Іван — прадпрымальнік, яму 45 гадоў. Пастаянны ўдзельнік нядзельных маршаў у сталіцы. 11 кастрычніка ён быў затрыманы і адбыў 15-суткавае пакаранне. А 8 лістапада зноў выйшаў на праспект Пераможцаў і трапіў на суткі. У Жодзіне ён сутыкнуўся з прызёрам Алімпіяды ў дзесяцібор’і Андрэем Краўчанкам. Пра жодзінскі быт і норавы Іван расказаў «Нашай Ніве».

Андрэй Краўчанка. Фота Global Look Press

Андрэй Краўчанка. Фота Global Look Press

«Затрымалі нас каля 12:30 недалёка ад гасцініцы «Юбілейная» 8 лістапада. Мы ішлі з таварышамі і хацелі ўліцца ў вялікую масу людзей, каб паказаць сваё стаўленне да ўсяго, што адбываецца. У нейкі момант на праспекце сталі з’яўляцца мікрааўтобусы з АМАПам.

Людзей было шмат, але гэта яшчэ не было шэсцем. Амапаўцы выйшлі ў чорным адзенні, моладзь стала ўцякаць. Мы, людзі больш сталага пакалення, такія дзеянні не прымаем і не прымяняем. Ішлі як ішлі.

Амапаўцы ішлі ланцужкамі ў тры-пяць чалавек. Яны падыходзілі і прапаноўвалі прайсці да высвятлення асобы. Спачатку я прайшоў міма трох амапаўцаў, потым яшчэ міма двух, яны не звярнулі на мяне ўвагі. На трэцім такім ланцужку я сутыкнуўся вачыма з амапаўцам і зразумеў, што затрымліваюць. Ніякага высвятлення асобы не было, адразу змясцілі ў аўтазак. Пералічылі, колькі нас чалавек, і адвезлі ў Першамайскае РУУС.

Там нас размясцілі ў спартыўный зале, нас там было, мабыць, чалавек 60. Невялікае апытанне, фота- і відэафіксацыя. Сядзелі, чакалі выклікаў для складання пратаколаў. Мне выставілі абвінавачанне, што ішоў у калоне, выкрыкваў лозунгі, выказваў нязгоду з вынікамі выбараў. Натуральна, ніякіх лозунгаў на той момант не было зусім, ніякай сімволікі, ніякага арганізаванага руху на той момант не было.

Пасля гэтага пэўную колькасць людзей размясцілі ў клетках у РУУС. І ўжо з гэтага прыёмніка нас у аўтазаках павезлі ў Жодзіна. У аднаго хлопца быў псарыяз, і ў яго часаліся рукі, то яму ў грубай форме рабілі заўвагі, але не білі.

У Жодзіна мы прыехалі прыкладна а 9-й вечара. Нейкі час пачакалі ў чарзе для заезду, але не дужа доўга, можа, хвілін 30. Ноч мы правялі ў камеры на чатыры чалавекі, але нас было дзевяць чалавек. Ні матрацаў, ні бялізны — нічога. Самае важнае, што прыём быў вельмі жорсткі. Наш быў яшчэ адносна нармальны, а потым пачалося зусім іншае.

Нас хіба што толькі паставілі да раздзяляльнай агароджы, мы паднялі ўверх рукі і вывернулі да сябе далоні, так стаялі хвілін дваццаць. Гэта яшчэ дастаткова мякка. Потым нас распранулі і прымушалі прысядаць. І калі мінулы раз такія прысяданні сапраўды былі для таго, каб знайсці, што схаваў, то цяпер гэта рабілася, каб прынізіць. Я асабіста прысядаў разоў пяць, хутчэй і хутчэй. Я чуў, як у суседнім кабінеце прысядаў дастаткова тоўсты мужчына, яму было цяжка гэта рабіць, і чуліся здзекі з яго.

