Вось што мяне цяпер проста дзіка раздражняе — гэта калі я чытаю ў стужцы ці яшчэ дзе пагардлівыя развагі пра беларусаў як пра нейкіх пакорлівых баязліўцаў, у якіх «рабскія гены», а таму, маўляў, «не могуць даць дастойны адпор дзяржаўнаму тэрору».

А вось, маўляў, былі б смялейшыя і з большым пачуццём годнасці — то даўно б ужо пагналі ўсіх мянтоў з іхнымі дубінкамі і іншымі цацкамі. І яшчэ, маўляў, салідарнасці няма ніякай — Бандарэнку забіралі з плошчы Перамен у бусік, а суседзі толькі відэа здымалі, а не пайшлі адбіваць… Раней падобных разваг было менш, а цяпер дык надта такая тэндэнцыя ўзмацнілася.

Раздражняе таму, што гэта гаворыцца на чацвёртым месяцы няспынных пратэсных акцый, калі хоць нешта, рознай ступені маштабнасці, адбываецца кожны дзень. Кожны дзень, калі сотні, калі тысячы, калі дзясяткі тысяч, калі сотні тысяч выходзяць ці ў двары, ці на раёны, ці ў цэнтр горада, у сталіцы і правінцыі, днямі і начамі для таго, каб тым ці іншым спосабам засведчыць сваю нязгоду з тым, што цяпер дзеецца.

Ва ўмовах поўнага прававога дэфолту і дзікага адвязанага дзяржаўнага тэрору поўнасцю сышоўшая з катушак рэпрэсіўная сістэма можа папросту схапіць у любы момант любога і перамалоць у сваіх жорнах. І многіх меле.

Набліжаецца да 20 000 колькасць тых, хто прайшоў праз зняволенні, пад тысячу заведзеных крымінальных спраў, тысячы жорстка збітых, пад дзясятак нават тым ці іншым чынам зведзеных са свету.

А беларусы ўсё адно выходзяць, хай у меншых колькасцях, але кожны дзень. І тым не менш для многіх яны робяцца мяккацелымі баязліўцамі.

Мне здаецца, што большасць тых, хто ў нашых цяперашніх умовах піша пра баязлівасць, слабахарактарнасць і мяккацеласць беларусаў, самі назіраюць за пратэстамі ці з-за мяжы, ці з канапы. Бо той, хто сам удзельнічае сёння ў супраціве рэжыму любым спосабам, добра ведае, што для таго, каб на гэта наважыцца, трэба сябе часта добра настроіць і пераламаць, сабраць у кулак усю смеласць. Нават калі па характары сваім гэтыя людзі не надта смелыя. Бо цалкам бяспечных формаў пратэсту цяпер проста няма.

Можна пасмейвацца, што, маўляў, змагары хрэнавы, чайку выйшлі ў двор папіць ці з шарыкамі або плакацікамі на марш выйшлі, а да «настаяшчага дзела» няздольныя. Але не трэба забывацца, што за абсалютна любую з гэтых «несур'ёзных» спраў сёння можна атрымаць вельмі жорсткае пакаранне, і не ўратуе цябе цяпер ні ўзрост, ні пол, ні стан здароўя, ні сацыяльны статус.

У такіх умовах працягваць супраціў могуць толькі вельмі матываваныя і смелыя людзі. Смелыя — не ў тым сэнсе, што ўвогуле непадуладныя пачуццю страху, а ў тым, што ўмеюць яго пераадольваюць. І знаходзяць на гэта сілы ўжо працяглы час. Прытым што супрацьстаяць даводзіцца сапраўды вельмі страшнаму рэжыму, які ўжо відавочна, што не спыніцца ў сваім імкненні працягваць панаваць на гэтым, як сам кажа, «клачку зямлі» ні перад чым.

Можна трывожыцца за тое, што беларусы найбліжэйшым часам нічога не даб'юцца і застануцца пад гэтым ярмом далей, але адмаўляць ім, прынамсі ўзору гэтага года, у смеласці, рашучасці, адчайнасці ды прысутнасці пачуцця годнасці — проста крайне несправядліва.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?