У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бярэ ўдзел «Сердце дурака» — гурт, за якім замацаваўся статус адной з самых маскальнутых камандаў краіны.

Аднак, лідэр гурта Цімафей Яравікоў усур’ёз зацікавіўся ідэяй «Перазагрузкі» — інтэрпрэтацыяй твору на іншай мове. «Да беларускай мовы я заўжды ставіўся з належнай павагай і цікаўнасьцю», — заўважае Цімафей.

Цімафей Яравікоў грае рок з 14 год. Ён пачынаў, як тэкставік шэрагу магілёўскіх камандаў, а неўзабаве стаў вакалістам адной зь іх, што звалася «Перекрёсток теней». Уласны гурт пад назвай «Сердце дурака» ён заснаваў у 2002 годзе, які паступова зваяваў культавы статус. Самі музыкі кажуць, што яны ня могуць нічым пахваліцца, акром хіба таго, што амаль у кожным беларускім, украінскім і расейскім горадзе ёсьць іх сапраўдныя прыхільнікі, а геаграфія шырыцца надалей, прычым без асаблівых высілкаў з боку самога гурта. Цікава, што фэн‑клюб гурта паўстаў не ў родным Магілёве, а ў Маскве, куды Цімафей з гуртом і безь яго наведваецца часьцяком. Музыкант неаднойчы выступаў на фэсьце паэтычнага року ў расейскай сталіцы «Даждь».

Поўнавартасны альбом «Сердце дурака» запісалі толькі сёлета. Ён завецца «Децтво» і ўключае галоўныя гіты каманды і новыя творы.
Пакуль гурт шукае магчымасьці выданьня ў Беларусі, на рэсурсе shara.by яго за першы тыдзень спампавалі больш за 10 000 разоў.

У рэпертуары гурта найбольш вылучаецца песьня «Пропасть». Яна зьявілася ўпершыню два гады таму на сынгле «К началу начал». Адзін з прыхільнікаў гурта зрабіў на яе аматарскае відэа з выкарыстаньнем кадраў зь фільму «Остров», якое імгенна разышлося і надала творчасьці «Сердце дурака» своеасаблівую аўру. Кажуць, што часам заўзятары каманды проста ўкленчвалі перад аўтарам «Пропасти». Менавіта гэты твор музыкі і прапаноўваюць да ўдзелу ў праекце «Перазагрузка». Цімафея Яравікова, які скончыў факультэт славянскай міталёгіі, зацікавіла найперш ідэя — інтэрпрэтацыя твораў на беларускай мове. «Песьня вымагае куды менш свабоды, чым пераклад прозы ці нават паэзіі, таму перакладчык мусіць мець куды большы талент, чым стваральнік песьні, каб не згубіць яе тонкія матэрыі ды захаваць аўтэнтычнасьць гучаньня. Цікава, ці атрымаецца так». Сам Цімафей да беларускай мовы ставіцца з належнай павагай і цікаўнасьцю. «Мне пішацца па‑расейску, бо песьня сама абірае мову і гэта не замінае ёй быць беларускай па‑сутнасьці, бо нараджаецца яна ў калярыце мясцовых рэалізй і культурнага фону», — кажа лідэр «Сердца дурака».

На беларускай мове песьню «Пропасть» бярэцца пераасэнсаваць паэт, сьпявак і перакладчык Алесь Камоцкі.

Наступны ўдзельнік «Перазагрузкі» будзе прадстаўлены 21 траўня.

У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне экспэрымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках Тузін гітоў і budzma.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0