца на занятых пазіцыях, а ў рэгіёне будуць размешчаныя расійскія міратворцы.

Паводле інфармацыі Мінабароны РФ, аснову кантынгенту складуць падраздзяленні 15-й асобнай мотастралковай брыгады (міратворчай) Цэнтральнай вайсковай акругі. Як удакладнілі ў ведамстве, для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў аб спыненні ваенных дзеянняў расійскія назіральныя пасты будуць выстаўлены ўздоўж лініі судакранання ў Нагорным Карабаху і ўздоўж Лачынскага калідора, які злучае Арменію і Нагорны Карабах. Камандаванне міратворчай аперацыяй будзе размяшчацца ў раёне горада Сцепанакерт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0