Следчы камітэт пракаментаваў смерць Рамана Бандарэнкі. Як і МУС раней, СК акцэнтаваў увагу на канфлікце між жыхарамі двара і неўстаноўленымі асобамі, якія здымалі нацыянальную сімволіку. Але СК таксама заявіў пра тое, што Раман Бандарэнка быў у стане алкагольнага ап'янення.

«11 лістапада ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў двары дома на вуліцы Чарвякова ў Мінску адбылася бойка паміж агрэсіўна настроенымі мясцовымі жыхарамі, якія вешаюць стужкі, і асобамі, што іх здымалі. Супрацоўнікі міліцыі, што прыбылі на месца, выявілі мужчыну з цялеснымі пашкоджаннямі і прыкметамі алкагольнага ап'янення.

Мінчук быў дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС Мінска для высвятлення акалічнасцяў таго, што здарылася. У сувязі з пагаршэннем самаадчування мужчыны праваахоўнікі выклікалі яму хуткую медыцынскую дапамогу. Мінчук быў агледжаны медыкамі, пасля чаго шпіталізаваны ва ўстанову аховы здароўя, дзе пры першасным аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў яго дыягнаставалі алкагольную інтаксікацыю. На наступны дзень, нягледзячы на аказаную медыцынскую дапамогу, мужчына памёр», — гаворыцца ў паведамленні СК.

СК не называе ніякіх лічбаў пра алкаголь ў арганізме, як робіць гэта звычайна ў сваіх паведамленнях.

Пасля гэтага медыкі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі апублікавалі ў тэлеграм-канале «Белыя халаты» дакумент, які сведчыць, што ў Рамана Бандарэнкі было 0% алкаголю ў крыві.

А жыхары двара на вуліцы Чарвякова, у сваю чаргу, апублікавалі запіс з камер відэаназірання, які паказвае, што сілавікі вядуць Бандарэнку ў бус жывым. Праз некалькі гадзін пасля гэтага хуткая забрала яго з Цэнтральнага РУУС непрытомным, з цяжкімі траўмамі.

Чытайце таксама: Памёр Раман Бандарэнка, якога хуткая забрала непрытомным з Цэнтральнага РУУС