Нас запіхалі потым у камеры, дзе і сталі апранацца, да гэтага стаялі ў адных трусах. Як я ўжо казаў, нас было дзевяць чалавек на чацвёра нараў. Ложкі — гэта металічныя канструкцыі, звараныя з вугалка. Хто паспеў на другі паверх, той ужо там і спаў. Я асабіста падсцяліў куртку на бетон, на падлозе, але было дастаткова холадна ўсё адно. Хлопцы клапаціліся пра мяне, кажуць, садзіся пад батарэю, пагрэй спіну. Пад раніцу ўжо лёг вальтом на адзін з ложкаў. Спаў з мулатам Аляксандрам, чалавек без імя па бацьку, прывітанне яму. Так і прайшла наша ноч, ніякага харчавання, нічога.

Нас размясцілі ў камерах у раёне дзясятай вечара, і гэта было яшчэ нармальна. Што потым пачалося адбывацца на калідоры — мы чулі гэта праз дзверы — гэты быў сапраўдны жах. Мы разумелі, што ідзе сапраўдная жорсткасць. Здаецца, была дадзеная канкрэтная каманда. Ні ў мяне раней, ні ў маіх знаёмых нічога падобнага раней не было. Гэта працягвалася ўсю ноч. Былі чутныя крыкі: «90 градусаў, каму я кажу». То-бок людзі згіналіся і трымалі далоні вывернутымі, ім білі па нагах, каб яны трымалі ногі шырока. Гэта я чуў на свае вушы.

Час ад часу, калі не было новай партыі, да нас зазіралі супрацоўнікі. Адзін з іх сказаў быў фразу: «Беларускія міліцыянеры ж не фашысты». Гэта выклікала ў нас гучны смех. Ён рэзка крыкам адрэагаваў.

Ранкам у нашу камеру завялі яшчэ не меней за дваццаць чалавек. Хлопцы прыйшлі проста мокрыя, спатнелыя, чырвоныя твары. Было бачна, што яны моцна стаміліся.

Яны сталі расказваць, што ж з імі адбылося. Там доўгія падвальныя калідоры, калі вас прывозяць, то трэба па іх ісці. У нас быў хіба што знакаміты ахоўнік «баба Клава», яго завуць Дзмітрый насамрэч. Ён малады, вельмі рвецца ў АМАП, у яго асаблівая жорсткасць. Мы бачылі, як ён б’е чалавека нагой, некаторым, у тым ліку і мне, трапіла дубінкай па назе, каб ішлі хутчэй, не затрымліваліся.

Заехалі хлопцы, расказваюць, як сустракалі іх. Першы калідор да нашага размяшчэння яны праходзілі… Не, мабыць, усё ж прапаўзалі — «гуськом». У кагосьці штосьці не атрымлівалася, яны спынялі шэраг і аддавалі каманду прысядаць.

Там не бывае такога, што «я вялікі, моцны і смелы, таму нічога такога рабіць не буду». Там іншая атмасфера. Каб не збівалі суседзяў, якія слабейшыя, людзі робяць усё, што загадваюць. Папрысядалі, потым зноў садзяцца і ідуць «гуськом» далей.

Сярод тых, каго падсялілі ў нашу камеру, быў і алімпійскі прызёр Андрэй Краўчанка. Андрэй расказаў, што за час, пакуль іх афармлялі, ён зрабіў 400 прысяданняў. Гэта было не на спрэчку, не для пэўнага выніку. Гэта яго прымусілі так зрабіць.

Андрэй кажа, што побач з ім яўна стаялі не спартсмены, і ён сам прысядаючы, яшчэ і іх падымаў. Натуральна, ён і сам стаміўся, але і дапамагаў іншым. Быў з ім і кікбаксёр Іван Ганін. Яны адразу знялі швэдры, майкі, сушылі на батарэях. Але мяне хутка ў той жа дзень запрасілі на суд, а яны засталіся. Больш з імі не сустракаліся. Мне далі 5 сутак, я, шчыра кажучы, не чакаў. У апошні дзень мяне чамусьці з Жодзіна перавялі ў Мінск, і даседжваў суткі я ў ізалятары на Скарыны. Нават не ведаў раней, што там ёсць турма.

Краўчанка і Ганін расказвалі, што іх дасталі з машыны на вуліцы Мельнікайце. Здаецца, з імі быў нехта яшчэ трэці. Андрэй казаў, што інспектар у РУУС пазнаў яго. Ён хадзіў па пастарунку і расказваў, што Краўчанка — гэта яго кумір, за вынікамі якога ён даўно сачыў. Але нічым дапамагчы не мог».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?